Кінанавігатар па “Лістападзе-2012” за пяць дзён да адкрыцця

№ 43 (1065) 27.10.2012 - 03.11.2012 г

XIX Мінскі міжнародны кінафестываль “Лістапад”, які распачнецца ўжо 2 лістапада, напэўна, стане адным з самых маштабных за гісторыю форуму. 40 краін-удзельніц, больш чым 180 фільмаў, звыш 150 гасцей, восем пляцовак… “Безумоўна, “Лістапад” — самая значная падзея краіны ў сферы кінематаграфіі”, — пацвердзіла размах фестывалю на прэс-канферэнцыі, прымеркаванай да пачатку мінскага форуму, выконваючая абавязкі дырэктара Дэпартамента па кінематаграфіі Міністэрства культуры краіны Святлана Шыцікава.

/i/content/pi/cult/397/7991/1-1.jpeg

Дзе і калі?

Каб не “патануць” у моры кіно, якое разальецца з 2 па 9 лістапада ў Мінску, варта вывучыць “карту” фестывалю. Сёлета асноўны конкурс ігравога кіно будзе праходзіць у кінатэатры “Цэнтральны”. Конкурс маладога кіно “Маладосць на маршы” — у Доме кіно і тым жа “Цэнтральным”. Кінатэатр “Мір” стане асноўнай пляцоўкай конкурсу дакументальных стужак. А спаборніцтва нацыянальных дакументальных кінашкол прыме ў сваіх сценах Беларуская дзяржаўная акадэмія мастацтваў у корпусе па вуліцы Чычэрына.

“Лістападзік”, па традыцыі, вітае кінатэатр “Піянер”. А вось пазаконкурсныя паказы, якіх сёлета налічваецца каля 20 (!), будуць дэманстравацца пераважна ў “Перамозе” і Доме кіно.

Цырымоніі адкрыцця і закрыцця форуму, як заўсёды, пройдуць у Палацы Рэспублікі. Але сёлета гледачы маюць магчымасць убачыць фільм адкрыцця — тытулаваную стужку Сяргея Лазніцы “У тумане” паводле аповесці Васіля Быкава  — яшчэ ў кінатэатры “Кастрычнік”: акурат 2 лістапада, калі распачынаецца фестываль. Паказ карціны з удзелам акцёраў будзе зладжаны для шырокай аўдыторыі 7 лістапада.

Пра беларускае кіно

Святлана Шыцікава зрабіла акцэнт на адмысловых праграмах беларускага кіно, што пройдуць у рамках фестывалю. Акрамя стужак бягучага і мінулага года кінастудыі “Беларусьфільм”, “Белвідэацэнтра” (праграма “Беларуская панарама” ў пазаконкурсных праграмах ігравога і дакументальнага кіно), на форуме асобным блокам “Беларускае архіўнае кіно” будуць прадстаўлены дакументальныя карціны 1960 — 70-х. Таксама, ва ўжо традыцыйнай рубрыцы “Нацыянальныя прэм’еры”, будзе паказана і новая стужка Галіны Адамовіч — “Незвычайная Бенька”.

Не абмінуў увагай фестываль і 20-годдзе Беларускага саюза кінематаграфістаў. “Арганізатары запрасілі старшыняў аналагічных саюзаў на мінскі кінафорум, — зазначыла Святлана Шыцікава, — і запрашэнне прынялі дзевяць чалавек з розных краін”.

Цырымонія адкрыцця

Рэжысёр шоу адкрыцця і закрыцця міжнароднага кінафоруму Вераніка Янушэўская-Алштунец адзначыла, што 2 лістапада публіку чакае шмат сюрпрызаў. “Незвычайнай будзе нават тая ж “чырвоная дарожка”, — паабяцала яна. У цырымоні адкрыцця возьмуць удзел зоркі беларускага кінематографа, а гасцямі фестывалю стануць Карэн Шахназараў, Эмануіл Вітарган, Лінда Нігматуліна, Гоша Куцэнка…

Вядучыя шоу адкрыцця — Кацярына Стрыжэнава і Сяргей Кацьер.

Журы

Каб ацаніць такую колькасць стужак, на фестывалі будуць працаваць шэсць міжнародных журы.

Расійскі рэжысёр Андрэй Звягінцаў узначаліць журы кінематаграфістаў асноўнага конкурсу. Прадзюсар Крысцін К. Уокер з ЗША — каманду, што будзе ацэньваць конкурс маладога кіно. Беларускі рэжысёр Галіна Адамовіч — на чале журы кінематаграфістаў асноўнага конкурсу дакументальнага кіно. Выбіраць жа лепшых на конкурсе нацыянальных кінашкол дакументальнага кіно маюць арт-дырэктар Міжнароднага фестывалю кароткаметражнага і дакументальнага кіно “Пасланне да чалавека” ў Санкт-Пецярбургу, праграмны дырэктар Міжнароднага кінафестывалю маладога еўрапейскага кіно “Voices” у Волагдзе Ігар Гуськоў і яго каманда.

Старшыня журы “Лістападзіка” — праграмны дырэктар Міжнароднага фестывалю фільмаў для дзіцячай і юнацкай аўдыторыі ў Зліне (Чэхія) Маркета Пашмова. А кінакрытык, мастацкі кіраўнік Ерэванскага міжнароднага кінафестывалю “Залаты абрыкос” Сусанна Аруцюнян возьме адказнасць за рашэнне журы кінапрэсы, якому выпала нялёгкая доля ацэньваць усе конкурсы ігравога і дакументальнага кіно і, нагадаем, прысудзіць “серабро” “Лістапада” ў намінацыі “Фільм як з’ява мастацтва”.

Праграма

“Я гатовы апладзіраваць дырэкцыі фестывалю за складзеную праграму”, — так генеральны дырэктар "Мінскага кінавідэапракату" Васіль Коктыш прарэкламаваў на прэс-канферэнцыі сёлетні калейдаскоп кінапрапаноў. І падкрэсліў, што магчымасць убачыць выбранае кіно ў гледачоў ёсць, на жаль, толькі пад час фестывалю. “Таму раю купляць білеты на сеансы загадзя”, — падкрэсліў ён.

Сёння асноўная праграма ігравога кіно складаецца з трынаццаці перлін кінематографа краін “колішняга сацблока”. У ёй — і новая стужка румынскага рэжысёра, уладальніка “Залатой пальмавай галіны” Канскага фестывалю Крысціяна Мунджу “За ўзгоркамі”, і нашумелая работа расіяніна Васіля Сігарава “Жыць”, і вядомы Міхаіл Сегал з карцінай “Апавяданні”, і рэжысёр “Класа” Ілмар Рааг з фільмам “Эстонка ў Парыжы”…

Конкурс “Маладосць на маршы” прадставіць работы перспектыўных рэжысёраў з усяго свету.

Асаблівая ўвага нададзена і конкурсу для дзіцячай ды юнацкай аўдыторыі. Адкрыецца ён сёлета, дарэчы, 3 лістапада. “Праграма “Лістападзіка” гэтым разам складаецца з фільмаў, што разлічаны не толькі на дзіцячыю аўдыторыю, — падкрэсліў Ігар Сукманаў, які сёлета з’яўляецца дырэктарам як праграм ігравога кіно, так і праграмы гэтага конкурсу. — Тое будуць разнастайныя жанравыя карціны — лаўрэаты і пераможцы спецыяльных кінафорумаў, — атрымаць асалоду ад прагляду якіх здолеюць і дарослыя. І асабліва — тыя, хто шукае і цэніць светлае кіно...

Што да секцыі дакументальнага кіно, то пэўнай навацыяй у ёй стаўся сёлета конкурс нацыянальных кінашкол. У ім прымуць удзел чатыры адмысловыя інстытуцыі з Арменіі, Расіі, Вялікабрытаніі і Беларусі “ў асобе” Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў.

Толькі пералічыць назвы пазаконкурсных кінапраграм, колькасць якіх на “Лістападзе-2012” набліжаецца да дваццаці, падаецца справай амаль немагчымай. Ды, тым не менш, не назваць тры з іх падаецца недаравальным: гэта рэтраспектывы літоўскага рэжысёра Шарунаса Бартаса, чэшскага кінамайстра Штэфана Угера і японскага мастака Нагіса Осімы. Дырэкцыя фестывалю прадаставіла шыкоўны выбар тым гледачам, хто не здолее трапіць на паказы асноўных конкурсаў.

Асобна ўзгадаем і персанальную фотавыстаўку Дзмітрыя Елісеева — сябра і пастаяннага аўтара здымкаў для “К” — “Пра тых, каго мы любім і памятаем”, якая адкрыецца ў кінатэатры “Перамога” ў рамках кінафоруму.

Закрыецца жа “Лістапад-2012” паказам фільма — уладальніка “Залатой пальмавай галіны” сёлетняга Канскага кінафестывалю — “Каханне” аўстрыйскага кінарэжысёра Міхаэля Ханэке.

Аўтар: Дар’я АМЯЛЬКОВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"