Паром для леанідаў

№ 41 (1063) 13.10.2012 - 20.10.2012 г

Караткевіч на віцебскай сцэне

Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя Якуба Коласа прадставіў гледачам чарговую прэм’еру — спектакль “Леаніды не вернуцца на зямлю” паводле рамана Уладзіміра Караткевіча.

Рэжысёр Міхась Краснабаеў не ўпершыню звяртаецца да сцэнічнага ўвасаблення творчай спадчыны знакамітага беларускага пісьменніка. Гэтым разам ён абраў не надта вядомы ў шырокіх колах раман Караткевіча. І, у адрозненне ад іншых інсцэніроўшчыкаў, якія ў першую чаргу канцэнтруюць увагу на гістарычнай частцы твора — гісторыі пра паром на бурнай рацэ, — угледзеў у рамане папраўдзе вечную для мастацтва тэму кахання — чуллівага, сентыментальнага, пранізліва-меладраматычнага, таго, што ўзнімаецца на надматэрыяльны і надпобытавы ўзровень.

/i/content/pi/cult/395/7955/3-1.jpeg

Спектакль пачынаецца з “ажывання” ці то старых студэнцкіх фотаздымкаў, ці то старонак-ілюстрацый якогасьці падручніка па літаратуры. Адна за другой “выявы” становяцца людзьмі, настройваючы і гледачоў на тое, што вось-вось мае ажыць ды набыць свой аб’ём і гісторыя, выкладзеная Караткевічам на гэткіх жа “плоскіх” старонках кнігі.

Мастак Святлана Макаранка ўводзіць у спектакль вобраз караткевічаўскага парома праз сцэнаграфію, якая ўяўляе з сябе гэты самы паром, што адарваўся ад берагоў і хістаецца ўправа-ўлева, бы трэсачка ў віры, шукаючы для сябе якога-кольвечы апірышча. У гэткім жа “хісткім” тэмпарытме існуе і галоўны герой спектакля Андрэй Грынкевіч. У выкананні акцёра Юрася Гапеева ён — папраўдзе рамантычны герой, які пакутуе ад адсутнасці моцных, сапраўдных, жывых эмоцый. А калі іх сустракае, то кідаецца ў пачуцці, бы ў вір з галавою. У адрозненне ад Ірыны Горавай Алены Ганум, якая знаходзіць для сваёй гераіні небанальныя рысы жаночай цнатлівасці і... абачлівасці ў дачыненні да гэткіх нястрымных пачуццяў. Нягледзячы на знешнюю простасць, перад маладымі акцёрамі — выканаўцамі роляў галоўных герояў спектакля стаіць надзвычай складаная для сённяшняга дня задача: засваенне стылістыкі рамантычнага тэатра, дзе традыцыйнай сцэнічнай псіхалогіі адводзіцца месца ў дальніх шэрагах. Тут валадараць пачуцці і памкненні, а значыць, і акцёрскі поспех шмат у чым залежыць ад таго, наколькі кожнаму з выканаўцаў удаецца рашыцца адмовіцца ад звыклых для яго спосабаў сцэнічных узаемаадносін і не “падсесці” на гульню ў псіхалагічны тэатр.

/i/content/pi/cult/395/7955/3-2.jpeg

Не саромеючыся падкрэсленага сентыменталізму сцэнічнай гісторыі, рэжысёр прапаноўвае нам цалкам аддацца рамантычнай стылістыцы аповеду. І гэткая наіўнасць, нягледзячы на простасць і нават у чымсьці павярхоўнасць яго сістэмы мастацкіх знакаў, знаходзіць жывы водгук у сэрцах гледачоў, якія літаральна ручаямі льюць слёзы над такой кароткай гісторыяй кахання галоўных герояў. На думку пастановачнай групы, гэта — важны і важкі вынік яе работы: паказаць і даказаць сучасным людзям натуральнасць магчымасці, і ў першую чаргу не герояў спектакля, а іх — гледачоў у зале, — аддавацца падобным эмоцыям без усякіх акалічнасцей, шчыра і палка.

На здымках: сцэны са спектакля.