Дзве іпастасі адной асобы

№ 45 (811) 10.11.2007 - 16.11.2007 г

У літаратурна-мастацкім салоне “Сустрэчы на Замкавай” адбыўся юбілейны вечар члена Саюза мастакоў Беларусі, нязменнага дырэктара, пачынаючы з 1989 года, Гомельскага мастацкага вучылішча Аляксандра Іванавіча Фядотава.

 /i/content/pi/cult/136/795/Dzve-ipastasi.jpg
 А.Фядотаў. “Золата восені”.
Мастацкае вучылішча створана па ініцыятыве грамадскасці горада (да 1996 года — філіял Мінскага мастацкага вучылішча пры Беларускай акадэміі мастацтваў). Аб добрай арганізацыі вучэбнага працэсу гаворыць тое, што за мінулыя дзесяць гадоў стыпендыятамі спецыяльнага фонду Прэзідэнта Беларусі па падтрымцы таленавітай моладзі сталі дзесяць навучэнцаў. Толькі за апошні — 2007 год студэнтамі Акадэміі мастацтваў, Маскоўскага мастацка-прамысловага універсітэта імя С.Г. Строганава, Расійскай і Варшаўскай акадэмій мастацтваў сталі 18 чалавек. Цяпер у вучылішчы займаюцца 150 навучэнцаў. Гэта згуртаваны калектыў, што кіруецца цвёрдай рукой дырэктара і выкладчыка.
Адданасць сваёй справе, шматгадовая звычка не нарміраваць рабочы дзень, умелае кіраўніцтва калектывам, клапатлівыя адносіны да вучняў, якія па тых альбо іншых прычынах пазбаўлены сям’і, стварылі яму бясспрэчны аўтарытэт. І недарэмна з 14 выкладчыкаў вучылішча сямёра — яго былыя выпускнікі.
Акрамя таго, Аляксандр Іванавіч вядомы як таленавіты жывапісец. Сур’ёзны, падцягнуты, скупы на словы, ён робіць уражанне чалавека, які “сам сабе на ўме”, але разам з тым за напускным раўнадушшам хаваюцца бурлівыя пачуцці, якія потым выліваюцца ў цудоўныя краявіды. Як ні дзіўна, няўлоўна яны нагадваюць суровую прыгажосць скандынаўскіх ландшафтаў. На яго карцінах амаль не бывае чалавека. Тут уладар — прырода. Яна пануе над чалавекам, а не ён — над ёю.
І ледзь прысыпаныя шэранню дрэвы, зямля і сажалка з гарлачыкамі, абкружаная непраходным кустоўем, і прасёлкі с дахамі хат, што віднеюцца ўдалечыні, і вясенні голы сіратлівы лес, які прыгорбіўся пад ледзяным ветрам, і буянне восеньскіх фарбаў — усё гаворыць аб тым, што мастак мае тонкую рамантычную душу.
Пейзажы А.Фядотава навяваюць светлы сум і чамусьці — шкадаванне па мінулых гадах. Сама аура прыроды, якая струменіць жыватворную энергетыку, гаворыць аб скарацечнасці часу, аб тым, што наша жыццё — адзіныміг, куды мы павінны ўмясціць непаўторныя моманты шчасця і пакут, пазнанне быцця, асэнсаванне жыцця і радасць сувязі з прыродай. Перадаць на палатне тонкія нюансы пораў года і настрою — вельмі складаная задача, якую мастак паспяхова вырашае.

Наталля МАЛАШЭНКА,
загадчык аддзела Гомельскай ЦГБ імя Герцэна