Прынашэнне Коласу

№ 45 (811) 10.11.2007 - 16.11.2007 г

3 лістапада, у дзень нараджэння народнага паэта Беларусі Якуба Коласа, у Мінску адбыліся юбілейныя ўрачыстасці, прысвечаныя 125-годдзю Вялікага Песняра.

 /i/content/pi/cult/136/791/Prynashenne-Kolasu.jpg
Зранку на плошчы Якуба Коласа былі ўскладзены кветкі да помніка паэту. Удзел у цырымоніі прынялі прадстаўнікі адміністрацыі Прэзідэнта Беларусі, Савета Міністраў, міністэрстваў культуры, адукацыі, інфармацыі, сувязі і інфарматызацыі, мінскіх гарадскога і абласнога выканкамаў, Саюза пісьменнікаў Беларусі, іншых арганізацый, навучальных устаноў і творчых калектываў рэспублікі.
Пасля гэтага госці свята перайшлі ў Вялікую залу Беларускай дзяржаўнай філармоніі, дзе ўрачыстасць прадоўжылася святочным пасяджэннем і канцэртам. Урачысты сход адкрыў намеснік Прэм’ер-міністра Беларусі Аляксандр Косінец, які з’яўляўся старшынёй Рэспубліканскага аргкамітэта па правядзенні мерапрыемстваў, прысвечаных 125-годдзю з дня нараджэння Якуба Коласа. Слова пра паэта прамаўлялі намеснік дырэктара Інстытута літаратуры імя Янкі Купалы Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, кандыдат філалагічных навук Тэрэза Голуб, лаўрэат дзяржаўнай прэміі Беларусі, галоўны рэдактар часопіса “Полымя”, паэт Мікола Мятліцкі, сын Якуба Коласа, доктар тэхнічных навук Міхась Міцкевіч.
Шматгучным акордам свята стаўся канцэрт, з любоўю падрыхтаваны дзеячамі культуры Беларусі. “Кіравала” ім, яднаючы асобныя нумары ў адзінае цэлае, галоўны рэжысёр “Мінскканцэрта” Наталля Кураш.
— Галоўную ідэю канцэрта, — падзялілася Наталля Уладзіміраўна, — можна акрэсліць наступнай паэтычнай фразай: “...аддалены ў часе ад нас на гады і вельмі блізкі нам сёння”.
Менавіта гэтая думка падкрэслівалася і ў прамовах, і ў канцэртных нумарах, і ў самой драматургіі святочнай дзеі.
Сапраўды, канцэрт быў пабудаваны не толькі на звыклым чаргаванні нумароў, але і на яднанні творцаў у літаратурна-музычна-танцавальнай кампазіцыі. Ужо ў фае філармоніі гасцей сустракалі героі коласаўскай “Новай зямлі”— Ганна (Таццяна Мархель) і Міхал (Аляксандр Курловіч). Была разгорнута фотавыстаўка.
Сваё прынашэнне Коласу дарылі Нацыянальны акадэмічны народны аркестр Беларусі імя І.Жыновіча пад кіраўніцтвам народнага артыста краіны Міхаіла Казінца, квінтэт акарын на чале з Аляксандрам Крамко, ансамблі “Песняры”, “Бяседа”, “Чысты голас”, “Харошкі”, артысты Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы Арнольд Памазан, Аляксандр Малчанаў, артыст тэатра “Зніч” Мікалай Лявончык, салістка філармоніі Зоя Феакцістава, спевакі Алег Сямёнаў, Ірына Раманоўская, ансамбль цымбалістаў “Залатая струна” Мінскага дзяржаўнага музычнага вучылішча імя М.Глінкі пад кіраўніцтвам Ганны Полесавай, харэаграфічны ансамбль “Весялушка”, дзіцячы танцавальны ансамбль “Роўніца” з Барысава.
Яшчэ адна літаратурна-музычная кампазіцыя, прысвечаная юбілею, прагучала ў гэты дзень па Першым Нацыянальным канале Беларускага радыё. Радыёкампазіцыю “Зямлі і небу пакланюся...”, у якой былі выкарыстаны вершы Якуба Коласа і фрагменты кнігі Максіма Лужаніна “Колас расказвае пра сябе”, падрыхтавала Галіна Шаблінская. Ролі агучвалі народны артыст Беларусі Генадзь Гарбук і Аляксандр Аўчыннікаў.

Наш кар.
Фота Юрыя ІВАНОВА