І яны маюць рацыю…

№ 42 (1064) 20.10.2012 - 27.10.2012 г

РЭГІЁНЫ: майстар-клас крэатыву

Гэтым разам паспрабавалі адшукаць яркія ідэі сярод супрацоўнікаў раённых метадычных цэнтраў. Менавіта яны валодаюць метадалогіяй і методыкай творчага поспеху ды “ўзбройваюць” гэтым досведам вясковыя клубныя ўстановы. У выніку ўзаемадзеяння нараджаецца і мацуецца аўтарытэт клубніка. І заслуга метадыста ў гэтым — неаспрэчная. Праўда, ягоны штомесячны заробак метадычнай знакавасці ніяк не адлюстроўвае. Але гэта — тэма для зусім іншай гаворкі. А цяпер — пра адмысловыя праекты, народжаныя саюзам “метадыст-клубнік”.

Валожыншчына:
калі начальнік — хросны бацька

Алена Конаўка — не толькі дырэктар Валожынскага РЦК, але адначасова і кіраўнік раённага метадычнага цэнтра. Сфера ўплыву яго распаўсюджваецца не толькі на горад, але, натуральна, і на сяло. Начальнік аддзела культуры Валожынскага райвыканкама Вікенцій Адамовіч ацэньвае працу метадыстаў досыць высока. Менавіта пры іх удзеле ініцыявана традыцыйнае этнасвята “З крыніц жыватворных…”. Апошнім разам яно прайшло на базе Ракаўскага цэнтра фальклору і мела падзагаловак “Сваты ў Ракаве”.

Абрад быў узноўлены на падставе мясцовых старадаўніх традыцый. І сваты былі важнымі, і маладыя хваляваліся, а ў ролі хроснага бацькі аднаго з іх выступіў начальнік аддзела культуры. Справа знайшлася і для мясцовага Заслужанага аматарскага калектыву краіны “Гасцінец”... Лішне казаць, што дзея атрымалася відовішчнай. Нездарма ў ракаўскага мецэната і гаспадара прыватнай мастацкай галерэі Фелікса Янушкевіча з мясцовымі артыстамі — даўнія трывалыя стасункі. Па словах Алены Конаўка, самадзейныя канцэрты для шматлікіх наведвальнікаў галерэі — справа звыклая. А мастак, у сваю чаргу, дапамагае ДШМ у наладжванні жывапісных пленэраў.

/i/content/pi/cult/396/7981/1-1.jpeg

Ганцавіччына:
у бабуліным куфэрку

Як папоўніць фонд раённага краязнаўчага музея, не ўкладаючы ў справу вялікіх грошай? Не скажу, што адказ на гэтае няпростае пытанне ганцавіцкія метадысты знайшлі імгненна.

“Мазгавы штурм”, як распавядае дырэктар РМЦ Ала Занька, нарадзіў раённы праект “Фоталюстэрка маёй вёскі”. За яго рэалізацыю ўзялося літаральна ўсё насельніцтва раёна, бо ўсё выключна проста: дастаткова залезці ў бабулін куфэрак, адшукаць здымак-другі, на якіх адлюстраваны гісторыя, культура, побыт ды традыцыі, — і можна прымаць удзел у конкурсе на самы цікавы фотарарытэт.

/i/content/pi/cult/396/7981/1-2.jpeg

Праект дзейнічае другі год. У выніку музей перыядычна атрымлівае для сваіх гістарычных экспазіцый унікальныя “фоткі”: першая аблава на ваўкоў яшчэ за польскім часам, першы савецкі кінасеанс, выявы партызанскага жыцця пад час Вялікай Айчыннай ці калгасных вяселляў у пасляваенны час… І, як пераконвае дырэктар Ганцавіцкага райметадцэнтра, — амаль ніякіх капіталаўкладанняў у рэалізацыю дабрачыннай акцыі.

Ваўкавышчына:
эрудытам быць прэстыжна

Дырэктар раённага метадычнага цэнтра народнай творчасці аддзела культуры Ваўкавыскага райвыканкама Галіна Чарапок любіць маштабныя акцыі. Я зараз — нават не пра тое, што пры Цэнтры дзейнічаюць аж тры метадычныя школы, дзе клубнікі раёна перыядычна ўзбагачаюць свае веды ў няпростай навуцы ўдасканалення рэгіянальнай культуры. Я зараз — пра маштабныя творчыя праекты Галіны Іванаўны.

Першы звязаны з каманднай гульнёй кшталту тэлевізійнай “Што? Дзе? Калі?”. Але ў ваўкавыскім варыянце яна мае нацыянальны грунт, таму барацьба ідзе за Кубак Волака і Вісіка. 13 кастрычніка адбыўся трынаццаты розыгрыш Кубка. Дарэчы, перамагла каманда, што зарэгістравалася пад трынаццатым нумарам... Дык вось, пра маштабнасць. Спачатку гульня была абласной, потым стала адкрытай і пераўтварылася, па сутнасці, у рэспубліканскую.

Наступны агульнарэспубліканскі праект неўтаймоўнай Галіны Чарапок звязаны з розыгрышам Кубка гумару. І прызначана дадзенае спаборніцтва, як і заўжды, не толькі для работнікаў культуры. Яшчэ адзін доказ таго, што сапраўдны метадыст — ініцыятар, каардынатар і каталізатар любой культурнай акцыі. Інакш кажучы, без яго ўпэўненае развіццё клубнай справы ўявіць немагчыма.

 

На здымках: калектыў "Гасцінец" з Валожыншчыны; фотаздымак 1912 г., адшуканы ў рамках ганцавіцкага праекта “Фоталюстэрка маёй вёскі”.

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"