… Абаяльны, пластычны, падцягнуты, з мяккім барытонам, Лявонцьеў праявіў сябе вельмі чуйным да прафесіі: з 1976 года ягоная акцёрская маладосць пазначана добрым тузінам другарадных персанажаў без імёнаў і прозвішчаў, і ўвесь тузін шчодра сілкаваўся лявонцьеўскай непаўторнасцю. Год 1981-ы пазначаны заўважным акцёрскім поспехам: ніводная тагачасная рэцэнзія на спектакль “Як гартавалася сталь” не абыходзілася без таго, каб не згадалі ролю буфетчыка Прахошкі: эпізадычная роля сталася адной з самых ёмістых і значных. Прахошка порстка гаспадарыў у буфеце чыгуначнай станцыі, даваў дыхту афіцыянтам, годна стасункаваўся з наведвальнікамі і крутам-мутам уладарыў на станцыі, у горадзе, — траха не ў свеце! Прайдзісвет Прахошка застаўся адной з самых улюбёных роляў акцёра Лявонцьева.
Крамнік Хобс са спектакля “Маленькі лорд Фаўнтлярой” — роля важкая і складаная сваёю станоўчасцю. Хобс мусіў вучыць жыццю маленькага лорда Седрыка, даць яму колькі ўрокаў чуласці і запэўніць малога ў сваёй спагадзе. Характарных рысаў свайму Хобсу акцёр Лявонцьеў адшкадаваў вельмі скупа: крамнік быў стрыманым ды спакойным, затое дужа шчырым, надзейным, натуральным.
Казачныя персанажы Лявонцьева — заўсёдныя дзіцячыя ўлюбёнцы: Млынар (“Шукай ветру ў полі”), сквапны Купец (“Пра Іванку дурненькага”), Мухамор (“Жылі-былі дзве лісічкі”), жыццялюбец-Людаед (“Кот у ботах”), ваяўнічы Ваенны міністр (“Сястра мая Русалачка”), справядлівы Доктар (“Дзень нараджэння ката Леапольда”), разважлівы Леў (“Дарога на Віфлеем”)…
Зорная роля Лявонцьева — Клоун Клаус, добры чалавек, з чыёй прыстойнасці і даверлівасці скарысталіся благія людзі. Міхаіл Лявонцьеў далікатна даводзіў аўдыторыі, што душэўнасць, прыстойнасць, спагадлівасць ягонага персанажа маглі абараніць хіба цвёрды характар, абачлівасць і цвярозы розум. Але вучоны — а менавіта вучоным-вынаходнікам і быў Клаус — і ўявіць не мог, якой бядзе, якому гору могуць слугаваць ягоныя адкрыцці. Ад першага выхаду Клауса на сцэну за ім адчувалася нейкая няўлоўная віна — у манеры рухацца, размаўляць, прадстаўляць нумары сваёй вясёлай праграмы, паводзіць сябе з хворымі дзецьмі. Глядацкую аўдыторыю ён тым часам далікатна рыхтаваў да нейкай страшнай праўды, а пасля таго, як гэтая праўда высвятлялася, з Клауса нібы здымаўся цяжкі гнёт. Ён выпростваўся ў літаральным сэнсе: здавалася, нават ростам рабіўся вышэйшы. У гаворцы з’яўлялася ўпэўненасць, вінаватую ўсмешку змяніў здаровы смех, а — галоўнае! — акцёр ясна выяўляў, што наперадзе — выйсце! Выйсце з прыгнёту віны, з разгубленасці, пазбаўленне ад шоку здрады, а для малога, якім Клаус апякуецца, — выйсце з хваробы! А менавіта выздараўлення для дзяцей дамагаўся герой Лявонцьева на працягу ўсяго дзеяння. Ён ахвяраваў уласным жыццём, ахвяра — цана пазбаўлення Клауса ад памылак даверлівасці. Але мэта — жыццё і здароўе дзяцяці — настолькі вялікая, што ахвяра Клауса не ўспрымалася фатальна і змрочна.… Тэатральны акцёр заўжды ахвяруе сябе часу: ягонае мастацтва ўсё яшчэ цяжка фіксаваць для нашчадкаў. Выходзіў на сцэну, іграў, жыў, быў, яшчэ ўчора грыміраваўся, паўтараў ролю… Дзіўны занятак, калі не сказаць — дзівосны. Ні змрочнасці, ні фаталізму. Хіба толькі любоў…
Ад імя ўсіх, хто служыць у тэатры,
—загадчык літаратурна-драматычнай часткі
Жана ЛАШКЕВІЧ