Акварэльны “востраў скарбаў”

№ 43 (1065) 27.10.2012 - 03.11.2012 г

Абвостраная гармонія па версіі віцебскай школы

У Нацыянальным мастацкім музеі працуе ўнікальная выстаўка, прысвечаная 70-годдзю выдатнага мастака Фелікса Гумена. На ёй прадстаўлены акварэльныя творы і самога майстра, і некаторых ягоных вучняў, каму ён даў крылы на мастацка-графічным факультэце тагачаснага Віцебскага педагагічнага інстытута імя С.М. Кірава.

/i/content/pi/cult/397/8013/1-2.jpeg

Няма нічога дзіўнага ў тым, што апошнія тры дзесяцігоддзі паняцце “Віцебская школа акварэлі” асацыіруецца перш за ўсё з акварэльным жывапісам Фелікса Фёдаравіча.

Вось яны, яго верныя вучні, талент якіх сёння прызнаны не толькі ў Беларусі, але і ў замежных краінах, дзе экспанаваліся іхнія работы: Мікалай Аўчыннікаў, Людміла Воранава, Уладзімір Рынкевіч, Фёдар Кісялёў, Валянціна Ляховіч, Уладзімір Напрэенка, Алена Сеслікава, Уладзімір Шапо, Міхаіл Міронаў, Валерый і Міхаіл Свістуновы. Гэта толькі малая частка тых “птушанят гнязда Гуменава”, хто сёння годна прадстаўляе беларускую нацыянальную школу акварэлі.

/i/content/pi/cult/397/8013/1-3.jpeg

Што і казаць, Фелікс Гумен — з’ява ўнікальная. Ён выклікае да сябе інтарэс і ў асяродку ўласна акварэлістаў краіны, і між графікаў, жывапісцаў, і ў маладога пакалення мастакоў, якія рашуча адмаўляюцца ад стандартна-традыцыйнага шляху. Такая аднадушнасць тлумачыцца выключным талентам Гумена, своеасаблівасцю спасціжэння законаў пластыкі і патрэбай гаварыць мовай мастацтва нашага часу. Не ставячыся з асаблівым піетэтам да класікаў (хаця сярод яго любімых мастакоў — М.Урубель і С.Герасімаў), Гумен смела і свабодна ішоў да выяўлення тых унутраных рытмаў жыцця, якія былі ўласцівы яму ад прыроды. Менавіта патрэба выйсці яшчэ ў 1960 — 70-я гады з кола звычнага жывапіснага мыслення, знайсці свой шлях да выяўлення сучаснай гармоніі свету штурхала яго на пошукі абвостранай формы, мовы, новай “карціннай” манументальна-прасторавай кампазіцыі, у якой штодзённыя рэчы і пейзажныя матывы гарадоў ды вёсак артыстычна пераўтвараліся ў сімвалы часу.

Вось ужо шмат гадоў Фелікс Фёдаравіч прысвячае свае творы прыгажосці жыцця і побыту, каб паведаміць нам пра “норавы ды характары” таго, што мы звычайна не заўважаем. Сфарміраваны свет акварэльных карцін мастака — апірышча надзейнасці, трываласці, дзе прывольна і дрэвам, і травам, і нябёсам, дзе ўтульна “жывецца” і кветкам, і садавіне, і прадметам хатняга ўжытку, і гарадской архітэктуры. Позірк гледача не спатыкаецца тут на кожным кроку з-за вострых вуглоў запазычаных ці спісаных з рэпрадукцый форм, не блукае ў стракатасці ды ў нагрувашчванні прадметаў і рэчаў. Гэта асабісты, “выпакутаваны” ў шматлікіх акварэльных пленэрах ды вандроўках па Беларусі і замежных краінах, мікракосм мастака, дзе немагчыма “праверыць алгебрай гармонію”. Увесь сакрэт гуменаўскіх “штудый” вось у чым: наколькі, часам да наіўнага, спрошчана схема канструкцыі, настолькі ж неэлементарны змест вобраза, адчувальны багаты рытмічны і колеравы пачатак.

/i/content/pi/cult/397/8013/1-4.jpeg

Здаецца, адбылося неверагоднае, немагчымае: сама прырода за ўчэпістасць позірку паднесла Гумену падарунак — “арганізаваную” плоскасць і глыбіню, “гатовыя” згоды рытмаў, плям і колеравыя тэмы з варыяцыямі. Але як адбіліся, выявіліся інтуітыўная кампазіцыйнасць, здольнасць бачыць гармонію ў пабудове прыроды і рэчаў — гэта таямніца аўтара, яго “востраў скарбаў”, і не будзем спрабаваць яго адкрыць. Урэшце, усё сапраўднае мастацтва — таямніца. Тут для нас важны вынік — арганічнасць твора, дзе прыём не аголены, “зробленасць” адыходзіць углыб, і захопліваюць толькі адкрытая эмацыйнасць, пачуцці мастака ды жыццё, што цячэ ў маленькіх, але такіх значных сусветах...

Самае цікавае яшчэ ў тым, што Фелікс Гумен як настаўнік ніколі не прымушаў сваіх выхаванцаў рабіць “пад сябе” (кшталту “малюй, як я!”), а вучыў іх не толькі разумець спецыфіку матэрыялу ды тэхнічных прыёмаў акварэльнага пісьма, але і мысліць самастойна, не азіраючыся на класікаў. Таму ўсе яго паслядоўнікі такія таленавітыя “індывідуалісты” — розныя, яскравыя, незалежныя, цалкам свабодныя ў выбары тэм і сюжэтаў. Аднойчы Фелікс Гумен прамовіў: “Я свабодны мастак, і застануся ім назаўсёды!” Мабыць, гэта галоўнае, што ён спавядае на працягу свайго амаль 50-гадовага творчага жыцця…

Аўтар: Барыс КРЭПАК
рэдактар аддзела газеты "Культура"