Спецыяльным госцем кінапрагляду будзе Рык Верлемен — адзін з арганізатараў міжнародных фестываляў у Ратэрдаме, Трансільваніі, адборшчык найбуйнейшага рэгіянальнага фестывалю Галандыі “Northem Film Festival”, сябра кансультатыўнай рады Галандскага кінафонду. Рык Верлемен прыме ўдзел у семінары ды правядзе для студэнтаў майстар-клас на тэму “Стратэгія ўдзелу ў кінафестывалях і кінарынках Еўропы”.
Пракаментаваць падзею “КінаАрт па-беларуску” мы папрасілі дэкана факультэта экранных мастацтваў Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў Паўла Іванова. У прыватнасці, ён сказаў:
— На пазаконкурсны прагляд “Лістапада-2012” наш факультэт прадставіць чатыры кароткаметражныя ігравыя фільмы, адабраныя дырэкцыяй фестывалю. Калі карыстацца тэрміналогіяй ВГИКа, гэта чатыры творчыя майстэрні: стужка “На здрадзе” Сяргея Лебедзева і Аляксандра Тапчэева — пад кіраўніцтвам аператара Пятра Крывастаненкі і рэжысёра-дакументаліста Міхаіла Жданоўскага; карціна “Серафіма” Аляксандры Бутар прадстаўляе майстэрню Аляксандра Яфрэмава; “Адзінота”, рэжысёр — Дзмітрый Дзядок, кіраўнік — Маргарыта Касымава; і — мой студэнт, іранец Адэль Махаге, з фільмам “Час сысці”.
Што гэта дае нам, акрамя прэстыжу? Адзначу, што прэстыж заўжды мае матэрыяльны эквівалент. Вось і я спадзяюся, што пасля ўдзелу нашых выхаванцаў у кінафестывалі “Лістапад” ім прасцей будзе ўладкавацца на працу на радзіме. Размеркаванне выпускнікоў факультэта кожны год становіцца для нас галаўным болем. Нашы спецыялісты запатрабаваны ва Украіне — там іх бяруць працаваць, часта нават без папярэдняга сумоўя, давяраючы беларускай школе. А вось у нас для выпускнікоў факультэта экранных мастацтваў працы часта няма…
Заўважце, недзе да 2000 года ў Расіі ўсвядомілі, што лепш рабіць свае тэлесерыялы, чым купляць замежныя. Гэтага патрабуе глядач, гэта ў інтарэсах дзяржавы. Ішла гаворка пра 400 гадзін у год. Частка гэтага абшару магла б забяспечыць беларускае тэлебачанне. Паглядзіце, хто зараз робіць тэлесерыялы для расійскіх каналаў: гэты канвеер забяспечваюць украінцы. А на месцы Украіны магла б аказацца Беларусь… Цяпер прабіцца туды будзе значна цяжэй. Так што, паўтаруся, галоўнае, чаго я чакаю ад удзелу нашых студэнтаў на “Лістападзе”, — гэта тое, што іхні талент будзе заўважаны, і праз гэта рэалізаваны найперш на радзіме…
П.В.