Дыялог: Беларусь — Сербія

№ 43 (1065) 27.10.2012 - 03.11.2012 г

Як паведамілі ў Міністэрстве культуры Рэспублікі Беларусь, у панядзелак, 29 кастрычніка, міністр культуры нашай краіны Павел Латушка сустракаецца з міністрам культуры і інфармацыі Рэспублікі Сербія Браціславам Петкавічам.

Мяркуецца, што перамовы і падпісанне праграмы супрацоўніцтва ў сферы культуры і мастацтва дзвюх краін адбудуцца ў Нацыянальным акадэмічным Вялікім тэатры оперы і балета Рэспублікі Беларусь.

Дадзеная праграма скіравана на развіццё сяброўства і ўзаемаразумення паміж беларускім і сербскім народамі. Гаворка вядзецца пра ўсталяванне прамых стасункаў паміж дзеячамі культуры і мастацтва абедзвюх краін ды адпаведнымі зацікаўленымі арганізацыямі, пра ўдзел музычных калектываў і выканаўцаў Беларусі і Сербіі ў міжнародных творчых акцыях.

Гэткі ж шчыльны саюз плануецца наладзіць паміж тэатральнымі суполкамі і тэатрамі. Маюць развівацца, натуральна, стасункі ў сферы кінавідэамастацтва, а таксама — у музейнай справе і выставачнай дзейнасці. Абедзве краіны будуць садзейнічаць сувязям Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі і Нацыянальнай бібліятэкі Сербіі, падтрымліваць супрацоўніцтва ў сферы аховы гісторыка-культурных каштоўнасцей.

Наш кар.