Прэзентацыі за мяжой

№ 43 (1065) 27.10.2012 - 03.11.2012 г

Гэтымі днямі адбыліся прэзентацыі беларускай культуры ў суседніх краінах.

Так, днямі ў латвійскай Елгаве прайшоў Тыдзень беларускай культуры. Мерапрыемства было арганізавана беларускай арганізацыяй “Лянок” пры падтрымцы мясцовай гарадской думы і садзейнічанні Пасольства Рэспублікі Беларусь у Латвіі.

Цягам некалькіх дзён жыхары і госці Елгавы змаглі наведаць шматлікія культурныя мерапрыемствы. Напрыклад, у мясцовым гарадскім Палацы культуры разгарнулася выстаўка “Геніі зямлі беларускай”, прысвечаная 130-годдзю з дня нараджэння класікаў беларускай літаратуры Янкі Купалы і Якуба Коласа. Акрамя таго, адбыўся канцэрт “Беларускі кірмаш”. У ім прынялі ўдзел беларускія фальклорныя ансамблі “Лянок” (Елгава) і “Купалінка” (Даўгаўпілс), а таксама Рыжскі дзіцячы танцавальны калектыў “Івушка”.

У заключных мерапрыемствах Тыдня беларускай культуры прыняў удзел Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Беларусі ў Латвіі Аляксандр Герасіменка. У прывітальным слове да ўдзельнікаў свята кіраўнік нашай дыпмісіі адзначыў высокі ўзровень беларуска-латвійскіх адносін у сферы культуры, якія паспяхова развіваюцца, у тым ліку, і на рэгіянальным узроўні.