Нацыянальная тэатральная: перад фінішнай прамой

№ 40 (1062) 06.10.2012 - 13.10.2012 г

3 кастрычніка ў Нацыянальным прэс-цэнтры адбылася прэс-канферэнцыя, прысвечаная ходу падрыхтоўкі ІІ Нацыянальнай тэатральнай прэміі. Для прысутных журналістаў былі агучаны вынікі работы экспертнай камісіі, у склад якой увайшлі мастацтвазнаўцы, крытыкі, вядучыя дзеячы тэатральнага, музычнага мастацтва, прадстаўнікі творчых саюзаў Беларусі, Міністэрства культуры краіны.

Як нагадалі прысутным, сёлета, у адрозненне ад мінулага года, тэатры праявіў значна большую актыўнасць у падачы заявак. І, згодна з новаўвядзеннямі ў Палажэнне аб Нацыянальнай тэатральнай прэміі, шэраг калектываў прадставіў да саіскання прэміі не па адной, а па дзве і нават па тры работы, што склала агульную лічбу ў 39 спектакляў. З іншых новаўвядзенняў прэміі — поруч з існуючымі намінацыямі “Лепшы спектакль”, “Лепшая рэжысёрская работа”, “Лепшая жаночая роля”, “Лепшая мужчынская роля”, “Лепшая работа мастака-пастаноўшчыка”, “Лепшае музычнае афармленне спектакля” і “Лепшая пастаноўка па творы сучаснага беларускага аўтара” з’явіліся тры новыя: “Лепшы спектакль тэатра лялек”, “Лепшы спектакль для дзяцей” і “Лепшая работа харэографа-пастаноўшчыка”.

Фінальныя мерапрыемствы Нацыянальнай тэатральнай прэміі пройдуць з 12 па 18 лістапада. У гэты час усе спектаклі-фіналісты можна будзе пабачыць на сталічных тэатральных пляцоўках. А 19 лістапада ў Вялікім тэатры оперы і балета адбудзецца ўрачыстае ўзнагароджанне пераможцаў. На дадзены ж момант, як паведаміў першы намеснік міністра культуры краіны Уладзімір Карачэўскі, ідзе праца па зборы заявак ад тэатраў на ўдзел у рабоце журы — тэатральнай акадэміі, фарміраванне графіка конкурсных выступленняў, а таксама запрашэнні замежных гасцей да ўдзелу ў мерапрыемствах Нацыянальнай тэатральнай прэміі.

А вось шорт-ліст Нацыянальнай тэатральнай прэміі, які стаў вынікам месяца работы экспертнай камісіі па “адсеву” спектакляў-фіналістаў і выглядае наступным чынам:

“Аіда” Джузэпэ Вердзі Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Рэспублікі Беларусь;

“Выкраданне Еўропы, або Тэатр Уршулі Радзівіл” Францішкі-Уршулі Радзівіл, Сяргея Кавалёва Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы;

“Гора ад розуму” Аляксандра Грыбаедава Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Максіма Горкага;

“Леаніды не вернуцца на зямлю” Уладзіміра Караткевіча Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Якуба Коласа (г. Віцебск);

“Пан Міністар” Францішка Аляхновіча Беларускага рэспубліканскага тэатра юнага гледача;

“Вянчанне” Вітольда Гамбровіча Беларускага дзяржаўнага тэатра лялек;

“Бяда ад пяшчотнага сэрца” Уладзіміра Салагуба Драматычнага тэатра Беларускай Арміі;

“Фігара.tut” паводле П’ера Бамаршэ Сучаснага мастацкага тэатра УП “Віртуозы сцэны”;

“Сродак Макропуласа” Карэла Чапека Тэатра-студыі кінаакцёра Нацыянальнай кінастудыі “Беларусьфільм”;

“Страцім-лебедзь” Юрыя Сохара па матывах паэмы Максіма Багдановіча Магілёўскага абласнага тэатра драмы і камедыі імя В.І.Дуніна-Марцінкевіча (г. Бабруйск);

“Раскіданае гняздо” Янкі Купалы Брэсцкага акадэмічнага тэатра драмы імя Ленінскага камсамола Беларусі;

“Прынцэса і Свінапас” паводле Ханса-Крысціяна Андэрсена Беларускага тэатра “Лялька” (г. Віцебск);

“Вар’яцкі дзень, або Жаніцьба Фігара” паводле П’ера Бамаршэ Гомельскага абласнога драматычнага тэатра;

“Пікавая дама” Аляксандра Пушкіна, Пятра Чайкоўскага Гродзенскага абласнога тэатра лялек;

“Аднакласнікі” Юліі Чарняўскай Магілёўскага абласнога драматычнага тэатра;

“Чарадзейны пэндзлік” Алесі Сабела, Ігара Казакова Магілёўскага абласнога тэатра лялек.