"Парыжская школа...". Паспяховы старт

№ 40 (1062) 06.10.2012 - 13.10.2012 г

У Нацыянальным мастацкім музеі паспяхова працягвае працу выстаўка — арт-праект “Мастакі Парыжскай школы з Беларусі. З калекцыі “Белгазпрамбанка”, музейных і прыватных збораў”, на якой прадстаўлена каля ста палотнаў, графічных твораў і бронзавая скульптурная кампазіцыя Осіпа Цадкіна — “Малая П’ета”. “К” ужо неаднойчы пісала пра гэты ўнікальны праект, і сёння, калі мінула тры тыдні з дня вернісажу, можна падвесці першыя вынікі.

Думаючы пра вялікіх мастакоў з Беларусі, якія знайшлі ў 1910 —
1920-х гэты спрыяльны, прыхільны творчы клімат у Францыі, я прыгадваю даўно бачаны фільм “Успамін пра будучыню”. У ім гаворка ішла пра сляды высокаразвітай пазаземнай цывілізацыі, пакінутыя ў глыбокай старажытнасці на Зямлі, якія ўспрымаюцца сёння правобразам будучыні нашай планеты, г. зн. магчымай мадэлі жыцця на ёй дзе-небудзь у XXV ст.

Выстаўку “Мастакі Парыжскай школы з Беларусі” можна смела лічыць першай ластаўкай вяртання імён нашых славутых землякоў на родную ніву і, значыць, нейкім трамплінам для гледача ў сэнсе пераарыенціровак яго поглядаў на мастацтва і закарузлых “ідэалаў” — трамплінам у сучасны духоўны свет, народжаны нашымі папярэднікамі, “парушальнікамі спакою” — “беларускімі парыжанамі”.

На сённяшні дзень, пачынаючы з 22 верасня, выстаўку ўжо наведала больш за чатыры тысячы чалавек. Самае цікавае, што большасць з іх — простыя гледачы, так бы мовіць, “неспецыялісты” ў галіне выяўленчай культуры. А гэта дарагога варта. І яшчэ кожны можа пакаштаваць кубачак добрай гарачай кавы ў віртуальным “парыжскім” кафэ “Ратонда”, што размясцілася ў адной з музейных залаў. Такая вось “французская” аўра ў беларускай духоўнай прасторы…

Б.К.