“Каласавіны” ў фармаце IT

№ 40 (1062) 06.10.2012 - 13.10.2012 г

Асноўная частка ўрачыстых мерапрыемстваў, прымеркаваных да 130-годдзя з дня нараджэння класіка айчыннай літаратуры Якуба Коласа, пройдзе напрыканцы гэтага месяца ў родных мясцінах Песняра — на Стаўбцоўскай зямлі. Плануецца, што ў Рэспубліканскім свяце прымуць удзел народныя і аматарскія музычныя калектывы, айчынныя і замежныя пісьменнікі, літаратуразнаўцы.

Разам з тым, па добрай традыцыі, цягам трох дзён — з 1 па 3 лістапада — у Мінску пройдуць чарговыя “Каласавіны”. Як адзначылі ў Дзяржаўным літаратурна-мемарыяльным музеі Якуба Коласа, у рамках свята адбудуцца сустрэча з кіраўнікамі арганізацый, якія носяць імя народнага паэта Беларусі Якуба Коласа, падвядзенне вынікаў музейнай акцыі “130 прысвячэнняў Песняру”.

Прадстаўнічай чакаецца і XXVІІ Міжнародная навуковая канферэнцыя “Якуб Колас. Чалавек. Эпоха. Час”. У ёй прымуць удзел даследчыкі гісторыі беларускай літаратуры ХІХ — ХХ стст., гісторыкі, архівісты, культуролагі, музейшчыкі. Сярод пытанняў, што будуць узнімацца на форуме, — творчая спадчына Якуба Коласа ва ўспрыняцці замежнага чытача, дабрачынная дапамога Песняра, творчыя і дзелавыя кантакты паэта перыяду 1941 — 1956 гг.

Акрамя таго, спецыялісты змогуць ацаніць інавацыі ў галіне інтэрпрэтацыі жыцця і творчасці Якуба Коласа ў экспазіцыйнай і навукова-асветніцкай дзейнасці музея, а таксама выказаць сваё бачанне праблемы фарміравання новых музейных брэндаў сродкамі IT-тэхналогій, у тым ліку ацаніць, наколькі поўна адлюстравана імя Якуба Коласа ў Інтэрнэце.

Завершацца святочныя мерапрыемствы ўрачыстай цырымоніяй ускладання кветак да помніка Якубу Коласу ў Мінску. Чакаецца, што па выніках працы канферэнцыі будзе выдадзены зборнік матэрыялаў “Каласавіны”.