Жыццё і любоў Шагала

№ 43 (1065) 27.10.2012 - 03.11.2012 г

“Марк Шагал: жыццё і любоў” — так называецца выстаўка з калекцыі Музея Ізраіля (Іерусалім), якая з 1 лістапада будзе экспанавацца ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі.

Яна прымеркавана да 125-годдзя з дня нараджэння нашага славутага земляка і, такім чынам, як бы падводзіць вынік шагалаўскіх урачыстасцей у нашай краіне. Упершыню беларусы пабачаць творы мастака, якія да сённяшняга часу, у асноўным, экспанаваліся толькі ў Ізраілі.

У экспазіцыі будуць прадстаўлены 89 твораў Марка Захаравіча, сярод якіх — карціны “Закаханыя”, “Яўрэй, які моліцца”, “Сінагога ў Садэфе”, малюнкі, друкаваная графіка (афорты, літаграфіі), пейзажы, партрэты, кампазіцыі, а таксама ілюстрацыі да Бібліі, да “Басняў” Лафантэна, да кніг “Першая сустрэча” і “Мае сшыткі” Бэлы Шагал, “Мёртвыя душы” М.Гогаля і “Маё жыццё” самога Шагала.

Упершыню з арыгінальнай творчасцю мастака мы пазнаёміліся ў 1997 годзе, калі яго ўнучкі Бэла і Мерэт Майр-Грабэ прапанавалі адзначыць дзень нараджэння дзеда ў Беларусі. І гэта стала традыцыйным. З таго часу ў НММ прайшлі чатыры шагалаўскія выстаўкі: гуашы, акварэлі, літаграфіі, афорты. На цяперашняй выстаўцы “Мастакі Парыжкай школы” экспануецца дзесяць твораў Шагала.

Выстаўка “Марк Шагал: жыццё і любоў” арганізавана па ініцыятыве і пры фінансавай падтрымцы Міністэрства культуры нашай краіны, пры садзейнічанні Пасольства Беларусі ў Ізраілі і Пасольства Ізраіля ў Беларусі. Мае праект і спонсараў з ліку буйных кампаній.

Выстаўка працуе да 25 студзеня 2013 г.