Маладзечанцы ў Варшаве

№ 41 (1063) 13.10.2012 - 20.10.2012 г

Сімфанічны аркестр Маладзечанскага дзяржаўнага музычнага каледжа імя Міхала Клеафаса Агінскага — Заслужаны калектыў Рэспублікі Беларусь і “візітоўка” Маладзечанскага рэгіёна — выступіў у польскім горадзе Красныстаў і запісаў дыск у Варшаўскай студыі гуказапісу, якая лічыцца адной з лепшых у Еўропе.

Падзея адбылася па запрашэнні дырэктара адной з дабрачынных арганізацый Веслава Брадоўскага.

— Гэтую падзею, — кажа заслужаны дзеяч культуры Беларусі, галоўны дырыжор і мастацкі кіраўнік аркестра Рыгор Сарока, — можна назваць значнай вяхой у гісторыі калектыву. Мы даўно працуем з польскімі калегамі, шмат разоў давалі канцэрты: Сакулка, Кузніцы, Люблін… Але такі змястоўны і доўгатэрміновы візіт у нас адбыўся ўпершыню…

Неўзабаве з’явіцца ўнікальны дыск з бессмяротнымі творамі не толькі Жоржа Бізэ, Джузэпэ Вэрдзі, Пятра Чайкоўскага, але і, галоўнае, беларускіх кампазітараў розных эпох: Міхала Клеафаса Агінскага, Яўгена Глебава ды іншых.

Па словах Веслава Брадоўскага, выступленне аркестра сталася сапраўдным музычным адкрыццём, якое дазволіла годна прадставіць нашу краіну ў Польшчы: “Доказам — высокая адзнака аўтарытэтных польскіх музыкантаў і музыказнаўцаў”.

Павел САПОЦЬКА

Маладзечна