Хто каго: “зацікаўленыя асобы” vs. археалагічныя помнікі

№ 43 (1065) 27.10.2012 - 03.11.2012 г

Што хаваецца за разрабаванымі курганамі?

На мінулым тыдні адбылася першая сесія Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь пятага склікання. Галоўнымі пытаннямі на парадку дня пасяджэння сесіі сталі абранне кіраўніцтва верхняй палаты парламента і фарміраванне пастаянных камісій. У прыватнасці, у склад пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па міжнародных справах і нацыянальнай бяспецы ўвайшоў доктар гістарычных навук, прафесар, загадчык кафедры археалогіі і спецыяльных гістарычных дысцыплін Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.Куляшова Ігар МАРЗАЛЮК.

Карэспандэнт “К” пагутарыў з вучоным наконт актуальных пытанняў сферы культуры, на якія будзе звернута першачарговая ўвага сенатара.

— Папярэднім складам Савета Рэспублікі разгледжана даволі шмат законапраектаў, сярод якіх былі і тыя, што маюць непасрэднае дачыненне да развіцця айчыннай культуры…

— Не ў маёй кампетэнцыі ацэньваць працу папярэдняга складу Савета Рэспублікі, але відавочна, што зроблена шмат для нармальнага развіцця сферы. Да прыкладу, хочацца адзначыць грунтоўны Закон аб музейнай дзейнасці: ён вельмі дакладна рэгулюе магчымасць працы з музейнымі артэфактамі.

Што да заканадаўства ў сферы аховы помнікаў нашай спадчыны, то на сённяшні дзень тут слабая праваахоўная практыка па абароне нерухомых і рухомых матэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцей. І самая вялікая група рызыкі — археалагічныя помнікі. І гэта прытым, што ў нас вельмі жорсткае заканадаўства ў сферы аховы прыроды, што можна толькі вітаць. Пры ўсім тым, прыродныя рэсурсы збольшага — узнаўляльныя: мы можам пасадзіць новы лес, ачысціць рэкі, зарыбіць вадаёмы. А знішчыўшы гісторыка-культурны помнік, мы яго страчваем незваротна…

— Якая, на вашу думку, найбольшая пагроза для помнікаў археалогіі?

— У нашай краіне ёсць нямала людзей, якія з 1991 года лічацца афіцыйна беспрацоўнымі і, тым не менш, маюць шыкоўныя аўтамабілі, дамы, рэгулярна адпачываюць на курортах. Усё гэта — “за кошт” помнікаў. Справа ў тым, што маюцца артэфакты, якія каштуюць пару дзясяткаў тысяч рублёў, а ёсць і тыя, што прадаюцца за тысячы еўра. Я ўжо не кажу пра страты для айчыннай гісторыі. Што і казаць, наша мінулае ў шэрагу выпадкаў уяўляе з сябе палімпсест з зацёртымі, выдранымі старонкамі. За гэта і баліць сэрца.

Праблема яшчэ і ў наступным: неліквідныя на замежным чорным рынку археалагічныя артэфакты “чорныя капальнікі” прыносяць на продаж у дзяржаўныя музеі краіны. Шкада, што музейшчыкі часта патураюць “чорным археолагам”, купляючы ў іх падобныя рэчы. Па вялікім рахунку, гэта — скупка крадзенага, што само па сабе з’яўляецца правапарушэннем.

— Якія захады вам бачацца першачарговымі, каб эфектыўна абараніць нашу спадчыну?

— Трэба прыняць жорсткую шкалу штрафаў. Да прыкладу, калі чалавек будзе плаціць дзяржаве за выкапаную медную манету столькі, колькі каштуе залаты дукат, то задумаецца. Іншая справа, што ў нас дагэтуль не пасадзілі ніводнага з тых, хто разрабаваў старажытныя селішчы, вывозіць за межы краіны каштоўнасці. У адной Магілёўскай вобласці, па маіх падліках, трыста чалавек займаюцца незаконнай археалагічнай дзейнасцю. Акрамя таго ладзяцца і экспедыцыі на сумежных тэрыторыях, у якіх удзельнічаюць не толькі нашы “чорныя капальнікі”, але і іх “калегі” з Расіі, Украіны, Літвы. Калі тэндэнцыя будзе назірацца і надалей, то праз дзесяць-пятнаццаць гадоў помнікаў археалогіі ў нас практычна не застанецца…

Адзін прыклад. Днямі я прыехаў з Асіповіцкага раёна, дзе “аматары археалогіі”, якія, да ўсяго, вучацца на гістарычным факультэце, з мэтай нажывы амаль цалкам знішчылі археалагічную групу: там былі знойдзены візантыйскія манеты, а вакол — раскіданы астанкі нашых продкаў…

Перакананы: для эфектыўнай абароны спадчыны патрэбны дэпартамент, археалагічная міліцыя, альбо спецыяльнае падраздзяленне КДБ. Як бы дзіўна гэта ні гучала, але адзін з самых “мацёрых” “чорных капальнікаў” яшчэ колькі гадоў таму з’яўляўся высокапастаўленым чыноўнікам сістэмы пракуратуры краіны. Парадокс у тым, што гэты генерал нават не хаваў свайго хобі: ён — аўтар спецыялізаванай кнігі. У выніку многія мяркуюць так: калі можна капаць людзям у пагонах, то чаму нельга займацца “археалогіяй” мне? Таму патрэбна правесці і інфармацыйную кампанію.

— Ці толькі археалагічныя праблемы выклікаюць у вас занепакоенасць?

— Ёсць і яшчэ адна не менш важная праблема, наўпрост звязаная з гістарычнымі каштоўнасцямі. Мы — адзіная краіна на постсавецкай прасторы, у якой няма спецыялізаванага органа па рэстытуцыі гісторыка-культурных каштоўнасцей. Як вядома, пад час Вялікай Айчыннай шмат каштоўнасцей з абласных і рэспубліканскіх музеяў было вывезена на часовае захоўванне да канца вайны ў Расію. Парадаксальна, але, нягледзячы на тое, што мінула больш за 60 гадоў з дня Вялікай Перамогі, іх дагэтуль нам не вярнулі. Гэта беларуская ўласнасць, дакументы і законныя правы на якую мы маем.

Дзякуючы руплівай працы Асацыяцыі беларусістаў свету, у тым ліку — выбітнага вучонага Адама Мальдзіса, мы ведаем, што і дзе знаходзіцца. Але пры гэтым у нас няма дакладна вызначанай працэдуры вяртання каштоўнасцей.

— Зараз у суайчыннікаў з’явілася магчымасць набыцця старадаўніх маёнткаў за сімвалічны кошт з мэтай іх далейшага выкарыстання ў турыстычнай галіне. Якая ваша пазіцыя ў дадзеным пытанні?

— Стаўлюся да гэтага толькі пазітыўна. Тым больш, разам з сядзібай уладальнік атрымлівае і шэраг абавязкаў. Іншае пытанне — адносна далейшага кантролю за рэстаўрацыйнымі работамі на аб’екце. Павінен быць і галоўны архітэктар праекта, і навуковы кіраўнік, прызначаны Міністэрствам культуры. Трэба, каб чалавек, што вырашыўся на такі крок, усведамляў усю адказнасць. Здараліся выпадкі, калі архітэктурны помнік наўмысна даводзіўся да аварыйнага стану. Схема была такой: “зацікаўленыя асобы” наймалі мясцовых бадзяжнікаў, якія за бутэльку ламалі нясучыя сцены помніка. Камісія з выканкама вызначае, што будынак неабходна рэканструяваць без рэстаўрацыі, — у выніку зносяцца гістарычныя падмуркі, рэшткі збудавання і з сілікатнай цэглы ствараецца новы гмах, які з цягам часу выводзіцца са Спіса гісторыка-культурных каштоўнасцей… На жаль, падобныя выпадкі яшчэ колькі гадоў таму можна было назіраць у розных кутках краіны.

— Але часам можна пачуць і наступную думку: лепш атрымаць штраф за няўзгодненыя работы на аб’екце гісторыка-культурнай спадчыны, чым збіраць усялякія ўзгадненні ды губляць свой час…

— Трэба мець на ўвазе, што наўмыснае знішчэнне гісторыка-культурнага помніка цягне ўжо на крымінальную адказнасць. Знішчыў помнік — мусіш адседзець у турме каля трох гадоў. У Крымінальным кодэксе на гэты конт усё падрабязна прапісана. Урэшце, у кожным раёне павінен быць спецыяліст, інспектар па ахове гісторыка-культурнай спадчыны, надзелены адпаведнымі паўнамоцтвамі.

— Але ж стварэнне спецыялізаваных падраздзяленняў, дэпартаментаў, пашырэнне штату ў аддзелах культуры цягне за сабой і немалыя выдаткі…

— Колькі гадоў таму ў Шклове быў знойдзены скарб, рыначны кошт якога перавысіў 500 тысяч еўра. Хочацца параіць тым, хто кажа пра эканамічную немэтазгоднасць стварэння дэпартамента па ахове гісторыка-культурнай спадчыны, у тым ліку археалогіі, сумленна “даследаваць” усе сайты, інтэрнэт-аўкцыёны ды высветліць аб’ём і вартасць рынку незаконна раскапаных беларускіх каштоўнасцей. Перакананы, затраты на стварэнне падраздзялення акупяцца імгненна — хаця б праз штрафы і канфіскацыю каштоўнасцей у “чорных капальнікаў” ды скупшчыкаў крадзенага. Добры прыклад маецца ў Ізраілі, дзе існуе археалагічны спецназ: гэтыя хлопцы не толькі валодаюць цудоўнай армейскай падрыхтоўкай, але, да таго ж, з’яўляюцца і выдатнымі мастацтвазнаўцамі.

— Якія прыярытэтныя кірункі вашай дзейнасці ў Савеце Рэспублікі вы можаце адзначыць?

— Пад час выбараў у Савет Рэспублікі я падкрэсліваў, што для мяне вельмі важным з’яўляецца развіццё рэгіянальных гісторыка-турыстычных маршрутаў і цэнтраў. Што да канкрэтнай дзейнасці, то праз некалькі дзён вяртаюся на Магілёўшчыну і разам з калегамі займуся падрыхтоўкай серыі суботнікаў на старадаўнім Быхаўскім замку: мы плануем да будучага Дня пісьменства прывесці ў належны выгляд гэты ўнікальны гістарычны аб’ект. Карыстаючыся нагодай, запрашаю ўсіх аматараў культуры эпохі Вялікага Княства Літоўскага з наступнай суботы прыняць удзел у нашых мерапрыемствах. Падкрэслю: гэта цалкам валанцёрская акцыя. У рамках яе плануецца зрабіць геафізічнае даследаванне замка, у прыватнасці, высветліць таямніцы, схаваныя на глыбіні ў трыццаць метраў.

— Ці плануеце вы працягваць і сваю прафесійную навуковую дзейнасць? Наколькі гэта сёння для вас актуальна?

— Безумоўна! У бліжэйшыя месяцы будзе прэзентавана новае выданне “Беларускі гістарычны альманах”, галоўным рэдактарам якога я з’яўляюся. Там прадстаўлены матэрыялы гісторыкаў з Усходняй Еўропы, якія з павагай ставяцца да нашай краіны. У прыватнасці, адлюструем старажытную і сярэднявечную гісторыю нашай зямлі. Ужо падабрана шмат архіўных матэрыялаў, якія дагэтуль былі невядомымі ў навуковых колах. Для гэтага былі арганізаваны экспедыцыі ў Кракаў. Гэта адзін з супольных праектаў з нашымі суайчыннікамі ў Расіі, а таму хочацца выказаць падзяку Валерыю Казакову, старшыні Федэральнай нацыянальна-культурнай аўтаноміі “Беларусы Расіі”.

— У вашым горадзе выявілася яшчэ адна цікавая ініцыятыва: Музей гісторыі Магілёва змог актывізаваць грамадскасць з мэтай набыцця каштоўных старадрукаў…

— На жаль, у музейнай сістэме Міністэрства культуры шмат дырэктараў, якія прывыклі выкарыстоўваць толькі бюджэтныя сродкі на набыццё тых або іншых артэфактаў. Музей жа гісторыі Магілёва вылучаецца тым, што для збору сродкаў праводзіць разнастайныя канцэрты, акцыі, суботнікі. Тым самым кіраўніцтва музея актывізуе неабыякавых да айчыннай гісторыі людзей.

Разам з тым, мяркую, што ўсе тыя кніжныя скарбы, якія належаць нашай культуры, але знаходзяцца за межамі Беларусі, мусяць вярнуцца, хаця б у электронных копіях. Мы павінны сабраць такую бібліятэку і ўвесці тым самым у гістарычны дыскурс як мага больш навуковай, краязнаўчай літаратуры.

Аўтар: Канстанцін АНТАНОВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"