Першы баль у Нясвіжы

№ 43 (1065) 27.10.2012 - 03.11.2012 г

Прадэманстраваць сваё танцавальнае майстэрства неўзабаве можна будзе ў Нясвіжскім палацы. Такая магчымасць з’явілася ўпершыню з часоў, калі палацам валодалі Радзівілы, дзякуючы плённаму супрацоўніцтву Нацыянальнага гісторыка-культурнага музея-запаведніка “Нясвіж” з прыватнай прадзюсарскай кампаніяй. Падтрымалі падзею Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь і Мінскі аблвыканкам.

“Першы дабрачынны Палацавы баль” у Нясвіжы пройдзе 10 лістапада. У гэтую ноч замак будзе сустракаць сваіх доўгачаканых гасцей феерверкам, прадаставіць магчымасць сфатаграфавацца на памяць на фоне сярэднявечных рыцараў, а таксама прыняць удзел у аўкцыёне, сродкі ад якога пойдуць на рэстаўрацыйныя работы ў Навагрудскім замку.

Як адзначыў першы намеснік міністра культуры краіны Уладзімір Карачэўскі, у балі плануюць прыняць удзел звыш 170 артыстаў з Беларусі, Расіі, Германіі і Ірландыі. Уладзімір Карачэўскі падкрэсліў, што імпрэза будзе праведзена выключна на пазабюджэтныя сродкі. Тым не менш, па яго словах, удзел у дзеі будзе даступны не толькі па даволі дарагіх білетах. У прыватнасці, прынята рашэнне аб продажы іх часткі па сацыяльных коштах.

/i/content/pi/cult/397/7995/2-1.jpeg

Чакаецца, што ў ноч балю прасторныя залы палаца — Залатая, Тэатральная, Гетманская, Паляўнічая ды іншыя — напоўняцца разнастайнымі танцавальнымі, музычнымі, тэатральнымі і касцюмаванымі прадстаўленнямі.

Гасцямі і ўдзельнікамі балю стануць вядомыя артысты з Беларусі, Расіі, Украіны ды іншых еўрапейскіх краін: салістка Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета нашай краіны Аксана Волкава, саліст Дзяржаўнага акадэмічнага Вялікага тэатра Расіі Аляксандр Захараў, акцёры Дзмітрый Харацьян і Марат Башараў (апошні стане вядучым балю). Чакаецца ўдзел у «Першым дабрачынным Палацавым балі» сусветна вядомай балерыны Анастасіі Валачковай. У праграме таксама запланаваны ўдзел шэрагу беларускіх інструментальных і танцавальных калектываў, у тым ліку Беларускага дзяржаўнага заслужанага харэаграфічнага ансамбля “Харошкі”.

Прагучаць вядомыя вальсы ў выкананні сімфанічнага аркестра Беларускага дзяржаўнага акадэмічнага музычнага тэатра. У гасцей Нясвіжскага палаца ў гэтую ноч з’явіцца магчымасць навучыцца як сярэднявечным, так і самым папулярным танцам ХХ стагоддзя — танга і факстроту. Апроч іншага, асобная зала палаца будзе аддадзена пад старадаўнія гульні.

Плануецца, што правядзенне дабрачыннага Палацавага балю ў сценах колішняй рэзідэнцыі роду Радзівілаў стане традыцыйным і штогадовым.

К.А.