“Напеў зямлі…” чакае!

№ 40 (1062) 06.10.2012 - 13.10.2012 г

Сёння ў Мар’інай Горцы — юбілейны, X Фестываль народнай творчасці Мінскай вобласці “Напеў зямлі маёй”.

Як паведамілі “К” у галоўным упраўленні ідэалагічнай работы Мінаблвыканкама, удзельнікамі конкурсу стануць 28 аматарскіх калектываў са званнямі “народны” і “ўзорны” з усіх куткоў Міншчыны.

Пераможцы фестывалю атрымаюць, акрамя спецыяльных дыпломаў, каштоўныя прызы: камп’ютары для студыі гуказапісу, музычныя інструменты, гукаўзмацняльную апаратуру, канцэртныя мікрафоны і многае іншае. А Гран-пры фестывалю — мікрааўтобус “Газель” — будзе ўручаны калектыву, які прадэманструе самы высокі ўзровень выканальніцкага майстэрства.

Па традыцыі, журы конкурсу ўзначальвае кампазітар, народны артыст СССР, старшыня Беларускага саюза кампазітараў, прафесар Ігар Лучанок. Сустаршыня журы — мастацкі кіраўнік Нацыянальнага акадэмічнага народнага хору імя Г.Цітовіча, народны артыст Беларусі, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі нашай краіны, старшыня Беларускага саюза музычных дзеячаў, прафесар Міхаіл Дрынеўскі.