Канцэпцыя "ТэАрт"-у

№ 40 (1062) 06.10.2012 - 13.10.2012 г

Кажам “ТэАрт” — маем на ўвазе Цэнтр візуальных і выканальніцкіх мастацтваў. А ледзь толькі ўспамінаем пра згаданы Цэнтр, перад вачыма адразу ўсплывае аблічча ягонага дырэктара Анжаліка КРАШЭЎСКАЯ. Яе нястомная дзейнасць і шчырая зацікаўленасць папраўдзе сталі гэткім рухавіком тэатральна-фестывальнага Мінска.

Візуалізацыя Роздуму

— Ідэя такога штогадовага прэстыжнага форуму, — распавядае Анжаліка Крашэўская, — нарадзілася адначасова з рашэннем аб стварэнні самога Цэнтра. Сапраўды, былому “Тэатральнаму тыдню з Белгазпрамбанкам” стала зацесна ў межах усяго толькі тыдня. Мы разумелі, што патрабуецца маштабны брэнд, які будзе пазіцыянаваць не толькі мастацтва, але і ўсю краіну.

/i/content/pi/cult/394/7917/1-1.jpeg

Праграмай фестывалю займаюся непасрэдна я. Даводзіцца шмат ездзіць, у тым ліку за мяжу. Бываю на іншых фестывалях, пераймаю і адаптую да нашых умоў тамтэйшы арганізацыйны вопыт. Самы блізкі да нас (не толькі геаграфічна, але і паводле славянскай еднасці) — вопыт “Залатой маскі”, дзе, між іншым, узнагароджваюць і адзначаюць не толькі расійскія спектаклі, але і замежныя. Шмат гляджу самых розных пастановак — і “жыўцом”, і ў запісах. Але для мяне заўсёды важнае меркаванне спецыялістаў, бо мае ўражанні могуць быць суб’ектыўнымі, і я звяртаюся да вядучых крытыкаў — беларускіх, расійскіх, сусветных, — улічваю іх думкі. Бо вельмі важна, з аднаго боку, добра арыентавацца ў гэтым агромністым інфармацыйным патоку, а па-другое — улічваць асаблівасці нашага рэгіёна і нашай ментальнасці. Да нейкіх надта радыкальных авангардных з’яў мы можам, прыкладам, быць не гатовыя — павінна існаваць пэўная паслядоўнасць і ў далучэнні да ўжо прызнаных здабыткаў, і ў вывучэнні вопыту самых спрэчных эксперыментаў. І калі ёсць спецыялісты, якія ўсім гэтым займаюцца, дык не карыстацца іх парадамі было б папросту недаравальна. Таму я вельмі ўдзячная ўсім, з кім раюся і хто мне дапамагае.

— А вашы ўласныя тэатральныя прыхільнасці?

— Яны, вядома, ёсць, але калі ў мяне пытаюцца, што лепш паглядзець у фестывальнай праграме, я звычайна не даю прамых “наводак”. Кожны павінен выбіраць нешта сваё, дзеля гэтага мы і робім афішу такой рознастылёвай і разнажанравай, ахопліваючы не толькі драматычныя, але і музычныя, пластычныя пастаноўкі. Хтосьці ўвогуле імкнецца паглядзець усё, і гэта сапраўды дапамагае арыентавацца ў тэатральных тэндэнцыях. Ну а каб быць гатовым да нейкіх “фішак” і, тым больш, не расчаравацца ў сваіх чаканнях, звычайна раю папярэдне пачытаць водгукі крытыкаў, што пры цяперашняй неабмежаванасці інфармацыйнай прасторы зрабіць не так цяжка.

— Але ж і вы самі далёка не “старонні” чалавек у тэатральным мастацтве. І, да таго ж, умееце лічыць грошы, чаго якраз, бывае, бракуе дзеячам культуры і мастацтва…

— Сапраўды, я, можна сказаць, “выйшла з тэатра”. Гэта той выпадак, калі мая праца стала адначасова яшчэ і ладам жыцця. Тэатр, як і ўсялякае мастацтва, не можа не прыцягваць і не “зацягваць” у вір свайго чарадзейства. Аднойчы сутыкнуўшыся з ім “твар у твар”, кінуць яго ўжо немагчыма. Цябе “паглынае” так, што “выбрацца” ўжо нельга. Дый ці трэба? Так, верагодна, адбылося і са мной. Стварыўшы і ўзначаліўшы арганізацыю, адзін з напрамкаў дзейнасці якой датычыцца тэатра, я занялася, зразумела, менавіта ім, не абмяжоўваючы ні сіл, ні часу…

— Наколькі вядома, вы марыце, да ўсяго, і пра стварэнне тэатральнай студыі — таксама як аднаго з вектараў дзейнасці Цэнтра…

— Так, для развіцця тэатральнага мастацтва, лічу, патрэбны не антрэпрызы, а, як альтэрнатыва, эксперыментальныя тэатральныя студыі. У гэтым пераконвае ўжо сама гісторыя тэатра. Але дарма думаць, што стварыўшы студыю, я пачну ўмешвацца ў пастановачную частку. Не, я магу толькі штосьці параіць і дапамагчы. У творчым працэсе галоўнае — не перашкодзіць. Трэба цалкам давяраць рэжысёру і мастаку, даваць ім поўную свабоду. Толькі тады магчымы вынік.

— Вы ўсё зводзіце сваю ролю да арганізацыі, але відавочны і крэатыўны творчы падыход. Гэта ваша ідэя — зрабіць Аляксандра Падабеда, аднаго з герояў “Ладдзі Роспачы”, своеасаблівым “тварам” фестывалю? Яго позірку на вокладцы буклета пазбавіцца немагчыма... Зразумелы і акцэнт на гэты спектакль як нацыянальную прэм’еру…

— Вы правільна звярнулі ўвагу на позірк. Галоўным было — увасобіць сам працэс Роздуму, засяродзіць увагу гледача на філасофскім складніку, да якога мы імкнёмся і які павінен быць на такім фестывалі, бо мэта форуму, у тым ліку, — і звярнуць нашу публіку да глыбокіх канцэпцыйных пастановак. Сёння многія заўважаюць, што гледачы апошнім часам змяніліся, што ў тэатр сталі прыходзіць адно для таго, каб расслабіцца ды пасмяяцца. Гэта стала ўплываць і на сам тэатр, які не можа існаваць без тых, хто знаходзіцца па той бок рампы. Мы хочам наноў навучыць публіку не адно “пляскаць у ладкі”, а задумвацца над убачаным, змяніць сваё стаўленне да мастацтва як да нейкай забаўкі. І — шукаць адпаведны “ключ да расшыфроўкі”. Іншымі словамі, без удумлівых пастановак і ўдумлівых гледачоў можа наступіць смерць тэатра як віду мастацтва…

Крылы Караткевіча

Завершыць “ТэАрт” нацыянальная прэм’ера — “Ладдзя Роспачы”. Ужо само тое, што спектакль паводле гэтага твора Уладзіміра Караткевіча стане фінальным акордам Міжнароднага форуму, можа лічыцца сімвалічным не толькі для гэтага фестывалю, але і, шырэй, для ўсяго нашага тэатральнага мастацтва.

/i/content/pi/cult/394/7917/1-2.jpeg

— Задума ўвасобіць “Ладдзю Роспачы”, — распавядае рэжысёр, артыст Купалаўскага тэатра Ігар ПЯТРОЎ, — узнікла даўно. Яшчэ са школьных гадоў я зачытваўся Уладзімірам Караткевічам, а гэты твор — увогуле асаблівы. Але канчатковым штуршком стала тое, што тэкст “Ладдзі…” неяк трапіўся разам з іншай п’есай. Тую п’есу я так і не паставіў, а пра “Ладдзю…” падумаў: значыць, сапраўды трэба. Як нейкая “падказка” лёсу. Ідэя захапіла і мастака Вольгу Мацкевіч, з якой мы ўжо выпусцілі некалькі сумесных праектаў (да прыкладу, “Тэатральны SOUND”). Пастаноўка знайшла прыхільнікаў у Цэнтры візуальных і выканальніцкіх мастацтваў ды ажыццяўляецца пры фінансавай падтрымцы Міністэрства культуры Беларусі і спонсараў, за што ўсім вялікі дзякуй!

— Цяперашні спектакль паводле гэтай аповесці будзе не першым. Але вы зрабілі ўласную інсцэніроўку з жанравым азначэннем “Легенда пра каханне, або Прага жыцця ў адной дзеі”.

— Гэтымі словамі я хацеў выявіць сутнасць спектакля. Дзякуючы каханню і любові да жыцця адбываецца немагчымае: чалавек вырываецца з таго свету. І асэнсоўвае, які насамрэч хуткаплынны час і як шмат трэба паспець у жыцці, цаніць кожны яго момант і не страчваць надзею. Рэжысёр звычайна ставіць спектаклі пра сябе самога ці адлюстроўвае сваё ўласнае бачанне таго або іншага твора. Я, вядома, вывучаў розныя варыянты тэксту, уключаючы нядаўна надрукаваны аўтарскі, рукапісны, і зрабіў акцэнты на тых момантах, якія сам лічу больш важнымі ды значнымі. Сёння часта можна чуць ад людзей: усё, маўляў, у мяне дрэнна, жыццё не склалася, а вось каб... Мы рэдка думаем пра тое, што самі выбіраем свой лёс. І аповесць, і пастаноўка — менавіта пра гэта: не трэба здавацца пад уздзеяннем розных жыццёвых абставін. Галоўнае — паверыць у сябе. І дзейнічаць сумленна. У “Ладдзі…” ёсць цудоўны сімвал, алегорыя: хтосьці вяслуе, а хтосьці — плыве…

— У працы над спектаклем вы таксама падзялялі сваіх паплечнікаў на гэтыя дзве катэгорыі?

— Калі б нехта проста “плыў”, адбываючы на рэпетыцыях час, нічога не атрымалася б. Са мной працуюць цудоўныя акцёры з розных тэатраў — сапраўдныя творчыя асобы, майстры сваёй справы. Яны пастаянна прыўносяць штосьці сваё, знаходзяць новыя фарбы, адценні. Той жа Аляксандр Падабед, якога вы бачыце і ў рэкламных роліках усяго фестывалю, і на вокладцы фестывальных буклетаў, настолькі “калярова”, шматпланава і тонка адчувае ролю, што можна проста толькі глядзець на яго ігру, кожны раз знаходзячы не разгаданыя раней нюансы. Перавозчыка ўвасабляе народны артыст Беларусі Мікалай Кірычэнка. Таксама ў спектаклі заняты знакамітыя Тамара Міронава, Аляксандр Станілевіч, Ігар Сідорчык, Станіслаў Вількін. На ролю Бярозкі ўдала падышла купалаўская красуня Юліяна Міхневіч, а Гервасія ўвасабляюць не менш таленавітыя і перспектыўныя акцёры маладога пакалення Андрэй Гладкі і Андрэй Дробыш. Заняты і студэнты Акадэміі мастацтваў (многія, дарэчы, з тых, каго можна было бачыць у яшчэ адным маім фестывальным спектаклі “Амазонія”). Яны вельмі адказныя, старанныя, і, трэба спадзявацца, гэтыя два спектаклі дадуць ім стымул і вопыт, стануць добрым штуршком у кар’еры. Над пластыкай працаваў, ужо вядомы па “Амазоніі”, французскі харэограф Майк Партуш, які зараз працуе ў Музычным тэатры Беларусі. Музыку напісалі Алег Хадоска, Іна Перасецкая-Малаковіч і Андрэй Малаковіч. Выконвае яе ў сваёй аранжыроўцы гурт “Дзівасіл”. Увогуле, уся наша “каманда” працуе папраўдзе апантана. З Караткевічам увогуле іначай немагчыма, бо ён захапляе адразу — бярэ ў палон і адначасова дае крылы. Таму — запрашаю на прэм’еру!

Фота Юрыя ІВАНОВА

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"