“Ладдзя…” без роспачы

№ 43 (1065) 27.10.2012 - 03.11.2012 г

Джокер з кіёчкам супраць “ружы-шыпшыны”

Нацыянальная прэм’ера, міжнародны фестываль — падзеі, ужо самі па сабе значныя ў культурным жыцці краіны. А калі гэтыя дзве з’явы з’яднаць, ды не засланіць адно адным, а разам вывесці ў святло грамадскіх пражэктараў? Менавіта так адбылося з “Ладдзёй Роспачы” паводле Уладзіміра Караткевіча, прэм’ера якой вянчала Міжнародны форум тэатральнага мастацтва “ТэАрт”.

Паставіць новую работу маладога беларускага рэжысёра ў якасці “замыкаючай” цэлую повязь нашумелых і ўжо сусветна прызнаных спектакляў — вядома, рызыка. Калі ж гэта не проста спектакль эксперыментальнай “маладзёжнай праграмы” форуму, а праект, фінансава падтрыманы Міністэрствам культуры Беларусі, — рызыка ўдвая. А яшчэ па канцэпцыйна складанай прозе У.Караткевіча — адназначна, утрая.

/i/content/pi/cult/397/8014/2-2.jpeg

Прызнацца, на прэм’еру я ішла ў стане сапраўднай роспачы: а што, як усё гэта замест гармоніі нацыянальнага з еўрапейскім толькі развядзе два складнікі “па розныя бакі барыкад”? Вось, маўляў, замежныя дасягненні — а вось, для параўнання, нашы спробы... Параўнання, хочам мы таго ці не, не пазбегнуць. Але сыходзіла я з прэм’еры — без роспачы, бо спектакль, адназначна, не павінен застацца “фестывальна-конкурснай работай”, пазбаўленай пастаяннай сцэнічнай пляцоўкі. Ён мог бы, без перабольшання, упрыгожыць рэпертуар Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы: не толькі дзякуючы беларускай тэме ды ўдзелу некаторых артыстаў-купалаўцаў, але і таму, як тая класіка прачытана і якія нечаканыя амплуа адкрыты ў выканаўцаў.

Відавочна, што аднаму з галоўных ініцыятараў пастаноўкі — аўтару інсцэніроўкі і рэжысёру Ігару Пятрову патрабавалася менавіта такая “некаралевістая”, зусім не ўладарна-валявая каралева Бона — простая ды мудрая жанчына, якая ўвесь свой боль трымае ў сабе (Тамара Міронава). Яе “паядынак” з Гервасіем Вылівахам вырашаны як раскручванне-закручванне клубка, на другім канцы якога — пятля. Гэты, здавалася б, просты і не ўпершыню выкарыстаны ў тэатры прыём абрастае разгалінаваным павуціннем асацыяцый: клубок лёсу, дзіцячая гульня ў “рызіначку”, нітка, што “нас звязала”, нават “колькі вяровачцы ні віцца” ці “пацягні за вяровачку — дзверы і адчыняцца” (у дадзеным выпадку — “дзверы” да сэрца і душы).

/i/content/pi/cult/397/8014/2-1.jpeg

У ролі Гервасія, нарэшце, “знайшоў сябе” былы купалавец, а цяпер артыст Маладзёжнага тэатра Андрэй Гладкі. У ім адчуваецца не толькі знешні імпэт, але і, галоўнае, вялікая ўнутраная моц. Абранніцай героя Бярозкай стала актрыса Купалаўскага Юліяна Міхневіч. Таксама цудоўная рэжысёрская інтуіцыя! Артыстка і не “іграе” наўмысна нічога, у яе ўжо на самім твары быццам “напісана”: верная жонка і, амаль паводле А.Пушкіна, “дабрадзейная маці”.

Успрымаецца спектакль і сапраўдным бенефісам знанага купалаўца Аляксандра Падабеда. Пры ўсёй безлічы сыграных ім роляў, гэтая — лепшая. І нават не “гэтая”, а “гэтыя”, бо Смерць увесь час паўстае ў розных абліччах. Спачатку — старэнькі дзядок з кіёчкам, быццам прызначаны для “Сымона-музыкі” ці якой-небудзь дзіцячай казачкі. Потым — капрызлівая дама бальзакаўскага ўзросту. Блазан у атачэнні “скамарохаў”-памагатых, чымсьці блізкі Кашчэю Бессмяротнаму. Эстрадная “зорка”, што дарвалася да мікрафона. Быццам бы “прыстойны” мужчына ў строгім фраку. А ўсё разам — Джокер, які сышоў з картаў і, адначасова, фільмаў жахаў.

Такой жа шматаблічнай выглядае сцэнаграфія (мастак — Вольга Мацкевіч). Так званы чорны кабінет дапоўнены-“ўдасканалены” формай трапецыі і шэрымі “разрэзамі” куліс па баках, дзе часам дэманструецца відэа: і беларускія краявіды, і, у час шахматнай гульні, — графічныя “заломы”, што нібыта адлюстроўваюць зігзагі думак. У гэтай сістэме каардынат рэальнасцю “залюстэрачча” становяцца вялізныя квадраты, якімі гуляюцца артысты пантамімы (студэнты Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў): з аднаго боку — люстэркавыя, з другога — чорна-белыя, ствараючы ў спалучэнні фрагменты шахматнай дошкі.

Дый у самім спектаклі быццам спалучаны два. Адзін — казачна-гістарычны, з адценнем рамантызаванай побытавасці. Другі — уласна філасофскі, з ухілам у міфалогію ды сімвалізм. Іх удала яднае кветка-шыпшына: і як вобраз роднай Беларусі, “падгледжаны” ў Караткевіча, і як музычна-песенны лейтматыў (зноў-такі, на вершы аўтара “Ладдзі…”, змешчаныя ўнутры празаічнага аповеду). Але ўсё роўна — сапраўднага сінтэзу, што вядзе да вытрыманай стыльнасці пастаноўкі, на жаль, не атрымліваецца. Гэтак жа, як не ўзнікае стыльнасці гукавой аўры спектакля: усе рознанакіраваныя музычныя тэмы маглі б паходзіць са згаданай “песні-кветкі”, што пранізвае спектакль рознымі варыянтамі свайго гучання. Дый пластычнае рашэнне (харэограф — Майк Партуш з Францыі) магло б быць больш сучасна крэатыўным, а не нагадваць пастаноўкі пластычнага тэатра “Жэст” пачатку 1980-х. Тады, магчыма, можна было б і папраўдзе сакцэнтаваць, чаму ўсё-такі Выліваха перамагае Смерць. Не толькі з-за кахання, прагі да жыцця і таму, што гуляе “не па правілах”, а таму, што не падпарадкоўваецца агульнапрынятаму, шукаючы свой уласны шлях і непаўторнасць, як гэта было ў Караткевіча.

Пры такім дваістым “раскладзе” залішняй успрымаецца сцэна вяртання герояў у рэальнасць. Яна рэзка зніжае ўздзеяннне кульмінацыі — перамогі над Смерцю, калі выратаваныя Вылівахам пакутнікі дораць яму і Бярозцы гады і хвіліны свайго жыцця. Можа, ёсць сэнс крыху дапрацаваць фінал, канчаткова вывеўшы “казачны гістарызм” у сімвалічна-філасофскую прастору? Але і ў цяперашнім выглядзе спектакль — бясспрэчная перамога на шляху пашырэння нацыянальнага рэпертуару.

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"