Як адзначылі ў Дзяржаўным літаратурна-мемарыяльным музеі Якуба Коласа, сёлета чакаецца надзвычай насычаная праграма Рэспубліканскага свята паэзіі “О, Беларусь, ты сэрца і душа...”. У прыватнасці, 26 кастрычніка ў Стоўбцах адбудзецца ўрачыстая сустрэча ганаровых гасцей свята з удзелам народных калектываў раёна. Пасля ўрачыстае дзейства перанясецца ў мемарыяльныя сядзібы.
Так, у сядзібе “Акінчыцы” ў святочнай праграме “Абернем у свята мы дзень наш будні” запланавана выстаўка юных мастакоў Стаўбцоўшчыны, выступленні паэтаў-землякоў. А яшчэ падрыхтаваны інтэрактыў: знаёмства з “ажылымі” героямі твораў Якуба Коласа.
Мемарыяльная сядзіба “Альбуць” падрыхавала праграму “Дзяцінства сны мае…”, куды ўключаны выстаўка-кірмаш вырабаў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва з майстар-класамі творцаў, дзіцячая выстаўка рамёстваў “На крылах натхнення”, выступленне ўдзельнікаў конкурсу “130 прысвячэнняў Якубу Коласу” і нават дэгустацыя старадаўніх беларускіх страў, апісаных у творах класіка.
Выстаўка майстроў народнай творчасці пройдзе і ў Мемарыяльнай сядзібе “Смольня”, дзе, сярод іншага, чакаюцца выступленні членаў Саюза пісьменнікаў Беларусі і музычна-харэаграфічная кампазіцыя “Мой родны кут” у выкананні народных калектываў Стаўбцоўшчыны.
У сваю чаргу, у Старасвержанскім цэнтры культуры адбудзецца вялікі святочны канцэрт з удзелам Беларускага дзяржаўнага ансамбля народнай музыкі “Свята”, Музычнай капэлы “Санорус”, лаўрэата міжнародных конкурсаў Пятра Ялфімава, салісткі Маладзёжнага тэатра эстрады Ганны Благавай, а таксама акцёраў беларускіх тэатраў.
К.А.