Балет у рапідзе

№ 43 (1065) 27.10.2012 - 03.11.2012 г

Свой “Лістапад”: танцавальная класіка з ХVІІІ стагоддзя

29 кастрычніка, быццам папярэджваючы Мінскі міжнародны кінафестываль “Лістапад”, у кінатэатры “Цэнтральны” будзе прэзентавана новая, амаль гадзінная, стужка “Беларускі балет: гісторыя”. Яе стварылі на “Беларускім відэацэнтры”.

Старонкі нашага музычна-танцавальнага мінулага — далёкага і блізкага — нарэшце, ажылі. Аўтары пачынаюць аповед з сярэдзіны ХVIII стагоддзя, калі сярод айчынных магнатаў шырока распаўсюдзіліся прыватныя оперныя тэатры. А колькі сцэн з сучасных спектакляў можна ўбачыць! “Карцінка” на экране — папраўдзе гожая: у адноўленым Нясвіжскім палацы артысты ўвасабляюць Радзівілаў з іх тэатральнымі забавамі. Выкарыстаны і элементы анімацыі, камп'ютарнай графікі. Дый тэкст “за кадрам”, якім суправаджаецца дзея, поўны цікавых звестак і справядлівых гістарычных акцэнтаў (прыкладам, сумленна акрэслены ўнёсак, што зрабіла беларускае балетнае мастацтва ў развіццё польскага і расійскага балета канца ХVIII стагоддзя).

/i/content/pi/cult/397/8015/3-1.jpeg

Мінулая ж сотня гадоў, аддаленая ад нас куды менш, паўстае праз афішы, фота са спектакляў, дакументальныя відэаздымкі, шматлікія кадры тагачасных “навін культуры”. Яшчэ больш поўна ды красамоўна пададзена апошняя трэць ХХ стагоддзя, звязаная з магутнай постаццю народнага артыста СССР і Беларусі Валянціна Елізар’ева і яго шматлікімі пастаноўкамі. Фільм варты ўхвалы ўжо за адно тое, што справядліва аддае даніну павагі гэтаму найталенавітаму харэографу, праца якога ў тэатры сталася асобнай эпохай канцэпцыйна-філасофскіх балетаў.

Перажыўшы эйфарыю ад самой наяўнасці стужкі, выдадзенай на кампакт-дыску, ацаніўшы шырокія магчымасці яе выкарыстання (ад шыкоўнага падарунка да вучэбна-метадычнага дапаможніка), пачынаеш заўважаць дэталі, якія ўсё ж не дазваляюць прылічыць свежаспечаны “кампактны” блінец да шэдэўраў сусветнага мастацтва. Фільм перагружаны тэкстам, і голас Алега Лукашэвіча, вядучага і аднаго з аўтараў сцэнарыя (ён сам у кадры так і не з’явіцца) пачынае асацыіравацца з… чытаннем газет (у дадзеным выпадку, даведніка) у радыёэфіры, як гэта было напрыканцы 1920-х.

/i/content/pi/cult/397/8015/3-2.jpeg

Паводле законаў мантажу, любое сутыкненне кадраў (а тым больш — “стыкі” слоў і рухаў) надаюць убачанаму новы сэнс. Фрагмент цяперашняга “Шчаўкунка” з павольным “палётам” пад каласнікамі, узнікшы ў час аповеду пра ХVІІІ стагоддзе, успрымаецца папраўдзе вельмі дарэчы: тагачасная эстэтыка была схільная да падобных тэатральных эфектаў, і рэжысёр Руслан Макараў убачыў яе сучасны працяг. Такім жа дакладным трапляннем уяўляецца “пераможны салют” фантана пасля слоў пра неабмежаваныя тэхнічныя магчымасці нашага Вялікага тэатра. Ды ўсё ж стасункі паміж відовішчам, словам і музыкай у новым фільме часам нагадваюць байку пра Лебедзя, Рака ды Шчупака.

Размова пра нацыянальны танцавальны фальклор, стварэнне балетнай студыі, пастаноўку “Чырвонага мака” М.Гліэра — усё “пакладзена” на мелодыі з “Кармэн” Ж.Бізэ, якія становяцца чымсьці накшталт “лейтматыву” стужкі. Ледзь не пастаянна згадваецца і “Лебядзінае возера” П.Чайкоўскага. Але да ўзроўню ніткі Арыядны, што вывядзе з гістарычнага лабірынта, гэты прыём не дацягвае. А між тым, народная артыстка Беларусі Вольга Гайко, дзякуючы паўторам у рапідзе, удала выведзена на абагульнена-сімвалічную ролю Тэрпсіхоры. Дый гаворыць яна добра! Як і іншыя салісты балета. А чаму б не выкарыстаць думкі не толькі практыкаў тэатра, а яшчэ і даследчыкаў? Можа, тады ўвесь аповед набыў бы рысы не “летапісу пункцірам”, а… дэтэктыву, закручанага ў праславутыя “32 фуэтэ”?

Так што выйсце ёсць. Яно — у працягу. І гэтага фільма, і далейшых балетных пастановак (пакуль жа “адлюстраваннем” мадэрна, пра які распавядае Дзяніс Клімук, становіцца… неакласічна-драматычная “Анюта”). І, шырэй, самой гісторыі нашага балетнага мастацтва, у якой усё яшчэ недаравальна многа белых плям падманна-чорных лебедзяў.

Праўда, тады заканамерна паўстае пытанне: а што ж опера? Гэтым тыднем Нацыянальны акадэмічны Вялікі тэатр оперы і балета Беларусі распачаў у Камернай зале імя Л.Александроўскай цыкл вечароў “Гісторыя оперы”. Аўтарам і вядучым праекта выступіў саліст тэатра і кіраўнік “Беларускай капэлы” Віктар Скорабагатаў — нястомны рупліўца нацыянальнай спадчыны. А ў “Белвідэацэнтра” ёсць планы, што і опера з часам дойдзе да кіно. Ці кіно — да оперы?..

Н.Б.