Чаго патрабуе праграма?

№ 41 (1063) 13.10.2012 - 20.10.2012 г

Фестываль Юрыя Башмета: адкрыцці паміж “супер” і “як раней”

Праграма VII Міжнароднага фестывалю Юрыя Башмета была як ніколі раней працяглай: ажно два тыдні. І — надзвычай багатай на папраўдзе выбітныя мастацкія з’явы ды нават адкрыцці, бо многія вядомыя ў Еўропе музыканты выступалі ў нас упершыню. Былі і першыя выкананні ў нашай краіне новых твораў сусветна знакамітых кампазітараў. Разам з тым, развагі пра ўсё гэта датычацца не толькі ўласна мастацкіх здабыткаў, але і сацыяльнай праблематыкі: практычна ўсе сталічныя канцэрты, за выключэннем апошніх двух, праходзілі, мякка кажучы, без звыклых аншлагаў. Дык чаму ж узніклі гэтыя “нажніцы” паміж высокай якасцю — і не самым высокім попытам на яе?

П’яцола, Вівальдзі ды кантрабас

Каб разабрацца, паспрабуем звярнуцца, найперш, да музыкі, што гучала. І асаблівую ўвагу звернем не на заўсёднікаў фестывалю (хто ж не ведае Башмета ды яго славутыя калектывы?), а на тых, хто прыехаў да нас упершыню ці пасля доўгага перапынку.

Дзяржаўны камерны аркестр Літвы, якому выпаў гонар адкрываць свята, паставіў у цэнтр праграмы дзве “Пары года” — Вівальдзі і П’яцолы, які ў гэтым творы звяртаўся да цытавання свайго “папярэдніка”.

— Акурат учора, — сказаў пасля канцэрта галоўны дырыжор і саліст калектыву Сяргей Крылоў, — мы адкрывалі сезон у Вільнюсе зусім іншай праграмай. Увогуле, заўсёды імкнёмся паказваць у замежжы свае нацыянальныя творы. Але тут, улічваючы адкрыццё фестывалю, вырашылі прапанаваць штосьці вельмі дэмакратычнае, разлічанае на самую шырокую публіку. Музыка Вівальдзі і П’яцолы ўжо сама па сабе — свята...

/i/content/pi/cult/395/7949/2-1.jpeg

Сапраўды, “Поры года” П’яцолы прагучалі вельмі молада і свежа, з нервовай вытанчанасцю, але без аніякага трагізму, які можна пачуць у іншых знаных выканаўцаў гэтага твора. Аркестр граў практычна без дырыжора, прыслухоўваючыся да С.Крылова як да саліста. І толькі ў пачатку некаторых частак, дзе яго скрыпка маўчала, ён задаваў тэмп дырыжорскім узмахам.

Гэтак жа нязмушана і свабодна, быццам “імправізуючы”, прагучаў Вівальдзі, дзе з асаблівай любоўю і цеплынёй былі падкрэслены перазовы-”перамовы” паміж інструментамі. Захапіла разнастайнасць скрыпічнага гуку, уменне саліста і аркестрантаў спалучаць шыкоўную кантылену з амаль “шалясценнем”.

У п’есах П’яцолы для фартэпіяна і струнных саліраваў аўтар ідэі і нязменны мастацкі кіраўнік фестывалю — лаўрэат міжнародных конкурсаў Расціслаў Крымер. Але яшчэ адным салістам па праве стаў… кантрабасіст аркестра. Пераняўшы ад раяля “тэму”, што складалася з мерных паўтораў адной ноты, ён зрабіў з гэтага такую мелодыю! А не змяняў жа нічога ў тых паўторах, акрамя афарбоўкі гуку ды ўнутранага адчування фразіроўкі. У іншых фрагментах кантрабас выступаў і ў ролі “ціхага ўдарнага” інструмента, чаму спрыялі сучасныя прыёмы ігры на гэтым інструменце. Было заўважна, што ў гэтым калектыве, нягледзячы на звыклую аркестравую назву, кожны пачувае сябе салістам ды адначасова аднадумцам. І атрымлівае ад сваёй ігры неверагоднае задавальненне!

/i/content/pi/cult/395/7949/2-2.jpeg

Каму часам бракуе гульні?

Падумалася: менавіта такога “гульнёвага” стаўлення да цяжкой выканальніцкай справы часам, здараецца, бракуе нашым музыкантам. На гэта звярнулі ўвагу і ўдзельнікі “AVIV-квартэта” з Ізраіля, праводзячы майстар-клас са студэнтамі Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі. Адзначыўшы надзвычай высокі ўзровень падрыхтоўкі і сапраўдны прафесіяналізм нашых струннікаў, яны здзівіліся, што такія маладыя па ўзросце музыканты граюць, бы старыя: надта драматычна і нават трагічна. Як пазбегнуць залішняй перавагі такіх фарбаў, ізраільскія госці паказалі на сваім канцэрце. У квартэце Бетховена, што мае назву “Сур’ёзны”, кампазітар паўстаў як прадвеснік рамантызму, але ж у творы падкрэслівалася не “мяцежнасць духу”, а ягоная музычнасць, гармонія прыгажосці, у якой Бетховену часцяком адмаўляюць. Квартэт № 2 А.Барадзіна атрымаўся надзвычай рускім, славянскім, зусім іншым, у параўнанні з Бетховенам, ужо паводле самога гуку струнных — з большай вібрацыяй і набліжанасцю да спеўнай культуры, з большай кантраснасцю пераходаў паміж супрацьлеглымі эмацыйна-вобразнымі вымярэннямі. Квартэт Эрнста Дананьі, венгерскага кампазітара ХХ ст., прагучаў у нас упершыню. І быў выкананы з асаблівай грацыёзнасцю, не страчанай нават у самых галаваломных пасажах.

/i/content/pi/cult/395/7949/2-3.jpeg

А як саліравала ў Другім канцэрце Чайкоўскага Таццяна Самуіл з Бельгіі! Майстра разнастайнага вібрата, яна скарыла папраўдзе шалёнай віртуознасцю. А якое захапленне выклікалі піяністка Ксенія Башмет, габаіст Аляксей Агрынчук, віяланчэліст Аляксандр Бузлоў, салісты Берлінскага філарманічнага аркестра! Выкананне кожнага з іх заслугоўвала б асобнага артыкула…

А цяпер — нашы…

Не згубіліся на гэтым фоне і нашы, беларускія, зоркі. Тым больш, сярод іх былі і маладыя, але ўжо сусветна прызнаныя музыканты. Віяланчэліст Аляксей Кісялёў здолеў прыляцець з Лондана літаральна за некалькі гадзін да пачатку выступлення. Але па яго вытанчанай інтэрпрэтацыі Канцэрта Э.Эльгара ніхто са слухачоў не здагадаўся ні пра гэта, ні пра тое, што спаць яму давялося ўсяго паўтары гадзіны. Дарэчы, ён, як і Таццяна Самуіл, выступаў у суправаджэнні Маладзёжнага сімфанічнага аркестра Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі (кіраўнік — Андрэй Іваноў), за пульт якога ўстаў галоўны дырыжор аркестра Генуі П’етра Барганова (Італія).

Арцём Шышкоў граў у адным аддзяленні са славутым, даўно знаёмым нашай публіцы Віктарам Траццяковым. Атрымалася сапраўднае “спаборніцтва карыфеяў скрыпкі”, дзе кожны, уключаючы публіку (а яна на тым канцэрце папраўдзе “на жырандолях вісела”, не змяшчаючыся ў зале), выйшаў пераможцам. І, што цікава, у ігры кожнага, нягледзячы на вялізную розніцу ва ўзросце, было спалучэнне свежасці з мудрасцю, майстэрства — з творчай індывідуальнасцю.

/i/content/pi/cult/395/7949/2-4.jpeg

Найлепшым чынам зноў зарэкамендаваў сябе Дзяржаўны акадэмічны сімфанічны аркестр Беларусі, даўно ўжо годны звання Нацыянальнага. Вярнуўшыся з Дзён культуры Беларусі ў Літве, ён адразу ўключыўся ў шчыльны фестывальны графік, правёўшы ажно тры канцэрты з найскладанай праграмай, запрошанымі дырыжорамі (з іх асабліва хацелася б вылучыць надзвычай музычнага Андрэса Мустанена з Эстоніі).

Адметнымі былі і майстар-класы, што даўно ўжо сталі часткай гэтага фестывалю. Сёлета іх праводзілі пераважна маладыя музыканты, добра дасведчаныя ў методыках не толькі рускай выканальніцкай школы, але і разнастайных замежных. Канцэртуючыя музыканты (так званыя гуляючыя трэнеры), яны шчыра дзяліліся сакрэтамі, часта напрацаванымі за ўласную канцэртную практыку.

І ўсё гэта — “у дадатак” да самога Юрыя Башмета ды яго Камернага ансамбля “Салісты Масквы” (актэт гэтага ансамбля выступаў таксама ў Брэсце і Нясвіжскім замку). Ды за такую праграму арганізатараў трэба на руках насіць! Але ж былі і арганізацыйныя “неспадзяванкі”.

Дык для якой рукі канцэрт?

Да прыкладу, канцэрт ужо пачаўся, а яго праграмка, якую збіраліся прадаваць наведвальнікам, яшчэ толькі друкуецца — прытым, што і пералік твораў, і звесткі пра калектыў меліся даўно і не змяняліся. Буклет фестывалю раздаваўся бясплатна, але з’явіўся са спазненнем на некалькі дзён — толькі на трэцім канцэрце. Непаразуменні былі і ў закуліссі. Адзін з удзельнікаў форуму прызнаўся, што давялося выслухваць нараканні: маўляў, білеты на самалёт ён набыў не ў той авіакампаніі: "Дык што, папярэдзіць не маглі?" А яшчэ лепш — адразу забяспечыць усіх білетамі (праз Інтэрнэт гэта не цяжка), каб ні ў каго з артыстаў галава не балела, як і на чым дабрацца да Мінска. Праўда, мінчанам таксама “дасталося”. Наш аркестр вучыў той Фартэпіянны канцэрт М.Равэля, што прызначаны для левай рукі. А ў час рэпетыцыі з запрошаным дырыжорам раптам высветлілася, што ў саліста — “рук будзе дзве”. Прафесіяналы сваёй працы, аркестранты не падвялі. Але ж можна было абысціся і без аўралу!

Усё гэта, вядома, дробязі. Але збіраючыся разам, яны часам і ствараюць тую “апошнюю кроплю”, з-а якой гінуць добрыя пачынанні. Няпоўныя залы — першы “званочак” таго, што замала зрабіць праграму папраўдзе цікавай, адметнай ды насычанай мастацкімі празрэннямі — трэба яшчэ яе ўмела “паднесці”, збалансаваўшы якасць канцэртаў з рэкламай, коштам білетаў, суседствам з іншымі падзеямі канцэртна-тэатральнага жыцця сталіцы і ўсёй рэспублікі.

Хтосьці імкнуўся ўсё “спісаць” адно на кошт білетаў: больш за мільён. Так, юбілейны канцэрт сусветна вядомага французскага скрыпача Жана-Люка Панці, што праходзіў у Беларускім дзяржаўным цырку, мог “пацягнуць” і на 1 млн. 200 тыс. рублёў. Але ў філармонію можна было трапіць і за 60 тысяч. Толькі не ўсе пра гэта ведалі!

Ды ўсё ж, на мой погляд, галоўная прычына ў іншым: рэнамэ гэтага фестывалю, калі некаторыя ранейшыя выканаўцы дазвалялі сабе выходзіць на высокую фестывальную сцэну не зусім падрыхтаванымі. Вось і сумняваліся сёлета патэнцыйныя слухачы: а што, калі раптам — зноў нешта падобнае? Тым больш, некаторыя з гасцей, з фурорам аб’ехаўшы паўсвету, нашай публіцы былі пакуль невядомыя. Наведвальнікі майстар-класаў расказвалі: адчуўшы суперпрафесіяналізм музыкантаў, што іх праводзілі, агітавалі пайсці на канцэрт сваіх калег. А ў адказ чулі: “Што, ізноў, як раней?” — “Ды не, гэта папраўдзе супер!”

Даўно заўважана, што разбурыць нешта нашмат прасцей, чым скласці ці потым адбудаваць. Так, пэўна, і адбылося. Значыць, цяпер, калі такі фестываль нам патрэбны (а ў гэтым ніхто не сумняваецца: добрых канцэртаў павінна быць як мага больш), давядзецца ўлічыць памылкі, паставіцца да іх, як да “падказкі”, куды ісці далей. І — прыкласці ўсе намаганні, каб “неспадзяванкі” не паўтарыліся. Не толькі на гэтым фестывалі, але і на іншых падобных мерапрыемствах.

Фота Юрыя ІВАНОВА

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"