Балет “на новым месцы”, або Сон у восеньскі дзень

№ 45 (811) 10.11.2007 - 16.11.2007 г

Будынак Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Беларусі мяняецца не па днях, а літаральна па гадзінах. Вось ужо і службовы ўваход “пераехаў” на сваё звыклае месца — у 7-ы пад’езд, нават падыходы да яго выкладзены тратуарнай пліткай. Дый уся балетная трупа рушыла ў дарогу. Думаеце, чарговыя “блуканні па пакутах”? Маўляў, артысты зноў перасяляюцца адно дзеля таго, каб вызваліць для будаўнікоў чарговы “фронт работ”? Не: цяперашні “харэаграфічны шлях” пралягае акурат на сваю ўласную тэрыторыю — тую, якую Нацыянальны акадэмічны Вялікі тэатр балета Рэспублікі Беларусь будзе займаць пасля аднаўлення ўсяго будынка. Што ж чакала артыстаў і ўсіх супрацоўнікаў тэатра “на новым месцы”? Памятаючы прыказку “Лепей адзін раз убачыць, чым сто разоў пачуць”, мы не сталі распытваць перасяленцаў (тым больш, што балет, як вядома, мастацтва “маўклівае” і “размаўляе” пераважна на мове рухаў), а накіраваліся ў тэатр.

 /i/content/pi/cult/136/793/Balet1.jpg

У новай рэпетыцыйнай зале.

Першае ўражанне можна перадаць словамі: “Урачыстая прыгажосць”. Ці — “Пластыка, застылая ў мармуры”. Ужо на службовым уваходзе, дзе змяшчаецца “кантрольна-прапускны пункт”, кідаецца ў вочы гэткая мяккая хвалепадобнасць, плаўнасць, закругленасць ліній, што прыйшла на змену былым востравугольным абрысам.
І гэта не толькі адпаведнасць эстэтыцы новага часу, але і дадатковая зручнасць, якая адразу, як кажуць, на падсвядомым узроўні, настройвае на спакойна-працоўны, “не завостраны” жыццёвымі акалічнасцямі лад.
Гэткае ж адчуванне пластычнасці, хвалепадобнасці выклікаюць “залачоныя” поручні на лесвіцы, якія быццам перакідваюць нябачны масток ад Вялікага тэатра балета да Беларускай дзяржаўнай філармоніі, звязваючы ў адзіны ланцужок дзве ўстановы акадэмічнага мастацтва.
На другім паверсе, адкуль, як і раней, з закулісся можна будзе непасрэдна трапіць на сцэну, традыцыйна размешчаны грымёркі. Іх увогуле не пазнаць! Раней гэта былі звычайныя пакойчыкі, дзе можна было хіба што пераапрануцца перад выхадам у рэпетыцыйную залу ці на сцэну, накласці грым перад люстэркам — ну, можа, яшчэ кніжку пачытаць у перапынку. А ўсе выгоды былі, прабачце, у канцы калідора — быццам у паваенным інтэрнаце. Уяўляеце, наколькі гэта было “зручна”? І колькі дадатковых прастуджванняў падхоплівалі артысты, калі там жа, “у канцы калідора”, змывалі пот з напрацаваных целаў?
Цяпер усё гэта можна зрабіць у сваёй грымёрцы. Тут ёсць і ўмывальнік, і туалет, і душавая кабіна. Ёсць нават невялічкі балетны станок, які дазваляе крыху размяцца і прыйсці ў належную форму перад трэніроўкай ці выступленнем, — зноў-такі, на сваёй уласнай тэрыторыі. А раней — толькі непасрэдна ў балетнай зале, што знаходзілася на іншым паверсе, ці ў вузкім калідоры перад сцэнай, дзе, махнуўшы нагой, была небяспека ненаўмысна зачапіць выпадковага прахожага ці, яшчэ горш, “бабахнуць” пуантам па сцяне.
Міжволі ўзгадаўся новы будынак Вялікага тэатра ў Маскве, куды мне давялося патрапіць
 /i/content/pi/cult/136/793/Balet2.jpg
 Кабінет дырэктара Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра балета РБ.
разам з нашай балетнай трупай падчас адкрыцця Года культуры Беларусі ў Расіі.
Як мы ўсе тады зайздросцілі расіянам! Бо яны перад тым, як зачыніць свой Вялікі тэатр на рамонт, побач з былым будынкам узвялі новы. Мы дзівіліся і на дадатковую рэпетыцыйную сцэну, якая пры неабходнасці можа служыць таксама камернай залай, і на абсталяванне, і на грымёркі з усімі выгодамі. І не маглі ўцяміць, як гэта масквічы могуць яшчэ скардзіцца: іх, маўляў, не ўсё задавальняе! І рэпетыцыйная сцэна ажно на некалькі сантыметраў не адпавядае канцэртнай, і грымёркі для кардэбалета надта ўжо “густанаселеныя”: адна вялікая — для жанчын і такая ж— для мужчын. Эх, нам бы тыя ўмовы!
Цяпер усё гэта будзе (а многае ўжо ёсць) і ў нашым тэатры. Да таго ж, праекціроўшчыкамі і будаўнікамі быццам былі ўлічаны “маскоўскія скаргі”. Скажам, наша рэпетыцыйная сцэна па памерах будзе такой жа, як і канцэртная. Гэта дазволіць артыстам і пастаноўшчыкам адразу арыентавацца “ў прасторы” і надалей проста пераносіць гатовую пастаноўку, не марнуючы сіл і часу на адаптацыю. Грымёркі ж для кардэбалета разлічаны не на ўвесь “натоўп”, а на 6— 9 чалавек кожная.
Для вядучых салістаў — на 2-3 чалавекі. На мой погляд, ім, пэўна, не перашкодзілі б дадатковыя квадратныя метры, але сцены будынка, зразумела, не пашырыш, таму ў дадзеных умовах папраўдзе было зроблена ўсё магчымае. У грымёрках створаны выдатныя ўмовы для плённай працы і непрацяглага адпачынку (працяглых у артыстаў балета проста не бывае: нават у свае выхадныя дні і законныя адпачынкі паміж двума тэатральнымі сезонамі яны працягваюць рэгулярныя трэніроўкі, каб не страціць працоўную форму).
Дадатковыя пакоі (хай невялічкія, затое ў кожнага свае) з’явіліся і ў іншых супрацоўнікаў тэатра: асобны — для педагогаў-рэпетытараў, асобны — для канцэртмайстраў. Дый рэкламна-інфармацыйная служба займае цяпер сумежную “двухпакаёўку”. Пагадзіцеся, ва ўмовах тэатра, дзе супрацоўнікі не толькі працуюць “з гэткай гадзіны да гэткай”, а проста жывуць, прыходзячы зранку і сыходзячы ледзь не апоўначы, мець свой уласны куточак куды больш зручна, чым асобнае месца ў агульнай зале.
 /i/content/pi/cult/136/793/Balet3.jpg
 У грымёрцы вядучых майстроў сцэны Кацярыны Борчанка і Ірыны Яромкінай.
Што ж да ўласна мастацкіх уражанняў, дык іх я напоўню атрымала, паглядзеўшы на новы кабінет дырэктара — мастацкага кіраўніка, што месціцца на чацвёртым паверсе. Зазірнуўшы туды, адразу адчуваеш, што гэта не нейкія “кіраўніцкія апартаменты”, а менавіта Тэатр балета — храм класічнага мастацтва. Тут няма празмернай раскошы, але прысутнічае галоўнае — сам дух балетнай класікі і менавіта Вялікага тэатра з усім багаццем яго традыцый, якія на Беларусі закладаліся ажно з ХVІІІ стагоддзя. А яшчэ на “дырэктарскай тэрыторыі” мяне ахапіла пачуццё сапраўднага тэатральнага свята, утворанае такімі архітэктурна-
інтэр’ернымі дэталямі, як калоны, фіранкі, жырандоля. У выніку такога дызайнерскага падыходу кабінет стаў чымсьці нагадваць “тэатр у мініяцюры” — тэатр, паўтару, высокага мастацтва, якое апелюе не да побытавай штодзённасці, а да “разумнага, добрага, вечнага”.
Падняўшыся “на крылах натхнення” на апошні, пяты паверх, я была ўражана (калі не сказаць — шакіравана) канчаткова. Ды не столькі будаўнічым плёнам, колькі адданасцю артыстаў балета, іх мужнасцю (не трэба баяцца гэтага слова!), вернасцю сваёй надзвычай цяжкай прафесіі, якая, на жаль, папраўдзе вымагае шматлікіх ахвяр. Асабліва ва ўмовах рамонту! Паветра будынка, дзе ідуць будаўнічыя работы (і будуць працягвацца яшчэ ўвесь наступны год, бо тэатральныя памяшканні аднаўляюцца і здаюцца паэтапна), як бы ні дамагаліся чысціні, напоўнена нябачнымі часцінкамі “рабочага” пылу. Але артысты — працуюць, не зважаючы ні на што. Правільна ў народзе гавораць: не сцены ўпрыгожваюць хату, а людзі. У тэатры ж усё павінна быць у гармоніі — так і будзе!
Навіна рэпетыцыйнай залы — падлога, зробленая з невялікім схілам. Такая ж будзе і на сцэне, каб з любога раду партэра можна было бачыць не толькі першую лінію танцоўшчыкаў (ці, у оперы, артыстаў хору), а ўсіх — як на далоні. Вядома, гэта стварае для артыстаў дадатковыя цяжкасці, але чаго не зробіш дзеля любай публікі! Раней для некаторых спектакляў падобную “нахіленую сцэну” рабілі з дапамогай спецыяльнага станка, які трэба было ўсталёўваць кожны раз нанова.
Цяпер такія якасці будуць уласцівыя самой сцэне. З такімі нашы артысты сустракаліся за мяжой. Тады ім даводзілася пераадольваць пераход ад гарызантальна роўнай паверхні, да якой прызвычаіліся ў сваім тэатры, да нахіленай гастрольнай. Зараз яны перажываюць адваротны працэс: рэпетыцыі ідуць “пад вуглом”, а сцэна Палаца Рэспублікі, дзе пакуль дэманструюцца балетныя спектаклі, традыцыйна роўная.
Але ўсе гэтыя складанасці — часовыя. І Беларускі балет (а разам з ім — і Беларуская опера) жыве ў чаканні той шчаслівай хвіліны, калі будынак будзе абноўлены цалкам.

Надзея БУНЦЭВІЧ