“Маўглі” ў Слоніме

№ 41 (1063) 13.10.2012 - 20.10.2012 г

Героі Кіплінга загаварылі па-беларуску

5 кастрычніка ў Слонімскім драматычным тэатры адбылася прэм’ера спектакля для юных гледачоў паводле аповесці англійскага пісьменніка Р.Кіплінга “Маўглі”. П’есу напісаў слонімскі драматург Аляксей Якімовіч.

/i/content/pi/cult/395/7954/2-3.jpeg

Ствараючы п’есу, драматург узяў толькі кавалачак сюжэта з апавяданняў пра Маўглі, пачынаючы з таго моманту, як з Маўглі сустракаецца дзяўчына Месуа. Галоўны герой спектакля Маўглі (артыст Васіль Шалаеў), які выхаваны на вопыце жыцця ў джунглях у вялікай воўчай сям’і і апякуецца сваімі добрымі сябрамі-звярамі — высакародным мядзведзем Балу (Віталь Спасюк), прыгожай дзяўчынай Месуа (Галіна Ерамейчык) і мудрым Шэрым Братам (Раман Вайтулевіч), адважна ўступае ў змаганне з каварным і драпежным Шэрханам (Сяргей Яўменаў), з якога выходзіць пераможцам.

Дзякуючы непасрэднасці сцэнічнага акцёрскага існавання, трапна знойдзенай ды арганізаванай сэнсавай і эмацыйнай інтанацыі размовы выканаўцаў з юным гледачом аб перамозе дабра пастаноўка выклікала самую шчырую прыхільнасць.

Вядома, у спектаклі, як і ў самой п’есе, зменены некаторыя дэталі сюжэта твораў Кіплінга з мэтай большай сцэнічнасці. Але збераглося галоўнае — дух твораў “Кнігі джунгляў” і тэма сутыкнення паміж злым і разліковым эгаізмам Шэрхана ды законамі брацтва і сяброўства.

Спектакль паставіў галоўны рэжысёр тэатра Васіль Сявец. У кастрычніку — лістападзе са слонімскім “Маўглі” будуць знаёміцца і дзеці з іншых рэгіёнаў Беларусі, дзе мае гастраляваць тэатр. Спектакль ідзе на беларускай мове, у ім шмат танцаў і песень, якія дапамагаюць зрабіць невялікае падарожжа ва ўсходнюю краіну з яе экзатычным каларытам.

Сяргей ЧЫГРЫН

Слонім

На здымках: сцэна  са спектакля “Маўглі”.

Фота аўтара