Гэтае міжнароднае супрацоўніцтва наладжана дзякуючы ўпраўленню культуры Брэсцкага аблвыканкама. Запачаткаваў сталую традыцыю колішні намеснік начальніка ўпраўлення, вядомы навуковец і культурны дзеяч Леанід Несцярчук. Цяпер справу працягвае старшыня абкама прафсаюзаў работнікаў культуры Галіна Крынец. У выніку святочныя мерапрыемствы штогод наведваюць самыя розныя калектывы з усіх куткоў Брэсцка-Пінскага Палесся. Гэтым разам беларускую культуру прадставіў народны ансамбль народнай песні Бярозаўскага ГДК “Заранак”, якім кіруе Алена Говіна.
За чатыры дні ён выступіў перад публікай мястэчак Гарволін і Мацяёвіцы.
Паездка дала нам магчымасць яшчэ глыбей пазнаёміцца з гісторыяй ды культурай суседняй краіны, пакінула самыя яскравыя ўражанні.
Адбыліся і навуковыя пасяджэнні. Слова пра Тадэвуша Касцюшку прамовілі і тыя, хто пачынае свой шлях у навуцы, і тыя, хто ўжо мае вялікі досвед. Двое навукоўцаў прыехалі з Беларусі: Анатоль Трафімчык выступіў з дакладам “Беларуская песня пра Касцюшку” як з’ява гісторыі і культуры”. Леанід Несцярчук назваў сваё выступленне “Вайна 1812 года на Беларусі і Польшчы”. З ім ён выступіць на заключным навуковым пасяджэнні, што адбудзецца 20 кастрычніка ў Варшаве.
Галіна МІХНЕВІЧ, вядучы метадыст Бярозаўскага РМЦ