Станцаваць “Серэнаду”

№ 40 (1062) 06.10.2012 - 13.10.2012 г

Сёння і заўтра ў Нацыянальным акадэмічным Вялікім тэатры оперы і балета Беларусі — прэм’ера аднаактовай “Серэнады”. Легендарную харэаграфічную пастаноўку Дж.Баланчына паводле аднайменнай сюіты для струнных П.Чайкоўскага перанесла на нашу балетную трупу Нанэт Глушак з Францыі, якая калісьці вучылася ў школе Баланчына, потым танцавала ў ягонай трупе, а цяпер з’яўляецца афіцыйным прадстаўніком яго Фонду і з 1987 года ставіць “Серэнаду” па ўсім свеце.

Летась беларускія гледачы бачылі гэты аднаактовы балет у выкананні грузінскіх артыстаў. Цяпер “Серэнада” трывала прапісалася на нашай сцэне. І, можа стацца, у такім выглядзе паедзе за мяжу, калі Фонд Баланчына, упэўніўшыся ў дакладнасці выканання ўсіх тонкасцей пастаноўкі, дасць на тое згоду.

Усе ўдзельнікі спектакля працавалі над ім з вялікім захапленнем, адзначаючы складанасць новага для нас харэаграфічнага стылю, пазначанага “пячаткай” майстра. Сапраўды, неакласіка ў кожнага з харэографаў — свая. У Баланчына — насычаная не фіксацыяй поз, як у класіцы, а пастаянным рухам: літаральна на кожны такт, а часам і амаль на кожную яго долю ён прапаноўвае новае па, што нечым нагадвае класічнае і, адначасова, мае прынцыповыя адрозненні. Пад балетным ракурсам давялося зірнуць на знаёмую партытуру і дырыжору Вячаславу Волічу. Што ж да праславутай бессюжэтнасці гэтага спектакля, дык яна, як прызналіся артысты, падманная, бо кожны ўносіць у спектакль свае пачуцці, якія нельга перадаць словамі — толькі танцам, пластыкай і музыкай…

Н.Б.