Журавіны і жураўлі

№ 40 (1062) 06.10.2012 - 13.10.2012 г

Міёршчына: сезонны экапраект

30 верасня ў Міёрах, што на Віцебшчыне, упершыню адбылося экалагічнае свята “Жураўлі і журавіны Міёрскага краю”. Мерапрыемства арганізавана праектам ЕСПРААН сумесна з Міністэрствам прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, Міёрскім райвыканкамам ды некаторымі іншымі арганізацыямі.

/i/content/pi/cult/394/7930/1-3.jpeg

Месца і час для правядзення незвычайнага свята былі абраны невыпадкова. Менавіта ў дадзеную пару года ў гэтых мясцінах Беларусі пачынаецца сезон збору журавін, а, як вядома, па запасах гэтых ягад балота Ельня, што знаходзіцца на тэрыторыі Міёрскага раёна, займае першае месца ў краіне. Акрамя таго, гэты край кожны год “прымае ў госці” больш за 4 тысячы журавоў і 10 тысяч гусей, якія спыняюцца на названым балоце пад час восеньскай міграцыі ў цёплыя краіны.

Як адзначыў начальнік аддзела культуры Міёрскага райвыканкама Аляксандр Тронькін, культработнікі таксама паўдзельнічалі ў гэтым знакавым для рэгіёна мерапрыемстве. Для ўдзельнікаў свята ў гарадскім парку працавалі шматлікія падворкі, ладзіліся выстаўкі майстроў народнай творчасці, дзе прадавалася разнастайная сувенірная прадукцыя, у многіх месцах ахвотных частавалі сапраўдным журавінавым морсам і мясцовай выпечкай.

А яшчэ для ўдзельнікаў свята была зладжана вялікая забаўляльная праграма з конкурсамі ды выступленнямі самадзейных калектываў раёна. Парадавалі жыхароў Міёршчыны гасцявыя калектывы. Адзін з іх — вакальнае трыа “Ластаўка” з Даўгаўпілскага цэнтра беларускай культуры (Латвія) — быў асабліва прыхільна сустрэты публікай.

Ю.Ч.

На здымку: пераможцы конкурсу "Журавінка Міёрскага краю".