Ураджай мудрасці

№ 40 (1062) 06.10.2012 - 13.10.2012 г

Мінская гарадская арганізацыя Беларускага прафсаюза работнікаў культуры ў чарговы раз згуртавала пад сваім дахам людзей, якія ў розныя часы працавалі тут і прымнажалі аўтарытэт суполкі...

У Дзень пажылых людзей сваім ганаровым гасцям супрацоўнікі гаркама падрыхтавалі змястоўную праграму — знаёмства з экспазіцыяй лонданскага Музея Вікторыі і Альберта “Каралеўскія скарбы: еўрапейскія шэдэўры 1600 — 1800 гадоў” у Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь.

А пасля была гутарка, пад час якой мы абмяркоўвалі далейшыя перспектывы ўдасканалення прафсаюзнага руху… Дарагіх гасцей павіталі старшыня Мінскага абласнога аб’яднання прафсаюзаў Віктар Маліноўскі, старшыня гаркама Валерый Грамада, свае пажаданні выказалі былыя старшыні гарадской арганізацыі Вячаслаў Кальцоў ды Георгій Молчан. Кожнаму з гасцей уручылі білеты ў Нацыянальны акадэмічны Вялікі тэатр оперы і балета Рэспублікі Беларусь на спектакль “Мадам Батэрфляй”.

Чарговая сустрэча з адкрытымі і шчырымі калегамі пераканала нас у тым, што “восеньскі” ўзрост — гэта “ўраджайная пара” чалавека, бо назапашана шмат жыццёвай мудрасці, спагады, дабрыні і ёсць няспыннае жаданне быць запатрабаваным і карысным грамадству.

Галіна ЛЯЙКО, загадчык арганізацыйнага аддзела Мінскай гарадской арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў культуры