“Лістапад” & франкафонія

№ 40 (1062) 06.10.2012 - 13.10.2012 г

Як нам паведамілі ў дырэкцыі “Лістапада”, сёлета на кінафестывалі будзе прадстаўлена ўсяго больш за сто фільмаў. Іх спіс агучаць на прэс-канференцыі за два тыдні да пачатку Міжнароднага кінафоруму.

У прыватнасці, на сёлетнім “Лістападзе” будзе прадстаўлена рэтраспектыва “Вачыма Германіі”, фільмы якой уяўляюць з сябе эмацыйна абвостраны аповед пра тое, што хвалюе немцаў сёння, і пра тое, што яны памятаюць са сваёй гісторыі. У рэтраспектыве — шэсць стужак. Пяць былі створаны ў 2011 годзе, адна — у 1978-м і летась адрэстаўравана.

Сярод фільмаў — карціны трылогіі “Драйлебен”: “Нешта лепшае, чым смерць”, “Не хадзі за мною”, “Адна хвіліна цемры” рэжысёраў Крысціяна Петцольда, Дамініка Графа, Крыстафа Хохайзлера. Авантурная камедыя Леандэра Хаўсмана “Гатэль “Люкс”, а таксама фільмы “Сума ўсіх маіх частак” (рэжысёр — Ханс Вайнгартнер) і “Адчай — вандроўка ў свет” (рэжысёр — Райнэр Вернэр Фасбіндэр).

Паводле слоў супрацоўніка аддзела культурных праграм мінскага Інстытута Гётэ Веры Дзядок (установа ініцыявала рэтраспектыву), гэтыя фільмы адабраны па выніках года ў Германіі. Іх папулярнасць на радзіме дае падставы меркаваць, што такое кіно будзе цікавым і беларускім гледачам. У такім фармаце — у рамках міжнароднага фестывалю — падборка нямецкіх карцін прадстаўлена ў нашай сталіцы ўпершыню.

Праграмны дырэктар праграмы ігравога кіно “Лістапада” Ігар Сукманаў адзначыў, што крытэрыямі, паводле якога згаданыя фільмы трапілі на фестываль, з’яўляюцца прафесійны ўзровень і зорныя імёны. У прыватнасці, адрэстаўраваную стужку “Адчай — вандроўка ў свет” будзе прадстаўляць у Мінску зорка еўрапейскага кіно, выканаўца галоўнай ролі Андрэа Ферэоль.

Ён таксама паведаміў, што на кінафоруме гледачы пабачаць рэтраспектывы расійскіх і славацкіх фільмаў. Калі кіно ўсходніх суседзяў для нас — рэч звыклая, дык славацкае, прадстаўленае творчасцю Штэфана Угера, будзе для шырокай грамады адкрыццём. Угер — мастак маштабу Формана і Паланскага.

Для нашай краіны Мінск — не адзінае акно ў вялікі кінасвет. З 8 па 13 кастрычніка ў Гомелі пройдзе Тыдзень франкафоннага кіно — традыцыйны для горада над Сожам. Сёлета гамяльчане пабачаць не толькі французскія фільмы, але і работы швейцарскіх рэжысёраў.

П.В.