І лыжка, і меч

№ 40 (1062) 06.10.2012 - 13.10.2012 г

Па старонках летапісу археалогіі

Можна толькі здагадвацца, колькі археалагічных артэфактаў, а дзякуючы ім і нечаканых адкрыццяў, было выяўлена на тэрыторыі Беларусі цягам апошніх ста гадоў. Відавочна, што гэты скарб складаецца не з аднаго дзясятка тысяч прадметаў даўніны.

Спробу сабраць і прааналізаваць археалагічную спадчыну зрабіла ў аднайменнай кнізе, што пабачыла свет у выдавецтве “Беларуская навука”, доктар гістарычных навук, кіраўнік Цэнтра даіндустрыйнага грамадства Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Вольга Ляўко.

/i/content/pi/cult/394/7936/1-6.jpeg

Багата ілюстраванае выданне “Археалагічная спадчына Беларусі” створана па матэрыялах навуковых археалагічных фондаў, а таксама археалагічнай навукова-музейнай экспазіцыі Інстытута гісторыі. Шэраг прадстаўленых у кнізе археалагічных артэфактаў сёння можна ўбачыць у музеях Мінска, Полацка, Віцебска, Магілёва, Гомеля, Гродна, Оршы, Талачына, Шклова. Адметна, што многія з каштоўных прадметаў былі знойдзены абсалютна выпадкова. Да прыкладу, рытуальная разная лыжка са знакам Рурыкавічаў ХІІ ст. у 2000 годзе была выяўлена на тэрыторыі Калінкавіцкага раёна. А дзяржальна скандынаўскага мяча ІХ ст. — на Барысаўшчыне.

На старонках кнігі можна ўбачыць прадметы, што трымалі ў руках нашы продкі — жыхары першабытных стаянак на месцы сучасных вёсак Бердыж і Юравічы, артэфакты, якія засталіся ад насельніцтва падзвінскіх балот, у прыватнасці, стаянкі Асавец, помнікі дапісьмовай эпохі, прадстаўленыя артэфактамі жалезнага веку. Праз знойдзеныя археалагічныя знаходкі добра ўяўляюцца розныя віды дзейнасці жыхароў Старажытнай Русі, Вялікага Княства Літоўскага.

К.А.