Праект “Пясняр-2012”

№ 43 (1065) 27.10.2012 - 03.11.2012 г

Учора прагучаў адзін з заключных акордаў святкавання юбілею з дня нараджэння нашага славутага класіка Якуба Коласа. У прыватнасці, Рэспубліканскае свята паэзіі завяршылася ў родных мясцінах народнага паэта — на Стаўбцоўшчыне.

Напярэдадні ўрачыстасцей прайшла прэс-канферэнцыя, якая падсумавала зробленае ў справе ўшанавання памяці і папулярызацыі творчай спадчыны Якуба Коласа. Як адзначыў намеснік міністра культуры краіны Тадэуш Стружэцкі, сёлета назіраўся шырокі ўдзел грамадскасці ў святкаванні юбілеяйных угодкаў нашых Песняроў. Адбываліся і праводзяцца сёння арт-праекты з гэтай нагоды, у тым ліку далёка за межамі нашай краіны.

Дырэктар Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа Зінаіда Камароўская паведаміла, што да юбілейнай даты вялася актыўная выставачная работа, у тым ліку з замежнымі партнёрамі. Так, выстаўкі, прысвечаныя Якубу Коласу, з поспехам ужо прайшлі ў Расіі, ва Украіне, у Арменіі, Балгарыі, Польшчы, Літве і Латвіі…

Па словах Тадэуша Стружэцкага, асноўныя мерапрыемствы ініцыявалі Міністэрства культуры і літаратурныя музеі. Сярод новых, адметных, акцый намеснік міністра адзначыў праекты “Чытаем Коласа разам”, “130 прысвячэнняў Песняру”, да якіх далучылася шмат дзеячаў культуры, моладзь.

Разам з тым, намесніка міністра хвалюе і пытанне далейшай запатрабаванасці ў турыстаў філіяла Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа “Мікалаеўшчына”. З гэтай нагоды плануецца актывізаваць працу з найбуйнейшымі тураператарамі краіны. Мяркуецца, што аб’екты “Мікалаеўшчыны” ўвойдуць у комплексныя маршруты, скіраваныя на Мір і Нясвіж.

Тым часам шэраг мерапрыемстваў з нагоды юбілейных угодкаў Якуба Коласа пройдзе ў беларускай сталіцы напярэдадні дня нараджэння класіка. У прыватнасці, 30 кастрычніка ў Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва адбудзецца адкрыццё выстаўкі работ народнага мастака Беларусі Васіля Шаранговіча, дзе прадставяць звыш ста яго твораў. Гэтым жа днём у музеі класіка чакаецца прэзентацыя 17-га і 18-га тамоў з поўнага Збору твораў Якуба Коласа.

Акрамя таго, у філіяле Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі тэатральнай і музычнай культуры “Гасцёўня Уладзіслава Галубка” адкрыецца выстаўка “Паэма Якуба Коласа “Новая зямля” на сцэне”.

К.А.