“Каларыт пачуццяў”

№ 45 (811) 10.11.2007 - 16.11.2007 г

Так называецца выстаўка жывапісных твораў заслужанага дзеяча мастацтваў Беларусі Роберта Ландарскага, якая адкрылася ў Светлагорскай карціннай галерэі “Традыцыя” імя Германа Пранішнікава.

 /i/content/pi/cult/136/794/Kalaryt.jpg

Р.Ландарскі. “Лета майго маленства”.

Калі бачыш гэтыя сонечныя пейзажы знакамітага гомельскага мастака, то міжволі хочацца ўдакладніць назву экспазіцыі, дадаўшы ў яе яшчэ адно слова: “Каларыт светлых пачуццяў”.
І сапраўды: сярод трох дзесяткаў карцін няма ніводнай, якая б не была прасякнута радасным захапленнем, прасветленым настроем. Невыпадкова менавіта Роберта Ландарскага разам з Мікалаем Казакевічам і Дзмітрыем Алейнікам звыкла лічаць у нас заснавальнікамі гомельскай школы жывапісу, якая не прызнае любых праяў змрочнасці ў каларыце і тэматыцы твораў. Зрэшты, узнёслая прачуласць была ўласціва яшчэ бліскучым і колерамузычным імпрэсіяністам.
Вось і ў карцінах Роберта Яфімавіча мы бачым жыццярадаснасць і трапяткую зменлівасць святла. Нельга не заўважыць, што мастак аддае перавагу ўсім адценням чырвонага колеру. У светлагорскай экспазіцыі нямала вялікіх па памеры карцін.
Адна з іх — “Лета майго маленства”. Светлавалосы хлапчук у белай кашулі глядзіць на нас дапытліва, нібы ўзіраецца праз гады, якія давялося пражыць самому мастаку. А побач — сонечнае жарабя таксама толькі-толькі пазнае навакольнае асяроддзе. Святло зямлі і ззяючага неба надае гэтай карціне адчуванне святочнасці.“Вечар на Палессі” — твор, што, насуперак назве, прасякнуты прамяністымі разлівамі вады, у якой патанае нават аддалены астравок лесу. Між іншым, сваю прыхільнасць да ярка-чырвоных колераў Р.Ландарскі яшчэ больш выразна праяўляе ў карціне “Раніца”, дзе мы бачым вогненнага пеўня, які і абвяшчае сваім уладным крыкам світанак. Чырвоным кранута ўсё: і статак за ракой, і дзяўчына, якая дастае ваду з калодзежа.
Зусім іншая чырвань колераў у карціне “Вечар”: яна тут сапраўды вечаровая. Хіба толькі дзяўчына з вядром малака дадае чысціні гэтаму колеру сваёй сукенкай і хусцінкай...
Цудоўнай настраёвасцю вызначаецца таксама вельмі прасторавая карціна “Лета”. Ганарлівую радасць хлопчыка, мабыць, упершыню далучанага да калектыўнай працы, мастак здолеў перадаць з такой пераканаўчасцю, што гледачы не хаваюць свайго захаплення. Як, між іншым, і “Нараджэннем паэта”, “Белымі коньмі”, “Вечарам на Прыпяці”, “Парой сенакоснай”, “Дняпроўскімі далячынямі”...
Экспазіцыя пачынаецца творам, які мастак назваў “Баладай аб маці”. І сапраўды — балада. Эпічнасць, нейкая надчасавасць прысутнічае ў ёй вельмі выразна. Адразу ж усведамляеш: у сапраўдным мастацтве ёсць тое, што дасягаецца не толькі фарбамі. Вялізнае бясконцае неба нібы прыціскае сабой зямлю. Але святло і тут перамагае. Яно як бы зыходзіць ад самотнай постаці маці, што стаіць у чаканні на выгнутай, так і хочацца сказаць — зламанай, дарозе. Побач з ёю — сімвал сялянскага дабрабыту — карова... Мабыць, гэта адзін з лепшых твораў багатай творчымі ўдачамі экспазіцыі мастака, які нядаўна адзначыў сваё 70-годдзе, якому калегі зноў даверылі ўзначальваць Гомельскую абласную арганізацыю Беларускага саюза мастакоў.

Ізяслаў КАТЛЯРОЎ,
дырэктар Светлагорскай карціннай галерэі
“Традыцыя” імя Германа Пранішнікава