З чаго пачынаецца сезон?

№ 40 (1062) 06.10.2012 - 13.10.2012 г

Спектаклі ў фае і на пленэры

5 кастрычніка Нацыянальны драматычны тэатр імя Якуба Коласа адкрыў 87-ы сезон, на які запланавана ажно 13 (!) прэм’ер. З іх 8 — на Вялікай сцэне. Ужо 10 і 11 кастрычніка можна будзе ўбачыць першую: надзвычай рухавы, пластычны, поўны драматызму і метафар спектакль “Песні ваўка” ў пастаноўцы нядаўна прызначанага новага дырэктара — мастацкага кіраўніка тэатра Валерыя Анісенкі.

/i/content/pi/cult/394/7922/2-1.jpeg

У лістападзе мае адбыцца дэбют беларускага драматурга на прафесійнай сцэне: Венедыкт Расстрыжэнкаў узяў да пастаноўкі п’есу Сяргея Сергіенкі “Калі той, хто заснуў, прачнецца”. На гэты ж месяц запланавана прэм’ера спектакля “Ліфт” паводле аднайменнай п’есы сучаснага беларускага аўтара Юліі Чарняўскай. Зімовыя месяцы падораць гледачу яшчэ два новыя спектаклі: “Я жывы” Леаніда Агулянскага ў пастаноўцы Валерыя Анісенкі і “Дажыць да прэм’еры” Мікалая Рудкоўскага ў пастаноўцы Сяргея Кулікоўскага. Увазе маленькіх гледачоў прадстаўлена казачка “Гісторыя двух сабак” Ягора Конева, якую ажыццёвіць Святлана Навуменка. Напрыканцы сезона Міхась Краснабаеў, апантаны творчасцю вялікага Уладзіміра Караткевіча, плануе парадаваць прыхільнікаў пастаноўкай паводле твора беларускага рамантыка. І няхай “Хрыстос прызямліўся ў Гародні”, ён “паселіцца” ў Віцебску.

/i/content/pi/cult/394/7922/2-2.jpeg/i/content/pi/cult/394/7922/2-3.jpeg

Сярод ноу-хау — змены ў інтэр’еры і ў самой тэатральнай прасторы: новая камерная сцэна на 70 месцаў з асобным уваходам і рэпетыцыйным памяшканнем, вялізнае, светлае тэатральнае фае з утульнымі канапамі і доўгачаканы тэатральны буфет па абодва бакі ад цэнтральнай лесвіцы. Камерная сцэна стане эксперыментальнай пляцоўкай, дзе будуць праходзіць не толькі прэм’еры, але і майстар-класы, супольныя творчыя праекты, чытанні ды творчыя сустрэчы. Адкрыецца яна ў снежні “Лабараторыяй кахання” Пятра Гладзіліна ў пастаноўцы Юрыя Пахомава да юбілею заслужанай артысткі Рэспублікі Беларусь Таццяны Ліхачовай. Малады Аляксандр Марчанка паставіць “Леанарда?” паводле п’есы сучаснага славенскага драматурга Эвальда Флізара ў рамках сумеснага беларуска-славенскага праекта для ўдзелу ў Тэатральным фестывалі ў Любляне. Для пастаноўкі п’есы “Спакуса” Сэма Шэпарда мяркуецца запрасіць амерыканскага рэжысёра, з якім зараз вядуцца перамовы.

/i/content/pi/cult/394/7922/2-6.jpeg

Тэатральнай пляцоўкай стане і фае. 25 кастрычніка шэраг вечароў у ім адкрые “Прызнанне”, аўтарам, пастаноўшчыкам і выканаўцам якога стане Валерый Анісенка.

Яшчэ адной значнай падзеяй у жыцці горада мае стаць Міжнародны тэатральны фестываль-пленэр у Здраўнёве, на колішняй сядзібе Ільі Рэпіна. Фестываль тэатралаў і мастакоў на адкрытым паветры, ініцыятарам якога выступае Коласаўскі тэатр, — новая з’ява для Беларусі. Адмыслова для фестывалю Валерый Анісенка плануе пастаноўку п’есы “Макбет” Уільяма Шэкспіра ў перакладзе і сцэнічнай рэдакцыі Аляксея Дударава.

Марына ПЯТРОВА, кіраўнік літаратурна-драматычнай часткі Тэатра імя Якуба Коласа

Віцебск