Як спонсар павялічыў набор у ДШМ

№ 43 (1065) 27.10.2012 - 03.11.2012 г

Паляцець у Стамбул? Ды калі ласка!, або Рэальныя вынікі праектнай дзейнасці Асіповіччыны

Культура і інвестар: грані сацыяльнага партнёрства

Як прывабіць сваімі праектамі спонсараў? Вырашэнне названай задачы, мяркуючы па шматлікіх выездах у рэгіёны краіны, выклікае вялікія пытанні ці не ў кожным аддзеле культуры. І справа тут не толькі ў слабой матэрыяльна-тэхнічнай базе або нездавальняючай кадравай сітуацыі. Аб’ектыўная прычына таго, што ў тым або іншым раёне Беларусі слаба наладжана сацыяльнае партнёрства, бывае і досыць празаічная: тут можа быць не так шмат буйных прадпрыемстваў — як дзяржаўнай, так і прыватнай формаў уласнасці, — таму і ўстанаўліваць узаемакарысныя сувязі фактычна не заўжды ёсць з кім… А малы бізнес, на жаль, пакуль не надта ахвотна ідзе на кантакт з аддзеламі культуры. Ёсць, натуральна, прыклады і адваротныя, але ж іх не так многа, як хацелася б.

У Асіповіцкім раёне Магілёўскай вобласці мясцовыя культработнікі і базу маюць неблагую, і кадравы складнік у аддзеле культуры — на вышыні. Што да буйных прадпрыемстваў, дык іх у раёне — больш чым дастаткова. І самае галоўнае: кожнае з іх дапамагае тым або іншым чынам развівацца сацыяльнай сферы Асіповіччыны. У тым ліку, натуральна, і культуры.

А ўсё таму, што ў аддзеле культуры Асіповіцкага райвыканкама ўжо даўно ўсвядомілі важнасць ды неабходнасць працы са спонсарамі. І вядомая прыказка “Хто дбае, той і мае” для мясцовых культработнікаў — інструкцыя да дзеяння. Таму апошнім часам тут завязалі шчыльныя кантакты з многімі кіраўнікамі раённых прадпрыемстваў і арганізацый як дзяржаўнай, так і прыватнай формаў уласнасці.

Прынцып талакі

Аддача ад падобных кантактаў — навідавоку. Напрыклад, ААТ “Кроўля”, дырэктарам якога з’яўляецца Мікалай Калтуноў, спрыяе культработнікам у правядзенні шматлікіх мерапрыемстваў, набываючы прызы ды каштоўныя падарункі для ўдзельнікаў і фіналістаў раённых конкурсаў. А калі паўстала пытанне фінансавання паездкі калектыву Асіповіцкай ДШМ № 1 на Міжнародны фальклорны дзіцячы фестываль у сталіцу Турцыі, дык прадпрыемства выдаткавала значную суму грошай на авіябілеты для пералёту ў Стамбул.

/i/content/pi/cult/397/8016/1-1.jpeg

Прычым асіповіцкім падлеткам дапамаглі грашыма і іншыя раённыя дзяржаўныя і прыватныя прадпрыемствы: “Асіповічыгазбуд”, “СіціГолд Груп”, “Тандэм”… І сумесная спонсарская праца ўсёй, так бы мовіць, прадпрымальніцкай “талакой” не засталася безвыніковай: у сталіцу Турцыі паляцелі 20 чалавек!

Дадам, што выступленні ўзорнага харэаграфічнага ансамбля “Крынічка” з далёкай Беларусі небеспадстаўна выклікалі вялікую цікавасць у жыхароў турэцкай сталіцы. А ў саміх Асіповічах пасля гэтага адзначылі прыток ахвотных займацца ў дзіцячых школах мастацтва райцэнтра. Гэтую тэндэнцыю заўважылі ў аддзеле культуры мясцовага райвыканкама па завяршэнні сёлетняй прыёмнай кампаніі. Зразумела, найбольш ахвотных аказалася запісацца на заняткі харэаграфіяй… Вось такім, даволі простым, чынам мясцовыя культработнікі не толькі вырашаюць матэрыяльныя пытанні, але і ўплываюць на развіццё духоўнага жыцця Асіповіччыны.

“Праектаўтваральная” база

Названая агульнараённая спонсарская ўвага ды падтрымка сацыяльнай сферы адсочваецца і ў іншых праектах. Па словах начальніка аддзела культуры Асіповіцкага райвыканкама Ірыны Раманчук, пры правядзенні ўсіх агульнараённых мерапрыемстваў абавязкова прыцягваюцца значныя грашовыя сродкі спонсараў. Да прыкладу, прыватнік дапамог з арганізацыяй феерверку на Дзень горада, а амаль усе прадпрыемствы горада праспансіравалі выданне кнігі “Асіповічы: гісторыя і сучаснасць”, якая выйшла днямі ў адным з мінскіх выдавецтваў. А, скажам, Асіповіцкі лясгас ды ягоны кіраўнік Мікалай Раўбель дапамагаюць культработнікам з афармленнем падворкаў на разнастайных рэспубліканскіх, абласных і раённых святах…

Галоўная база, дзе шліфуюцца творчыя праекты мясцовых крэатыўшчыкаў, — гэта, натуральна, сцэнічныя пляцоўкі асноўных устаноў культуры горада. Так, даволі шмат акцый рэалізавана ў Асіповіцкім РЦК пры самым непасрэдным удзеле інвестараў і мецэнатаў. І гэта не толькі звыклыя вечары-карпаратывы ці арганізацыя прафесійных святаў. Шмат спонсарскай дапамогі атрымалі культработнікі, напрыклад, пры правядзенні праектаў “Міс Асіповічы” ды “Містэр Асіповічы”. Арганізацыю іх узялі на сябе супрацоўнікі РЦК. А вось прызавы складнік быў аддадзены, так бы мовіць, на водкуп спонсарам.

Але ўдзел прыватнікаў не абмяжоўваўся адно толькі ўзнагародамі. Так, касцюмы для канкурсантаў бясплатна прадаставілі ў мясцовым салоне вячэрніх сукенак. Зразумела, такі крок не застаўся без увагі культработнікаў: дырэктар салона Наталля Марчанка была запрошана ў журы конкурсу.

А летась падтрымку названаму мерапрыемству аказаў таксама і вясельны салон “Вянец” ажно з Заслаўя, які прадаставіў удзельніцам прыгожыя строі для дэфіле. Да таго ж, вядомае мінскае прадпрыемства “Белімпартфутра” ў якасці рэкламы сваёй прадукцыі дало магчымасць кожнай з удзельніц прайсціся па подыуме ў футрах — узорах сваёй прадукцыі.

Падтрымка не спыняецца і цяпер. Напрыклад, праз некаторы час знакаміты ў краіне вытворца чыпсаў выступіць спонсарам пры правядзенні мерапрыемства, прымеркаванага да Дня інвалідаў...

Свае цікавыя акцыі, якія маюць пастаянную падтрымку спонсараў, ладзяцца і ў Маладзёжна-падлеткавым цэнтры “Равеснік”. Гэта фэст альтэрнатыўнай музыкі “Анты-поп”, рэгіянальны фестываль па брэйк-дансе ды многія іншыя праекты. Да таго ж, дзякуючы мясцовым прадпрымальнікам, тут маюць магчымасць набываць касцюмы для эстраднага калектыву “Крышталь” ды выязджаць на гастролі ва Украіну. А ўсё таму, што кіраўнік “Крышталя” Аксана Мысюціна можа не толькі зацікавіць сваімі праектамі спонсара, але і якасна запісвае ды агучвае здымкі тых мерапрыемстваў, якія ладзяцца на базе “Равесніка”. Таму кожны кіраўнік гарадскога прадпрыемства разумее: сябраваць з Аксанай Валянцінаўнай — вельмі карысна. Асабліва калі ўлічыць, што іншых прафесіяналаў гуказапісу на Асіповіччыне папросту няма…

/i/content/pi/cult/397/8016/1-3.jpeg

Інакш кажучы, у Асіповічах паспяхова ўкараняюць у сваю паўсядзённую клубную дзейнасць прынцыпы дзяржаўна-прыватнага супрацоўніцтва. Што і казаць, у гэтым мясцовыя супрацоўнікі могуць даць сто працэнтаў перавагі іншым сваім калегам з некаторых рэгіянальных аддзелаў культуры Беларусі. Прычым названая станоўчая сітуацыя склалася не толькі таму, што ў Асіповічах маецца значная колькасць прамысловых прадпрыемстваў, а і таму, што культработнікі ўдала сумяшчаюць у сваёй дзейнасці прынцыпы маркетынгу і мерчандайзінгу: не толькі ствараюць удалыя праекты, а і паспяхова зацікаўліваюць імі патэнцыйных спонсараў. Вынікі, на мой погляд, — даволі неблагія.

Са спонсарам — да кірмашу

Але падобныя прыклады паспяховага дзяржаўна-прыватнага супрацоўніцтва маюцца не толькі ў райцэнтры, а і ў сельскай мясцовасці, да прыкладу, у аграгарадку “Вязаўніца”. Дырэкцыі мясцовага клуба дапамагае спецыялізаванае сельскагападарчае прадпрыемства: філіял “Белшына-агра” ААТ “Белшына”, якое сталася спонсарам “Свіслацкага кірмашу”, зладжанага мясцовымі культработнікамі ў паселішчы днямі, а таксама выдаткоўвае падарункі на разнастайныя гульнёвыя праграмы, што ладзяцца клубнікамі. А яшчэ прадпрыемства пастаянна выкупляе білеты на канцэрты СДК і ніколі не адмаўляе супрацоўнікам клуба ў транспартных паслугах.

Але не варта думаць, што гэтая спонсарская дапамога не мае аддачы. Культработнікі, натуральна, заўсёды запрашаюць супрацоўнікаў “Белшына-агра” на свае мерапрыемствы, выязджаюць з канцэртамі ў поле… І фактар з немалаважных: многія супрацоўнікі прадпрыемства з’яўляюцца ўдзельнікамі народнага хору “Чыстыя крыніцы”, які дзейнічае пры СДК...

Ва ўдалай працы з мясцовым спонсарам — немалая заслуга дырэктара Вязаўніцкага СДК Валянціны Ліхадзіеўскай. Яна, дарэчы, узначальвае ўстанову цягам вось ужо 25 гадоў. Сама ж Валянціна Андрэеўна працуе ў сферы культуры ні многа ні мала — ужо 48 гадоў! Менавіта дзякуючы яе актыўнай пазіцыі культработнікі заўсёды маюць падтрымку ў кіраўніка прадпрыемства ды радуюць жыхароў паселішча яркімі мерапрыемствамі. І гэта не толькі традыцыйныя святы вёсак або тэматычныя дыскатэкі, але і, да прыкладу, правядзенне Масленкі, на якое таксама было атрымана шмат спонсарскіх грошай…

Зусім нялішнім будзе сказаць пра тое, што вопыт Валяніціны Ліхадзіеўскай з’яўляецца адной з галоўных прычын актыўнага прыцягнення спонсарскіх сродкаў.

Камп’ютар — у кожнага супрацоўніка

Сяло, як ужо казаў, не адстае ад горада ў прыцягненні спонсарскіх сродкаў. І ў першую чаргу — за кошт тых цікавых праектаў, якія ладзяць тут мясцовыя культработнікі. Напрыклад, у аграгарадку “Вяззе” адносіны са спонсарамі здаўна былі трывалымі ды выніковымі. Прычына — досыць банальная: “жывая” капейка, як прызнаўся дырэктар Вяззеўскага СДК Мікалай Забаўскі, нікому не шкодзіць. Нават кіраўніцтву таго клуба, які не мае асаблівых праблем з матэрыяльна-тэхнічнай базай сваёй установы. Таму Мікалай Забаўскі прыярытэты ў сваёй дзейнасці вызначыў даўно. І выезды з узорнай эстраднай студыяй “Хваля” ці то ў санаторый “Свіслач”, ці то ў суседні дзіцячы аздараўленчы летнік з канцэртамі яшчэ колькі гадоў таму сталіся тут завядзёнкай.

На заробленыя грошы культработнікі закупілі камп’ютары для кожнага супрацоўніка СДК — ажно чатыры адзінкі, — набылі найноўшую гукаўзмацняльную і гуказапісваючую апаратуру ды многае іншае. Таму і пачувае сябе дырэктар самадастаткова ды ўпэўнена, бо ведае, што заўсёды можа зарабіць грошы для ўсіх надзённых патрэб свайго калектыву. Натуральна, не адмаўляючыся ад спонсарскай дапамогі мясцовай гаспадаркі, якая то з транспартам падтрымае, то выдаткуе грошы на прызавы фонд для правядзення святочнага мерапрыемства, а то і проста накіруе рабочых, каб добраўпарадкаваць прылеглую да СДК тэрыторыю…

Што да творчых праектаў, дык іх ва ўстанове багата. Найбольш цікавы, на мой погляд, — правядзенне аўтэнтычных вясельных абрадаў, якія, да слова, карыстаюцца попытам не толькі ў паселішчы. Галоўную ролю тут адыгрываюць артысты аўтэнтычнага народнага ансамбля беларускай песні “Вязанка”, створанага пры СДК. Дзеля названай “дзеі” ў Вяззе завітваюць закаханыя пары і з Асіповіч, балазе паселішча знаходзіцца не так далёка ад райцэнтра.

/i/content/pi/cult/397/8016/1-4.jpeg

Зразумела, падобнымі акцыямі ў сельскіх дамах культуры цяпер нікога не здзівіш, тым не менш, яны ўсё адно папулярныя. Але ж мясцовым культработнікам варта, на мой погляд, паспрабаваць ажыццявіць і яшчэ які-небудзь цікавы праект, напрыклад, звязаны з прыродным асяроддзем, улічваючы, так бы мовіць, “геапалітычнае” становішча СДК, які знаходзіцца на беразе Свіслацкага вадасховішча. Чаму б, напрыклад, не зладзіць тут раённы конкурс рыбаловаў ці рыбны фестываль, арганізаваць катанне на лодках або начное фаер-шоу на вадзе? Упэўнены, гэта прынесла б яшчэ больш грашовых дывідэндаў клубнікам з Вяззя...

Але, па праўдзе кажучы, праблем з выкананнем плана платных паслуг мясцовыя культработнікі даўно не маюць і зараз распрацоўваюць ужо іншыя праекты, здольныя зацікавіць патэнцыйных спонсараў. Таму зусім не здзівіўся той інфармацыі, што Вяззеўскі СДК сёлета вылучаны на ўдзел у Рэспубліканскім конкурсе “Клуб года-2012”. На фоне іншых устаноў Беларусі клуб з Асіповіччыны будзе глядзецца ўпэўнена, а ягоная праектная дзейнасць вартая таго, каб быць узятай на ўзбраенне калегамі з іншых рэгіёнаў нашай краіны...

Супрацоўнікі сельскіх устаноў культуры раёна могуць, без перабольшання, няблага шчыраваць на спонсарскай дзялянцы. І хаця магчымасцей у іх для гэтага значна менш, чым у культработнікаў з райцэнтра, усё-такі яны здольныя зацікаўліваць патэнцыйнага мецэната правядзеннем незвычайнага сельскага мерапрыемства. Напрыклад, кулінарным фестывалем, тым жа святам рыбалова або арганізацыяй культурна-турыстычных маршрутаў вакол вёскі... Ідэй для рэалізацыі можа быць безліч. Галоўнае ж тут, на мой погляд, не замыкацца ў традыцыйных формах, а — шукаць новае, тварыць і пераасэнсоўваць усё, што стваралася да гэтага. І поспех не прымусіць сябе чакаць...

Шведская калекцыя

Напрыканцы не магу не распавесці пра тыя змены ў культурным жыцці Асіповіч, якія адбыліся тут літаральна колькі месяцаў таму. Справа ў тым, што летам адкрыў свае дзверы для наведвальнікаў новы будынак раённага Гісторыка-краязнаўчага музея. Раней установа месцілася даволі далёка ад цэнтра горада, што, па словах яе дырэктара Ніны Курыльчык, не надта спрыяла працы: завітвала не так шмат турыстаў і турыстычных груп. Цяпер, пасля пераезду ў новы будынак, установа будзе, натуральна, больш запатрабавана як у жыхароў Асіповіч, так і ў гасцей райцэнтра: балазе ад вакзала да музея — некалькі крокаў.

Сёння тут поўным ходам ідзе мантаж новай экспазіцыі. Для гэтага з бюджэту раёна выдаткаваны прыкладна 1 мільярд рублёў. Прычым ужо цяпер мясцовыя музейшчыкі маюць чым ганарыцца: аддзел культуры закупіў відэаапаратуру, якая, прыкладам, дазваляе Ніне Курэйчык не сыходзячы з працоўнага месца назіраць за ўсім, што робіцца ў сямі музейных залах ды перад уваходам у музей.

Але ў развіцці сваёй установы музейшчыкі спадзяюцца не толькі на раённыя грошы. Маюцца тут і прыклады паспяховага супрацоўніцтва са спонсарамі ды мецэнатамі. Пра адзін з іх распавяду асобна. Літаральна з дня на дзень у Асіповічах чакаюць грузавы аўтамабіль з калекцыяй, якая ўключае больш за 300 старадаўніх прадметаў... Гэта побытавыя рэчы XIX — пачатку XX стагоддзя: мэбля, посуд, дываны, карціны ды многае іншае. Перадаў іх установе шведскі грамадзянін, праўнук Іосіфа Дараганава — былога ўладальніка сядзібы ў вёсцы Крынка Асіповіцкага раёна.

Даволі часта музейная калекцыя папаўняецца каштоўнымі прадметамі з Брэсцкай ды Гомельскай мытняў: ва ўстанове ўжо сабрана такім чынам вялікая калекцыя беларускіх і рускіх ікон XIX стагоддзя, а таксама нумізматычны збор… Так што і музейныя супрацоўнікі не забываюць пра наладжаную працу з усімі патэнцыйнымі спонсарамі. Тое, што дадзеная практыка сябе цалкам апраўдвае, пераконваць нікога ў Асіповічах, як бачна, даўно ўжо не трэба. А пра выгоды развіцця падобнай дзейнасці для сферы раённай культуры і казаць не варта…

Установам культуры Асіповіч, як бачна, вельмі дапамагае тое, што ў райцэнтры сканцэнтравана досыць вялікая колькасць буйных прадпрыемстваў. Але ж дайсці да кожнага кіраўніка і зацікавіць сваёй праектнай дзейнасцю таксама трэба ўмець. Асіповіцкія культработнікі даказалі сваёй дзейнасцю, што асабістыя кантакты дапамагаюць вырашаць любыя праблемы, у тым ліку — і фінансавыя.

Але ж не варта, на мой погляд, і спачываць на лаўрах. Наладжаныя кантакты пастаянна трэба падтрымліваць, ствараючы разнастайныя праекты, здольныя зацікавіць спонсараў. І лепш за ўсё, каб мерапрыемствы асіповіцкіх культработнікаў “гучалі” не толькі на раённым, а і на абласным ці рэспубліканскім узроўнях. Балазе база для гэтага маецца як матэрыяльная, так і творчая. І, натуральна, пры такой умове здабыткі ад дзяржаўна-прыватнага партнёрства маглі б быць яшчэ большымі, чым маюцца цяпер.

Галерэя спонсараў ад “К”

Прыярытэты самадастатковага бізнесмена

Вялікая спонсарская падтрымка ўсіх пачынанняў мясцовых культработнікаў зыходзіць, як ужо казаў, ад многіх прадпрыемстваў. Адно з іх — ПГУП “Панатрэйд”, якое ўзначальвае Наталля ПАХОМЕНКА. Прадпрыемства складаецца з цэлай сеткі прадуктовых крам, што карыстаюцца вялікім попытам у жыхароў Асіповіч. А працуюць у арганізацыі некалькі соцень чалавек. Таму і ўвага да развіцця мясцовай сферы культуры — невыпадковая.

/i/content/pi/cult/397/8016/1-2.jpeg

— Наша падтрымка сацыяльнай сферы вынікае з самой нашай дзейнасці, — кажа Наталля Мікалаеўна. — І я ўпэўнена, што кожны самадастатковы бізнесмен, няхай сабе і рэгіянальнага ўзроўню, павінен клапаціцца ды выдаткоўваць пэўныя фінансавыя сродкі на развіццё тых або іншых праектаў у сферы культуры, адукацыі, здароўя, спорту ці турызму... І адбывацца гэта павінна без прымусу. Мы, напрыклад, так робім пастаянна і не бачым у гэтым ніякага подзвігу ці выключнасці…

— Ведаю, значныя сродкі былі выдаткаваны для арганізацыі і правядзення ў Асіповічах Дня горада, а таксама вы падтрымліваеце многія праекты культработнікаў, напрыклад, у тым жа РЦК. Што, на вашу думку, перашкаджае развіццю сацыяльнага партнёрства ў раёне?

— Цягам апошніх гадоў, як мне падаецца, нашыя мясцовыя бізнесмены асэнсавалі тое, што ад наладжанага дзяржаўна-прыватнага супрацоўніцтва выйграюць усе. Таму цяпер вялікіх перашкод у тым, каб дапамагчы таму ці іншаму сацыяльнаму праекту, я, па вялікім рахунку, не бачу. Больш за тое: мясцовыя бізнесмены пастаянна падтрымліваюць акцыі мясцовых культработнікаў. Скажу і пра нашы планы: мы цяпер завяршаем працу над праектам, вынікі рэалізацыі якога не пакінуць абыякавымі жыхароў Асіповіччыны. І аддзел культуры райвыканкама таксама абавязкова будзе задзейнічаны.

— Маеце на ўвазе адкрыццё ў горадзе дзіцячага кафэ?

— Так. Справа ў тым, што адсутнасць дзіцячага кафэ ў горадзе — праблема для Асіповіч. Таму мы паспрабуем вырашыць дадзенае пытанне сваімі сіламі. Натуральна, пасля ўвядзення ў строй дзіцячага кафэ мы будзем прыцягваць да ўдзелу ў забаўляльных праграмах названай установы і культработнікаў…

наш спецыяльны карэспандэнт

Мінск — Асіповіцкі раён — Мінск

Фота аўтара

Аўтар: Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"