Скарыстацца кан’юктурай, або На шчасце, сітуацыя — нетыповая!

№ 40 (1062) 06.10.2012 - 13.10.2012 г

Стаўбцоўшчына: перавагі асабістых кантактаў

Культура і інвестар: грані сацыяльнага партнёрства

Дзяржаўна-прыватнае супрацоўніцтва на Стаўбцоўшчыне, куды гэтым разам выправіўся ў камандзіроўку, развіваецца даволі плённа. У азначаным кірунку культработнікі раёна могуць падзяліцца сваімі дасягненнямі з калегамі з іншых рэгіёнаў Беларусі. Маю на ўвазе і наладжаныя кантакты з мясцовымі кіраўнікамі прадпрыемстваў ды арганізацый — як дзяржаўнай, так і прыватнай формы ўласнасці. Адзначу актыўнасць аддзела культуры ва ўзаемадзеянні з дырэктарамі шматлікіх ААТ (былых СВК), якія існуюць на тэрыторыі Стаўбцоўскага раёна, ды многае іншае…

Так, пра ўзаемастасункі прадстаўнікоў сферы культуры і інвестараў “К” распавядае амаль год. Але не часта даводзілася сустракаць у рэгіёнах настолькі паспяховую дзейнасць у справе дзяржаўна-прыватнага супрацоўніцтва, якая прадстаўлена на Стаўбцоўшчыне. Назваць працу мясцовых культработнікаў у гэтым кірунку ўзорнай, магчыма, было б занадта гучна, але тое, што яна набліжаецца да гэтага азначэння, несумненна

Настрой коштам у 65 мільёнаў

Пры мясцовай Дзіцячай мастацкай школе дзейнічае апякунскі савет, якому ўжо блізу дзясятка гадоў. Складаецца савет з бацькоў навучэнцаў.

— На пасяджэннях савета мы калегіяльна вырашаем, што трэба зрабіць для школы ў першую чаргу, — кажа дырэктар установы Уладзімір Татарыцкі, — і прымаем рашэнні аб выдаткоўванні неабходнай сумы для набыцця таго або іншага абсталявання, інструментаў для правядзення бягучых рамонтных работ. Апекуны заўсёды ідуць насустрач нашым прапановам, бо на свае вочы бачаць, што такім чынам якасна і значна паляпшаецца матэрыяльна-тэхнічная база нашай ДШМ. Вось нядаўна з дапамогай савета набылі ноўтбук, які быў нам патрэбны для працы нібы паветра…

Але дзейнасць савета — толькі частка тых намаганняў, што прыкладае кіраўніцтва ДШМ для наладжвання пастаяннай сувязі са спонсарамі. Напрыклад, кіраўнікі гаспадарак раёна актыўна спрыяюць установе і ўжо неаднаразова набывалі новыя камплекты касцюмаў для школьных дзіцячых калектываў. Да слова, для дзіцячага ўзорнага ансамбля духавых інструментаў “Васількі” было закуплена трыццаць камплектаў касцюмаў на суму прыкладна ў 65 мільёнаў рублёў, а для ўзорнага ансамбля народнай песні “Жавараначкі” — дванаццаць, на 35 мільёнаў рублёў.

Цікава і тое, што раённыя арганізацыі дапамагаюць школе не толькі з набыццём касцюмаў, але і з рамонтам інструментаў ды апаратуры. Так, напрыклад, камп’ютарную тэхніку ды музычнае абсталяванне для школы мастацтваў бясплатна рамантуе кіраўнік адной з прыватных гарадскіх арганізацый Іосіф Кузёмка.

Ідзе спонсарская падтрымка школе і ад яе вядомых выпускнікоў. Прычым не толькі матэрыяльная. Напрыклад, былы выпускнік Стаўбцоўскай ДШМ Аляксандр Крамко (цяпер ён з’яўляецца дырыжорам Нацыянальнага акадэмічнага народнага аркестра імя І.Жыновіча) бясплатна прадастаўляе разнастайныя навучальныя матэрыялы для школьнікаў, а таксама піша і дасылае інструментоўкі для народнага аркестра духавых інструментаў “Кругліца”.

/i/content/pi/cult/394/7926/1-2.jpeg

Не магу не адзначыць наступны факт: з цягам часу плошчы Стаўбцоўскай ДШМ значна павялічацца. Адбудзецца гэта дзякуючы клопатам кіраўніцтва мясцовага райвыканкама, які ўзначальвае Уладзімір Місько. На баланс аддзела культуры сёлета перадалі будынак былой вайсковай часткі, што месціцца непадалёк ад навучальнай установы. У вялікім трохпавярховым будынку цяпер ідзе рамонт: для яго з райбюджэту ўжо выдаткавана блізу 800 мільёнаў рублёў. Пасля завяршэння рамонту туды плануецца перавесці мастацкае і духавое аддзяленні.

У райцэнтры, вядома ж, працаваць са спонсарамі значна лягчэй, чым на сяле. Але і тут шмат што залежыць ад крэатыўнага настрою дырэктараў устаноў культуры, іх зацікаўленасці ў развіцці пастаянных і трывалых сувязей са спонсарамі і мецэнатамі, а таксама — ад асабістых кантактаў з кіраўнікамі прадпрыемстваў. На Стаўбцоўшчыне жаданне працаваць у названым кірунку, як бачна, існуе. І праца гэтая — выніковая ды плённая.

Магчыма, мясцовым культработнікам варта арганізаваць на тэрыторыі раёна абласны ці нават рэспубліканскі семінар, каб падзяліцца досведам свайго ўзаемадзеяння з інвестарамі ды мецэнатамі. Да слова, з дзясятак раёнаў Беларусі, дзе супрацоўнікам сферы культуры было б няблага наведаць падобнае мерапрыемства, могуць назваць і карэспандэнты “К” па выніках сёлетніх камандзіровак…

Карпаратыў для спонсара

Адно з уражанняў ад наведання Стаўбцоўскага раёна — яскравая і паказальная інфармацыя пра тое, што тут ёсць ажно дваццаць восем самадзейных калектываў, якія носяць званні “народны” і “ўзорны”. Прычым ладная іх колькасць — цэлых сем — існуе пры раённым Цэнтры культуры. Зразумела, без дапамогі шматлікіх мецэнатаў апранаць ды вывозіць усе гэтыя калектывы ў гастрольныя паездкі за межы Стаўбцоўшчыны кіраўніцтву ўстановы было б проста немагчыма. Менавіта таму дзяржаўна-прыватнае супрацоўніцтва для дырэктара Стаўбцоўскага РЦК Галіны Азановіч — не прыхамаць, а надзённая патрэба.

Мясцовых бізнесменаў прывабліваюць ва ўстанову культуры праз шматлікія прэзентацыйныя мерапрыемствы. Напрыклад, для арганізацый раёна ладзяцца прафесійныя святы, а таксама карпаратывы.

Названыя акцыі карыстаюцца вялікім попытам, і, вядома ж, з іх дапамогай не толькі папаўняецца скарбонка платных паслуг РЦК, але і завязваюцца, натуральна, асабістыя кантакты з дырэктарамі прадпрыемстваў. А гэта для паспяховага ўзаемадзеяння ў справе дзяржаўна-прыватнага супрацоўніцтва, пагадзіцеся, немалаважна.

Сярод сталых спонсараў установы культуры — кіраўнікі гарадскіх арганізацый як дзяржаўнай, так і прыватнай формы ўласнасці: дырэктар “Стаўбцоўскага мясакамбіната” Рамуальда Бардукевіч, начальнік ПМК 233 Яўген Корсак, кіраўнік мясцовага міжрайгаза Аляксандр Шпілеўскі ды многія іншыя. Яны выдаткоўваюць грошы на падарункі і прызы для ўдзельнікаў раённых і абласных мерапрыемстваў, што ладзяцца ў РЦК, актыўна выкупляюць білеты на канцэрты як мясцовых, так і заезджых артыстаў, а таксама дапамагаюць пры нагодзе з транспартам для выезду калектываў Цэнтра культуры за межы раёна...

Плён ад дзяржаўна-прыватнага супрацоўніцтва, як бачна, неблагі. Але ж, натуральна, не ўся грашовая падтрымка зыходзіць адно толькі ад спонсараў. Цягам доўгага часу (прыкладна тры гады) у Стаўбцоўскім цэнтры культуры вяліся рамонтныя работы, што фінансаваліся з бюджэту мясцовага райвыканкама. На сённяшні дзень яны амаль завершаны. Глядзельная і танцавальная залы, а таксама шматлікія кабінеты РЦК цяпер выглядаюць проста ўзорна. Да ладу даводзіцца фасад будынка: ён сёння — у рыштаваннях. Завяршыць гэтыя работы плануецца ўжо сёлета самым бліжэйшым часам.

Інавацыі Старога Свержаня

Карціна развіцця дзяржаўна-прыватнага партнёрства на Стаўбцоўшчыне была б няпоўнай, каб не згадаў і раённыя ўстановы культуры, што актыўна супрацоўнічаюць з мецэнатамі. І флагманам у гэтай справе, без перабольшання, з’яўляецца Старасвержанскі цэнтр культуры.

Паспяховыя кантакты з інвестарамі ў супрацоўнікаў Цэнтра культуры наладзіліся яшчэ колькі гадоў таму. І на тое ёсць шэраг аб’ектыўных прычын.

— Наш аграгарадок “Стары Свержань” знаходзіцца не так далёка ад райцэнтра: усяго кіламетры за чатыры, — патлумачыў сітуацыю дырэктар установы Валерый Пугач. — Ды і глядзельная зала ў нас вялікая: больш чым на трыста пяцьдзясят месцаў. Таму да нас вельмі ахвотна прыязджаюць адзначаць прафесійныя святы многія арганізацыі раёна…

Такая сітуацыя склалася яшчэ і таму, што ў 2009-м Стаўбцоўскі РЦК быў зачынены на рамонт, і, натуральна, паўстала пытанне, дзе ж ладзіць маштабныя раённыя мерапрыемствы. Адказ знайшоўся без падказкі: у Старым Свержані! Там і плошчы дазваляюць, і далёка ехаць не трэба. А мясцовыя культработнікі скарысталіся, так бы мовіць, выгоднай для сябе кан’юнктурай рынку. І — прапанавалі шэраг дадатковых паслуг для наведвальнікаў: арганізавалі цікавую конкурсную праграму, якую ладзяць пад час прафесійных святочных вечароў, закупілі найноўшае тэхнічнае абсталяванне, правялі шэраг дадатковых рэкламных акцый…

Пад час гэтых ды многіх іншых мерапрыемстваў завязаліся, натуральна, і трывалыя кантакты з кіраўнікамі раённых арганізацый. Таму цяпер культработнікі Старога Свержаня нароўні канкурыруюць са сваімі калегамі з райцэнтра. І канкурэнцыя гэтая — толькі на карысць агульнай справе. Доказам — план платных паслуг установы культуры, які складае на сённяшні дзень больш за сорак мільёнаў рублёў. Названы паказчык, дарэчы, мясцовыя культработнікі пастаянна перавыконваюць.

“Беганіна” — самаакупная

Але арганізацыя прафесійных святаў — гэта толькі адна ніша, у якой паспяхова дзейнічаюць культработнікі Старасвержанскага цэнтра культуры. У мясцовых крэатыўшчыкаў хапае і іншых цікавых ініцыятыў: тут маецца, не раўнуючы, цэлы россып праектаў, здольных зацікавіць патэнцыйных мецэнатаў.

Гэта правядзенне на базе СЦК не толькі традыцыйных святаў вёскі, Купалля, дажынак, але і, напрыклад, свята гумару “Кукарэчны перазвон”, на якое збіраюцца госці не толькі са Стаўбцоўскага, але і з суседніх раёнаў Міншчыны. Існуе пры ўстанове культуры і свая мастацкая галерэя, дзе пастаянна выстаўляюцца мастакі з усяго рэгіёна, а яшчэ ў СЦК, як кажуць, на ўра праходзяць разнастайныя тэматычныя дыскатэкі…

Магчыма, камусьці на першы погляд можа падасца, што ўсе паспяховыя праекты са спонсарамі даюцца кіраўніцтву Старасвержанскага цэнтра культуры вельмі лёгка. Але ж гэта, зразумела, зусім не так. Напрыклад, кіраўніку ўстановы Валерыю Пугачу неаднаразова даводзілася папабегаць па кабінетах дырэктараў разнастайных раённых арганізацый, каб прарэкламаваць тое або іншае мерапрыемства, запрасіць на канцэрт ці фэст. Але гэтая “беганіна” акупляецца: госці ніколі не сыходзяць з мерапрыемстваў расчараванымі ды, вядома ж, другім разам з задавальненнем прымаюць запрашэнне на канцэрт або святочны вечар.

Па прыклады далёка хадзіць не трэба. Так, зусім нядаўна, калі пры ўстанове ладзілася свята вёскі, дырэктар Старасвержанскага СЦК запрасіў на мерапрыемства кіраўнікоў раённых арганізацый. І кожны з гасцей папярэдне тэлефанаваў Валерыю Пугачу толькі з адным пытаннем: што падарыць на свята? Вось такім чынам у СЦК з’явіліся ноўтбук і капіравальная тэхніка, лічбавыя відэакамера і фотаапарат…

Калі б такі крэатыўны падыход да супрацоўніцтва быў у кожным сельскім Доме культуры Беларусі! Глядзіш, паступова зніклі б “вечныя” пытанні пра недасканаласць матэрыяльна-тэхнічнай базы. Ды і кадравая праблема, што існуе літаральна ў кожным рэгіёне краіны, таксама паступова адышла б на другі план: пры такой падтрымцы працаваць ды рэалізоўваць свае праекты, зразумела ж, значна лягчэй і маладому спецыялісту, і абазнанаму культработніку…

Ніякіх сакрэтаў!

Раскрыю яшчэ адзін “сакрэт” паспяховай працы кіраўніцтва СЦК з мецэнатамі. Вялікую ролю адыгрывае і той факт, што дырэктар Старасвержанскага цэнтра культуры мае вельмі шчыльныя кантакты з кіраўнікамі іншых устаноў, якія месцяцца пад дахам яго ўстановы, — мясцовымі бібліятэкай і школай мастацтваў.

Напрыклад, бібліятэкарам Аленай Гарановіч робяцца слайды для прэзентацый, што дэманструюцца пад час правядзення прафесійных святаў гарадскіх ды раённых арганізацый, манціруюцца невялічкія фільмы пра будні і святы працоўных калектываў. Для гэтага выкарыстоўваецца наяўная фота- і відэаапаратура, падораная спонсарамі. Так што сельская бібліятэка таксама не застаецца ўбаку ад спонсарска-мецэнацкай дзейнасці і мае рэальную магчымасць атрымаць ад гэтай працы неблагія дывідэнды, напрыклад, прапануючы ўсім ахвотным каляровыя буклеты пра сваё прадпрыемства і зарабляючы, такім чынам, на выкананне плана платных паслуг.

Шчыруе на спонсарска-мецэнацкай “дзялянцы” і кіраўніцтва мясцовай ДШМ. Так, менавіта дзякуючы наладжаным кантактам са спонсарамі сем навучэнцаў школы прынялі ўдзел у адборачным туры Міжнароднага конкурсу вакалістаў, што адбыўся сёлета ў літоўскай Клайпедзе. Мецэнат аплаціў для дзяцей дарогу ў абодва канцы: у Літву і назад.

Здабыткі Старасвержанскага СЦК ад спонсарска-мецэнацкай дзейнасці — падораная гукаўзмацняльная апаратура, мікрафоны і пульты, камп’ютарная і капіравальная тэхніка — выкарыстоўваюцца пры правядзенні мерапрыемстваў не толькі клубнікамі, але і бібліятэкарамі ды настаўнікамі ДШМ. Таму згаданыя ўстановы не канкурыруюць між сабой і не змагаюцца за спонсара, а працуюць у суладным адзінстве. Карысць ад гэтай працы, як бачна, маюць усе. Прычым карысць вельмі важкую і рэальную.

Сяло, як вядома, часцяком адстае ад горада шмат па якіх паказчыках: выкананні плана платных паслуг, матэрыяльна-тэхнічнай базе, кадравым складзе супрацоўнікаў… Але, як бачна, у Стаўбцоўскім раёне справа пастаўлена зусім іншым чынам: тут дырэктары мясцовых сельскагаспадарчых прадпрыемстваў не толькі дапамагаюць СДК і СК раёна, а і выдаткоўваюць грошы для раённага Цэнтра культуры ў Стаўбцах. Што і казаць, сітуацыя — нетыповая!

Але гэтыя рэаліі рэгіянальнага жыцця дазваляюць культработнікам сельскіх клубаў і бібліятэк пачуваць сябе зусім іначай у параўнанні з іхнімі калегамі з іншых раёнаў Беларусі. Магчыма, і гэты вопыт супрацоўніцтва культработнікаў з кіраўнікамі сельскіх гаспадарак варта абагульніць ды сістэматызаваць. Зацікаўленасць у тым павінна быць вялікай: як бачна, дадзеная дзейнасць прыносіць значныя дывідэнды і паляпшае матэрыяльна-тэхнічную базу сельскіх устаноў культуры Стаўбцоўшчыны.

Галерэя спонсараў ад “К”

Артыкул выдаткаў — сацыялка

Адно з найбуйных сельскагаспадарчых прадпрыемстваў на тэрыторыі Стаўбцоўскага раёна — ААТ “Агранеманскі”. Узначальвае яго Іосіф МЕЛЯШКЕВІЧ. Яго арганізацыя вядомая на ўвесь раён і той фінансавай падтрымкай, якую аказвае кіраўніцтва акцыянернага таварыства сацыяльнай сферы Стаўбцоўшчыны. У тым ліку, натуральна, — і культуры.

Асаблівую ўвагу надае кіраўнік ААТ “Агранеманскі”, вядома ж, тым установам культуры, што месцяцца на тэрыторыі яго гаспадаркі. А гэта ўжо згаданы вышэй Старасвержанскі сельскі цэнтр культуры ды СДК у вёсцы Залужжа.

/i/content/pi/cult/394/7926/1-1.jpeg

Так, для Цэнтра культуры з дапамогай Іосіфа Меляшкевіча былі закуплены новы баян і гітара (інструменты каштавалі больш за 10 мільёнаў рублёў), а для Залужжаўскага СЦК — касцюмы для аднаго з мясцовых калектываў ды тэхнічная апаратура. Дапамагае кіраўніцтва гаспадаркі і з рамонтам Старасвержанскага СЦК — у прыватнасці, за кошт ААТ “Агранеманскі” цяпер фарбуецца фасад будынка ўстановы культуры. А не так даўно для патрэб культработнікаў Іосіф Меляшкевіч выдаткаваў грошы на набыццё электракасілкі.

Не забываюцца ў ААТ “Агранеманскі” і на вучняў мясцовай ДШМ. Як распавяла дырэктар школы Таццяна Курмышава, самым бліжэйшым часам для ўстановы будзе закуплена 16 камплектаў касцюмаў на суму прыкладна ў трыццаць мільёнаў рублёў.

— З культработнікамі жывём душа ў душу, — тлумачыць Іосіф Меляшкевіч, — таму і хочацца, па меры магчымасці, ім дапамагаць. Тым больш, мы бачым, што гэтыя грошы не губляюцца, а ідуць пад канкрэтныя праекты або на набыццё неабходнай апаратуры ці інструментаў. Наша прадпрыемства спрацавала сёлета досыць няблага, таму пакуль маем некаторую колькасць грошай, каб дапамагаць сацыяльнай сферы.

— А ці ёсць у вашай арганізацыі спецыяльны артыкул выдаткаў на развіццё сацыяльнай сферы? Ці гэта толькі вашая ўласная кіраўніцкая ініцыятыва?

— Пры нашым акцыянерным таварыстве ўжо прыкладна цягам года існуе назіральны савет. І менавіта праз гэты орган, куды ўваходзяць нашы акцыянеры, мы і маем магчымасць дапамагаць сацыяльнай сферы. Бо каб, як ужо казаў, не мелі прыбыткаў ад сваёй дзейнасці, дык і не было б чым аказваць дапамогу ні дамам культуры, ні школам…

— Наколькі мне вядома, вы таксама маеце пэўнае дачыненне да сферы культуры…

— Толькі ўскоснае: калісьці вучыўся ў музычнай школе па класе баяна, а яшчэ даводзілася спяваць у хоры... Ды лёс звязаў з гаспадарчай дзейнасцю: цягам трыццаці гадоў працаваў на пасадзе старшыні калгаса і СВК, а цяпер — дырэктара акцыянернага таварыства. Шкада толькі аднаго: наш аграгарадок быў першым у раёне, і таму на добраўпарадкававанне Старога Свержаня выдаткавалі, па тым часе, не так ужо і шмат грошай. А, як вы пераканіліся, Цэнтру культуры патрэбны пастаянны догляд, бо будынак вельмі вялікі. І мы, вядома ж, разумеем патрэбы культработнікаў і, па магчымасці, дапамагаем. Вось цяпер робім фасад установы. З цягам часу плануем распачаць працу па добраўпарадкаванні прылеглай да СЦК тэрыторыі…

Дапамога малой радзіме

Аляксандр КРАМКО, заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь, дырыжор Нацыянальнага акадэмічнага народнага аркестра краіны імя І.Жыновіча:

— Мая дапамога Стаўбцоўскай школе мастацтваў — гэта мой абавязак і клопат. У сценах установы (тады — музычнай школы) я навучаўся з 1969 па 1974 год па класе акардэона ў настаўніка Яўгена Драбышэўскага. Тады ў школе было значна менш вучняў, чым цяпер. Ды што там казаць! Будынак яе раней быў увогуле аднапавярховы — толькі потым у ДШМ з’явіўся другі паверх, а таксама і прыбудова да яе. Так што змены — навідавоку. А ўвогуле, Стаўбцоўшчына — мой родны край, і таму я з задавальненнем прыязджаю туды не толькі адпачыць, але і паўдзельнічаць у якасці члена журы пад час тых конкурсаў, што ладзяцца ў сценах школы мастацтваў. І заўсёды радуюся перамогам дзетак на конкурсах ды фестывалях…

Дэталь да агульнай карціны

Перспектыва — апякунскі савет

У перспектыве пры аддзеле культуры будзе створаны апякунскі савет. І, як спадзяецца кіраўнік раённай сферы культуры Алена Суднік, узаемакарысныя стасункі як з прыватнымі, так і з дзяржаўнымі арганізацыямі выйдуць на больш выніковы, узровень. І ў гэта хочацца верыць.

Сярод устаноў культуры раёна, якія вынікова ўзаемадзейнічаюць з дзяржаўнымі ды прыватнымі арганізацыямі, напрыклад, Любкаўшчынскі СДК, што месціцца на тэрыторыі ААТ “Радзіма Якуба Коласа”. Кіраўнік гаспадаркі Аляксандр Карнічэнка даўно дапамагае культработнікам: набывае для ўстановы культуры як апаратуру, так і сцэнічныя касцюмы для калектываў, што існуюць пры Доме культуры.

Яшчэ адно ААТ — “Жацерава” — даволі шчыльна кантактуе з Горкаўскім СДК. Дырэктар сельскагаспадарчай арганізацыі Іван Краўчук дапамог з пашывам “адзення” сцэны для Дома культуры, а таксама набыў крэслы ў глядзельную залу ды найноўшае тэхнічнае абсталяванне.

Прычым спонсарская дапамога ад гэтага акцыянернага таварыства прыходзіць як у мясцовы СДК, так і ў Стаўбцоўскі РЦК: Іван Краўчук выдаткаваў фінансавыя сродкі для набыцця касцюмаў для аднаго з калектываў, што працуе пры галоўнай раённай установе культуры.

Названыя прыклады паспяховага дзяржаўна-прыватнага супрацоўніцтва  — не адзінкавыя. Але цалкам зразумела, што яны ўзніклі не на пустым месцы: за ўсімі гэтымі паспяховымі і выніковымі сувязямі са спонсарамі стаіць наладжаная праца мясцовых культработнікаў.

наш спецыяльны карэспандэнт

Мінск — Стаўбцоўскі раён — Мінск

Фота аўтара

Аўтар: Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"