Прэміяльна!

№ 43 (1065) 27.10.2012 - 03.11.2012 г

Другая Нацыянальная тэатральная прэмія набірае абароты — не проста з кожным тыднем і нават не з кожным днём, а ўжо літаральна з кожнай гадзінай. Хаця, здавалася б, да яе фінальных акордаў яшчэ ёсць час: вынікі будуць падведзены 19 лістапада. Але на тое яны і вынікі, што становяцца “вынікам” працы арганізатараў ды ўсіх дзеячаў тэатра больш як за год. Пра тое, якую мастацкую вагу і грамадскую значнасць набывае Рэспубліканскі конкурс тэатральнага мастацтва, як адбываецца падрыхтоўка ўрачыстасцей, “К” распавядаюць першы намеснік міністра культуры Рэспублікі Беларусь Уладзімір КАРАЧЭЎСКІ і намеснік дырэктара па ідэалогіі Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя М.Горкага Валянціна СЦЯПАНАВА, якая займаецца каардынацыяй арганізацыйных пытанняў.

— Нацыянальная тэатральная прэмія, — кажа Уладзімір Карачэўскі, — адно з самых значных мерапрыемстваў, якое скіравана на падтрымку нашага тэатральнага мастацтва, бо ў выніку гэтага конкурсу вызначаюцца, шырока паказваюцца і адзначаюцца лепшыя тэатральныя работы ва ўсіх галінах. Тут і лепшыя спектаклі, прычым розных жанравых кірункаў, разлічаныя на розную ж узроставую аўдыторыю. Тут і лепшыя ролі — жаночая ды мужчынская. Асобнымі намінацыямі прадугледжана заахвочванне рэжысёраў, мастакоў, аўтараў музыкі і харэографаў

/i/content/pi/cult/397/8005/1-1.jpeg

Дадам, што сёлета, у параўнанні з правядзеннем Першай Прэміі, намінацый стала яшчэ больш. Увогуле, праца над удасканаленнем Палажэння аб правядзенні конкурсу, над паляпшэннем самога працэсу вызначэння намінантаў, над разнастайнымі арганізацыйнымі пытаннямі, якія паўставалі і паўстаюць у час мерапрыемства, пачалася адразу пасля завяршэння леташняй цырымоніі ўзнагароджання пераможцаў. Многія ідэі ўзнікалі і непасрэдна пад час арганізацыі ды правядзення Першай Нацыянальнай прэміі. Дый адразу пасля яе завяршэння мы не спынілі абмеркаванняў з дзеячамі культуры. Размовы датычыліся не толькі непасрэдных вынікаў, але і, галоўнае, прапаноў, якія дапамаглі б удасканаліць пошук і вылучэнне ўсяго самага лепшага, што з’явілася апошнім часам у нашых тэатрах. Так будзе працягвацца і надалей, бо ўсе зацікаўлены ў тым, каб такая высокая ўзнагарода, як Нацыянальная прэмія, мела і адпаведныя мастацкія крытэрыі.

— Дык на якім этапе знаходзіцца праца зараз? Вядома, што праведзены папярэдні агляд дасланых заявак, ужо сфарміравана кола спектакляў, якія будуць паказаны ў Мінску (іх спіс, дарэчы, друкавала і “К”)…

— Мы ўвесь час, што называецца, трымаем руку на пульсе. Пасяджэнні Арганізацыйнага камітэта праходзяць двойчы на тыдзень. Пад час іх штораз вырашаюцца самыя надзённыя пытанні. Любы конкурс — гэта жывы арганізм, а творчы — тым больш. І вельмі прыемна, што намаганні не праходзяць дарма. Ужо сёння зразумела: Другая Нацыянальная прэмія выклікала яшчэ большую зацікаўленасць тэатраў, у параўнанні з Першай. Прывяду толькі дзве лічбы: было вылучана 39 спектакляў 28-і тэатраў. Такая актыўнасць не можа не радаваць. Бо летась у кагосьці былі развагі, ваганні, няўпэўненасць: маўляў, спачатку паглядзім, як яно там атрымаецца. Калі ж папраўдзе “атрымалася”, у дзеячаў тэатра ўзнікла ўпэўненасць, што гэта далёка не разавае мерапрыемства. Падкрэслю, як важна, нягледзячы на ўсе складанасці, праводзіць яго рэгулярна, каб кожны сезон атрымліваў адпаведны вынік, каб нашы тэатры ведалі, што іх праца, у рэшце рэшт, ацэньваецца не толькі фінансавымі паказчыкамі, але і тымі духоўнымі, мастацкімі напрацоўкамі, без якіх тэатр не можа лічыцца тэатрам.

Звярну ўвагу чытачоў “К” і на тое, што на сайце Міністэрства культуры ўжо зараз можна знайсці ўсю самую “свежую” інфармацыю, якая датычыцца правядзення Другой Нацыянальнай прэміі. Арганізацыйная праца працягваецца, і не выключана, што да часу выхаду газеты з’явяцца дадатковыя падрабязнасці ды ўдакладненні. Ужо зараз можна азнаёміцца і са складам журы (праўда, гэта пакуль толькі праект рашэння, але літаральна днямі ён будзе канчаткова зацверджаны), і, галоўнае, з раскладам паказу конкурсных спектакляў. Так што ўжо сёння чытачы могуць выбраць спектаклі, якія хацелі б паглядзець (а глядзець, лічу, трэба ўсё), і набыць білеты…

"Рэчавыя доказы" форуму

— Пры правядзенні такога значнага і буйнога мерапрыемства, як Нацыянальная тэатральная прэмія, — адзначае непасрэдны каардынатар праекта Валянціна Сцяпанава, — важны кожны дзень. Але гэты тыдзень аказаўся, пэўна, найбольш насычаным на арганізацыйныя пытанні. На сённяшні дзень, можна сказаць, да правядзення Другой Нацыянальнай прэміі практычна ўсё гатова.

— А дакладней? Можа, акрэсліце больш падрабязна, што зроблена і што яшчэ запланавана вырашыць…

— Пасля таго, як былі падведзены папярэднія вынікі і канчаткова сфарміраваўся склад конкурсных спектакляў — намінантаў на прэмію, распачалася праца па складанні раскладу іх паказаў у Мінску. Бо сёлета, як і летась, на сталічных пляцоўках пройдуць усе вылучаныя спектаклі — тэатраў з усёй рэспублікі. Як паказвае практыка, спектаклі рэгіянальных тэатраў, здараецца, выклікаюць яшчэ большую цікавасць з боку сталічных гледачоў, бо гэта нешта яшчэ не вядомае, тое, што можна паглядзець толькі аднойчы. На сённяшні дзень расклад спектакляў ужо зроблены і выкладзены на сайце Міністэрства культуры краіны. Увогуле, лічу, з часам Нацыянальная тэатральная прэмія павінна займець свой асобны сайт, дзе можна было б аператыўна змяшчаць інфармацыю. Практыка паказвае, што такія сайты маюць вялікі попыт у карыстальнікаў Інтэрнэта і, у рэшцэ рэшт, садзейнічаюць папулярызацыі пэўнай культурнай з’явы.

/i/content/pi/cult/397/8005/1-2.jpeg

— А ці прадугледжана ўласна рэклама?

— Канешне! Напрыканцы тыдня (можа, нават раней, чым выйдзе газета) з’явяцца і афішы, і рэклама ў метро. Будуць задзейнічаны ўсе каналы распаўсюджвання інфармацыі. Вядома, спадзяванні ўскладаюцца і на журналістаў…

— А ці будуць створаны для іх умовы?

— Сёлета распачне сваю працу прэс-цэнтр. Наколькі мне вядома, плануюцца прэс-канферэнцыі ды іншыя сустрэчы з намінантамі, правядзенне аналітычных абмеркаванняў паказаных спектакляў, “круглы стол”, прысвечаны напрамкам тэатральнага мастацтва. Ужо падрыхтаваны макет каталога, які таксама вельмі важны пры правядзенні падобных прадпрыемстваў: ён утрымлівае ўсю неабходную інфармацыю і, да ўсяго, застаецца ў гісторыі адным з “рэчавых доказаў”.

— На прэс-канферэнцыі напярэдадні паведамлялася, што будуць запрошаны замежныя госці…

— Зараз вядуцца перамовы, але ўсё ж такі называць імёны пакуль не буду: не хочацца даваць непацверджаную інфармацыю.

— Дарэчы, у вас надзвычай багаты вопыт менавіта “лістападаўскі”: я маю на ўвазе вашу шматгадовую плённую працу па арганізацыі і правядзенні Мінскага міжнароднага кінафестывалю “Лістапад”. Ці дапамагае вам той досвед?

— Усё, што назапашана ў жыцці, ніколі не бывае залішнім. І зараз, можна сказаць, фарміруецца арганізацыйная каманда, якая, трэба спадзявацца, мае займацца Нацыянальнай тэатральнай прэміяй пастаянна. Толькі пры такім падыходзе можна разлічваць, што ўсё будзе зроблена своечасова. Пакуль жа магу засведчыць, што мы разам з Міністэрствам культуры краіны працягваем працаваць з заснавальнікамі і спонсарамі, намагаемся прадугледзець усе дробязі. Так, да 1 лістапада павінны быць выраблены прызавыя статуэткі. Журы, як было вырашана на адным з апошніх пасяджэнняў Аргкамітэта, мае ўзначаліць Аляксей Дудараў — заслужаны дзеяч мастацтваў краіны, старшыня Беларускага саюза тэатральных дзеячаў, прызнаны драматург і проста мудры чалавек. Таксама ў складзе журы — па некалькі чалавек ад кожнага тэатра. Дадам, што Аргкамітэту давялося ўдакладняць склад журы, бо згодна з новымі правіламі, там не павінны былі быць тыя, хто намінаваны на прэмію. Таму канчатковы склад судзейскай камісіі вызначыцца толькі пасля зацвярджэння спіса вылучаных спектакляў ды творцаў…

Фота Юрыя ІВАНОВА

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"