Будуецца “Zabor”: ад Мінска — да Пекіна

№ 43 (1065) 27.10.2012 - 03.11.2012 г

23 кастрычніка ў сталіцы фінішаваў арт-праект “Zabor”. Вялікія рэпрадукцыі твораў чатырох сучасных беларускіх мастакоў — Руслана Вашкевіча, Сяргея Каваля, Уладзіміра Стальмахова і Віктара Альшэўскага — зняты з агароджы парку Чалюскінцаў і чакаюць адпраўкі ў Віцебск.

/i/content/pi/cult/397/7996/2-2.jpeg

Як паведаміла "К" брэнд-менеджар кампаніі — партнёра праекта Антаніна Серакова, “Zabor” распачаў вандроўку па краіне і замежжы. 31 кастрычніка выстаўка тых жа мастакоў у фармаце, аналагічным мінскаму, адкрыецца ў Варшаве. Праўда, на рэпрадукцыях будуць прадстаўлены іншыя творы, і экспазіцыя займее адрозную канцэпцыю. Суразмоўца “К” патлумачыла гэтую акалічнасць тым, што работы адлюстроўваюць рэаліі, звыклыя для нас, але не заўжды зразумелыя замежнікам. Такім чынам, варшаўская аўдыторыя пабачыць тое, што можна назваць інтэрпрэтацыяй савецкай мінуўшчыны сучаснымі выяўленчымі сродкамі. Пасля Польшчы на чарзе — Кітай. Пакуль, аднак, невядома, здзейсніцца арт-праект у рамках запланаваных Дзён беларускай культуры альбо — як самастойная імпрэза.

А вось мінская версія “Zabor'а" паедзе па абласных цэнтрах. Прычым у кожным горадзе да чатырох ужо вядомых нам сталічных мастакоў будзе далучацца адзін мясцовы.

П.В.