Меркаванне ў тэму

№ 43 (1065) 27.10.2012 - 03.11.2012 г

На нядаўняй цырымоніі ўшанавання бізнесменаў, якія з'яўляюцца актыўнымі спонсарамі і мецэнатамі сферы культуры, прысутнічаў таксама Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Рэспублікі Беларусь у Рэспубліцы Сербія Уладзімір ЧУШАЎ. Ён распавёў пра бліжэйшыя планы ў галіне культурнага супрацоўніцтва паміж нашымі краінамі:

— Мы толькі што прывезлі выстаўку твораў сербскіх мастакоў у Мінск, і яна будзе дэманстравацца ў Цэнтры сучаснага мастацтва ў рамках праекта, арганізаванага Віктарам Альшэўскім. Таксама плануем фінансава падтрымаць выданне альбома, што прысвечаны сярэднявечным фрэскам, якія маюцца ў беларускіх і сербскіх праваслаўных храмах, — такім чынам яшчэ раз падкрэслім культурную сувязь паміж нашымі народамі, блізкасць культур.

На жаль, у Сербіі не так ужо і шмат ведаюць пра Беларусь, як і беларусы — пра балканскую краіну. Таму дадзены факт патрабуе, на мой погляд, абавязковай карэкціроўкі.

Да таго ж, лічу, нашы культурныя сувязі выйдуць на больш высокі ўзровень дзякуючы будучаму візіту ў Мінск міністра культуры і інфармацыі Сербскай Рэспублікі. Плануецца падпісанне пагаднення, дзе будуць прадугледжаны тэрміны рэалізацыі нашых агульных праектаў на бліжэйшыя гады, у тым ліку і ў сферы культуры. Думаю, гэта станецца выдатным стымулам для актывізацыі адносін паміж Беларуссю і Сербіяй.