Стаўка на “гурманаў”, або Якасць “пад абстрэлам”?/ Праграмная дылема фестывалю "Белая вежа"

№ 40 (1062) 06.10.2012 - 13.10.2012 г

Найстарэйшы айчынны тэатральны фестываль “Белая вежа” ўжо даўно стаў не проста творчым форумам, але і своеасаблівай лакмусавай паперкай, што дае нам падставы ўбачыць, якім чынам развіваецца сёння фестывальны рух. Тым больш, у ХХІ стагоддзі жадання сабраць у адным месцы ў адзін час цікавыя пастаноўкі мала для таго, каб весці гаворку пра фестываль як з’яву самастойную і самадастатковую. Якія ж складнікі робяць сёння тэатральны фестываль — фестывалем?

Персаніфікацыя адборшчыкаў

Згадваючы гісторыю “Белай вежы”, нельга абысці ўвагай той факт, што на працягу ўсяго яе існавання тэатральныя крытыкі і тэатразнаўцы проста-такі даймалі дырэктара Аляксандра Козака пытаннямі аб канцэпцыі фестывалю, яго генеральнай лініі. З часам яна нязмушаным чынам вымалявалася як магчымасць знаёмства беларускіх тэатралаў з рознымі формамі сучаснага тэатральнага мастацтва, пачынаючы ад традыцыйна-нацыянальных яго відаў і да авангардна-эксперыментальных праяў. І раз ад разу ў рамках фестывальнай праграмы знаходзіліся спектаклі, якія насамрэч адкрывалі гледачам новыя, адрозныя ад звыклых, тэатральныя ўражанні.

Але любая ідэя павінна мець сваё лагічнае развіццё, раскрыццё. І “геаграфічная” колькасць таксама рана ці позна мусіць, паводле закону дыялектыкі, перайсці ў якасць. Якім чынам арганізатары пераадолеюць гэты бар’ер? Магчыма, за кошт больш пільнага фарміравання афішы на адборачным этапе. Не сакрэт, што значная колькасць буйных сусветных тэатральных фестываляў мае сваіх праграмных дырэктараў ды куратараў. За кошт гэтага і сама афіша фарміруецца канкрэтнымі людзьмі, якія “падпісваюцца” пад ёю і — нясуць своеасаблівую адказнасць за тыя пастаноўкі, што трапляюць на падмосткі.

З іншага боку, персаніфікацыя фестывальных адборшчыкаў дадае яшчэ адзін важны момант — магчымасць фарміравання цэласнай канцэпцыі самога прагляду. Ды не на ўзроўні тэматыкі, што, дарэчы, вельмі слушна ў апошнія гады стала практыкаваць “Белая вежа”, а больш глыбока, збіраючы спектаклі ў цэласную мазаіку. Не выпадкова і гэтым разам згадвалася ідэя арганізатараў і, у прыватнасці, дырэктара фестывалю Аляксандра Козака адносна таго, што фестываль — гэта своеасаблівы самастойны спектакль з усім комплексам адпаведных асаблівасцей ды нюансаў.

Гледачы ці крытыкі: хто на першым месцы?

Яшчэ адна традыцыйная дылема, якая паўстае, не пабаюся сказаць, перад усімі арганізатарамі тэатральных фестываляў, — абазначэнне асноўнага спажывецкага сегменту. Іншымі словамі — мэтавай групы, на якую варта арыентавацца ў сваёй дзейнасці. І тут звычайна ўзнікае дыскусія наконт таго, чые запатрабаванні павінны дамінаваць: тэатразнаўцаў і прафесіяналаў ад тэатра, якія разглядаюць кожную пастаноўку з пазіцый прафесійнай вартасці ды яе мастацкіх дасягненняў, альбо звычайных гледачоў, для каго паход у тэатр — не мастацтвазнаўчы акт, а спосаб адпачыць і культурна правесці ўласны вольны час.

/i/content/pi/cult/394/7915/1-1.jpeg

Як паказвае практыка, перагібы ў той або іншы бок нічога карыснага фестывалям не прыносяць. Бо, арыентуючыся на вузкае кола тэатральных “гурманаў” фестываль страчвае магчымасць шырокага розгаласу ў асяроддзі гараджан (а, прынамсі, “Белая вежа” з самага пачатку задумвалася, як творчы форум для брэстчан ды жыхароў рэгіёна). Але ж пры стаўцы на забаўляльны фактар і як мага больш шырокі глядацкі попыт “пад абстрэлам” апынаецца мастацкая якасць саміх спектакляў.

Зараз, здаецца, самы час прапанаваць арганізатарам фестывалю “рэцэпт” поспеху, ды... Любая тэорыя заўсёды разбіваецца на дробныя аскепкі як толькі сутыкаецца з рэальнай практыкай. І гэта, не ў апошнюю чаргу, — магчымасці фестывальнага бюджэту.

Не сакрэт, што фестывальны рух у свеце ўжо даўно стаў своеасаблівай індустрыяй. І існуе дастатковая колькасць тэатральных калектываў, якія ствараюць свае праекты не для будзённага “рэпертуарнага” ўжытку, а адмыслова для паказу адпаведнаму сегменту публікі. Адпаведна, за выступленні свае яны выстаўляюць ганарары, памеры якіх часам могуць набліжацца і да сумы ўсяго бюджэту форуму. І хаця кожны з нас ведае, што ўзровень мастацтва ніяк не залежыць ад колькасці ўкладзеных у яго грошай, усё ж аб’ектыўныя магчымасці выдаткаў робяць уплыў на канчатковы вынік.

Альтэрнатыўныя крыніцы крэатыву...

Чым жа вабяць гараджан — аматараў тэатральнага мастацтва — фестывалі кшталту “Белай вежы”? Думаю, не памылюся, калі скажу: адным з вызначальных фактараў з’яўляецца магчымасць пабачыць тое, што ў будзённым жыцці аматарам тэатральнага мастацтва практычна недаступнае. А яшчэ — нешта, прызначанае выключна для фестывальнага паказу. Думаецца, акурат гэтая ніша — стварэнне ўласнай тэатральнай прапановы — таксама магла б стаць адным з дадатковых вабных элементаў фестывальнай афішы.

Так, традыцыйна гаспадары форуму — Брэсцкі акадэмічны тэатр драмы — прадстаўляюць гледачам свае спектаклі, аднак амаль заўсёды яны з’яўляюцца навінкай выключна для гасцей фэсту: гараджане ж, як правіла, ўжо ведаюць іх, бо мелі магчымасць пабачыць у бягучым рэпертуары. У выніку аказваецца, што гаспадарская гасціннасць, што праяўляецца, у тым ліку, і ў прадстаўленні прыезджым калектывам лепшага сцэнічнага часу, а сабе — часу дзённага, становіцца своеасаблівым “паражэннем” ва ўласных правах: людзі тэатральныя ведаюць, наколькі розняцца прэм’ерна-фестывальная публіка і падлеткава-школьная.

Згадваецца і цікавы вопыт гаспадароў фестывалю, калі некалькі гадоў таму яны прадставілі публіцы свой вопыт вулічнай пастаноўкі — “Мара пра Дон Кіхота”, якая аказалася цікавым творчым досведам не толькі для самога брэсцкага тэатра, бо прымусіла акцёраў устаць на хадулі і асвойваць нязвыклую для іх прастору плошчы. Не меншы інтарэс выклікаў той спектакль і ў колах прафесіяналаў ад тэатра, бо даў падставы для грунтоўнага аналізу магчымасцей сучаснага беларускага тэатра і таго, наколькі апошні, знаёмячыся з вопытам існавання сваіх калег з бліжніх краін, зацікаўлены і здольны пераймаць, прымаць тыя або іншыя формы актуальнага тэатральнага бытавання.

Хтосьці скажа мне, што гэта занадта: патрабаваць ад гаспадароў “Белай вежы” не толькі правядзення форуму на годным узроўні, але ж і падрыхтоўкі акурат да яго штогадовай новай крэатыўнай пастаноўкі. Але ж не памылюся, калі скажу: у глыбіні душы арганізатары фестывалю пра гэта мараць. Сведчаннем таму — і тыя майстар-класы, якія ў апошнія гады хоць і сціпла, ды ладзяцца ў рамках фэсту.

Думаецца, яшчэ адным крокам у дадзеным кірунку інтэграцыі ў сусветную фестывальную прастору было б стварэнне адмысловай капрадукцыі, што сталася б крэатыўным актам супрацоўніцтва з самымі цікавымі творцамі, “заўважанымі” на “Белай вежы”, як у свой час гэта было з рэжысёрамі, якіх пасля падзеі запрашалі для пастаноўкі рэпертуарных спектакляў тэатра. Сёння любы буйны тэатральны фестываль не абыходзіцца без уласных “агентаў” у выглядзе пастановак і праектаў як на ўласнай пляцоўцы, так і на сцэнах іншых тэатраў, якія прадстаўляюць не толькі стваральнікаў — пастановачную групу, але і, найперш, сваіх “ідэолагаў” — дырэкцыю форуму-стваральніка.

Разумею і тое, што патрабаваць падобнай актыўнасці ад арганізатараў “Белай вежы” было б цалкам неправамерна, бо, у адрозненне ад таго ж “Балтыйскага дома” ў Санкт-Пецярбургу, дзе фестывальная дзейнасць з’яўляецца асноўным накірункам работы, “Белая вежа” збіраецца, так бы мовіць, у вольны ад асноўнай працы час і выключна супрацоўнікамі тэатра, без прыцягнення дадатковых творчых сіл. З аднаго боку, гэткая творчая апантанасць і вернасць фестывальнай ідэі на працягу такога доўгага часу не можа не выклікаць павагі і слоў шчырага прызнання ўсім тым, для каго “Белая вежа” стала не проста “працоўнай нагрузкай”, а  — неад’емнай часткай фестывальнага творчага жыцця тэатра, горада, краіны. Але ж, безумоўна, не магу не агучыць і мары пра тое, што калі-небудзь “Белая вежа” зможа выйсці на новую прыступку ўласнага прафесійнага развіцця і разгарнуць-такі фестывальную дзейнасць напоўніцу. Балазе прафесійнага вопыту і здаровых творчых амбіцый у яе арганізатараў дастаткова.