Перакананы, кожны з вас у сваім горадзе, мястэчку ці вёсцы адчуў мерапрыемствы Дзяржаўнай праграмы “Культура Беларусі” на 2011 — 2015 гады, што ўпершыню прынята і рэалізуецца ў рэспубліцы. Значным этапам з’яўляецца і Дзяржаўная праграма “Замкі Беларусі” на 2012 — 2018 гады, якая ўключае аднаўленне больш як трох дзясяткаў аб’ектаў нашай слыннай спадчыны.
Пасля рэстаўрацыі прыняў наведвальнікаў на ўсіх экспазіцыйных плошчах Нясвіжскі палац, што, разам з Мірскім замкам, з’яўляецца сімвалам нацыянальнай культуры.
Як і слова Янкі Купалы, Якуба Коласа, Максіма Танка... Юбілейныя даты класікаў далі магчымасць наноў адкрыць для сябе цудоўныя дыяменты пісьменства са скарбніцы роднага слова, сатканага з “легендаў і казак былых пакаленняў”.
Вызначэнне лідараў музейнай прасторы на І Нацыянальным форуме “Музеі Беларусі” ў Гродне прыпадае акурат на прафесійнае свята сферы. А як не згадаць у гэты дзень непаўторную па сваёй яркасці і разнастайнасці фестывальную палітру, невычэрпную крыніцу народнай творчасці і паўсядзённы плён устаноў культуры ў рэгіёнах рэспублікі, выставачныя праекты, тэатральныя і кінапрэм’еры! За кожнай з гэтых падзей — ваша стваральная праца, крэатыўны падыход і перспектыўнае бачанне.
Беларуская культура — гэта зорка, якая свеціць усім тым, хто гатовы яе прыняць і зразумець, усім, хто рупліва працуе над яе ўзбагачэннем; яна — крыніца духоўнага здароўя нацыі і падмурак развіцця нашай дзяржаўнасці.
Шчыра жадаю вам моцнага здароўя, прафесійных поспехаў і арыгінальных праектаў, што праславяць нашу культуру!
Міністр культуры Рэспублікі Беларусь Павел ЛАТУШКА