“Я малюю раслінамі...”

№ 45 (811) 10.11.2007 - 16.11.2007 г

Калі архітэктура мае справу з будаўнічымі матэрыяламі, дык ландшафтная — з жывымі раслінамі. І як яны будуць паводзіць сябе, не ведае нават спецыяліст. Галіну ВАЛІЦКУЮ — цяперашнюю загадчыцу бюро ландшафтнай архітэктуры і фітадызайну Цэнтральнага батанічнага сада Нацыянальнай акадэміі навук Рэспублікі Беларусь, выпускніцу архітэктурнага факультэта політэхнічнага інстытута (зараз БНТУ) — не спалохалі гэтыя акалічнасці, калі яна абірала прафесію ландшафтніка.

 /i/content/pi/cult/136/790/Landshaft.jpg
— Мой навуковы кіраўнік дыпломнай Георгій Аляксандравіч Патаеў, — прыгадвае Г.Валіцкая, — прапанаваў рэальную тэму: паўдзельнічаць разам са спецыялістамі мінскага Батанічнага сада ў стварэнні праекта добраўпарадкавання і азелянення Светлагорскага завода штучнага валакна. Я пагадзілася і зрабіла эскізны праект. У Батанічным садзе зацікавіліся маёй распрацоўкай. Пасля заканчэння архітэктурнага факультэта мяне размеркавалі ў Цэнтральны батанічны сад, які ўзначальваў тады акадэмік Мікалай Смольскі — чалавек шырокіх поглядаў. Ён марыў, каб у садзе быў свой ландшафтны архітэктар. У той час такая прафесія была рэдкасцю. Я прыйшла працаваць у ЦБС у 21 год. Пачатак быў досыць незвычайны. Смольскі пасадзіў мяне ў суседнім кабінеце, і цэлы год я чытала кніжкі па ландшафтнай архітэктуры, батаніцы, якія ён мне прыносіў.
Для ландшафтніка дрэвы, кустоўе, кветкі — выяўленчыя сродкі. Гэта не фарбы, не камень, а жывы матэрыял. За 32 гады, што працую ў ЦБС, я, як добры батанік, ведаю расліны, іх характарыстыкі, тое, якія змяненні могуць яны зведаць у выніку нейкіх няздатных умоў: неадпаведнай глебы, змен клімату, цяпла, святла, хвароб. Таксама я мушу ўяўляць, якімі будуць расліны ў перспектыве — праз 10 — 30 гадоў, і ўсё гэта ўлічваць на першай стадыі праектавання.
Тады я часткова самастойна ажыццяўляла свой праект для Светлагорскага завода штучнага валакна. Нядаўна пабывала там у камандзіроўцы — наш Батанічны сад зноў займаецца рэканструкцыяй зялёнай зоны завода.
Мне пашанцавала, бо мне дапамагалі, спрыялі ў ажыццяўленні маіх крэатыўных думак. І што яшчэ — батанічны сад не адпускае. Штодзень бачу за вакном кабінета пейзажы, якія бясконца змяняюцца, я фактычна ўвесь працоўны дзень — у цудоўным лесе.
— Беларускі клімат — умерана-кантынентальны. А ў Садзе нядрэнна пачуваюць сябе паўднёвыя расліны...
— Існуе Сусветная асацыяцыя батанічных садоў, якая ўключае болей за 400 такіх устаноў, як наша. У эліце тыя сады, у калекцыі якіх — больш за 10000 відаў, гатункаў садовых форм. Такіх садоў дзесяць. Наш Батанічны сад, якому сёлета споўнілася 75 гадоў, налічвае 9000 відаў.
Сярод батанічных садоў СНД наш лічыцца адным з лепшых. З 9 тысяч відаў дзве з паловай — расліны закрытага грунту, аранжарэйнай групы. Сёлета, у маі, мы адкрылі новую экспазіцыйную аранжарэю. Меркавалі, што старая апусцее, ды дзе там! У старую мы таксама пускаем наведвальнікаў. Аднак там вельмі цесна.Кожны сорт, від у нас прадстаўлены трыма і болей раслінамі. Сярод іх — розныя экзоты. Выспяваюць бананы, ананасы, лімоны. Дарэчы, нашы лімоны вельмі смачныя, у іх тонкая шкарлупка, яны водарныя і салодкія.
— Батанічны сад вабіць сваёй прыгажосцю, ён увесь час змяняецца, і не толькі ў розныя поры года, змяняецца яго ландшафтная архітэктура…
— Зараз мы знаходзімся ў стадыі рэканструкцыі. Праект распрацаваны інстытутам “Белпраект”. Зменяцца алеі, сажалка. Плошча апошняй застанецца ранейшай. Яе берагавая лінія пасля рэканструкцыі не будзе ў бетоне — яна набудзе натуральныя абрысы. Ландшафтныя архітэктары ажыццяўляюць кветкава-дэкаратыўнае афармленне. Цэнтральны партэр змяняецца штогод — мяняюцца дывановыя кветкі на ім, арнаментальны малюнак.
Заўсёды бывае цікава пачуць думку прафесіяналаў з-за мяжы. Нядаўна пабывала ў нас на стажыроўцы калега з Літвы. Яна адзначыла, што наш сад, увогуле Мінск з боку кветкава-арнаментальнага афармлення вельмі своеасаблівы. І ў кветніках адлюстроўваецца наша ментальнасць. Нашы кветнікі, лічыць яна, яркія, арнаментальныя. Беларусы — прагматычныя людзі, і кветнікі нашы дастаткова выразна выяўляюць гэта.
Нядаўна я прайшла вучобу ў Нясвіжскай акадэміі, заняткі ў якой праводзяць лепшыя спецыялісты. І там адзначалася, што вельмі важна захоўваць сваю індывідуальнасць. Важна захаваць акурат свае рамёствы, сваю этнічную адметнасць, псіхалогію, менталітэт. Гэта зараз цэніцца па ўсёй Еўропе.
— Чым карысны вопыт Нясвіжскай акадэміі для Беларусі?
— Ідэя стварыць Нясвіжскую акадэмію ўзнікла 12 гадоў таму. Распрацоўшчыкі праекта кіраваліся мэтай паспрыяць захаванню нашай нацыянальнай спадчыны, рэстаўрацыі помнікаў культуры, архітэктуры, Нясвіжскіх замка і парка, іншых садова-паркавых і замкавых ансамбляў. Узнікла думка — рыхтаваць спецыялістаў у галіне ландшафту, рэстаўрацыі. Заняткі сёлетняй Нясвіжскай акадэміі прысвячаліся актуальнайтэме: “Ахова і развіццё культурнага ландшафту”. Іх правялі 12 лепшых польскіх спецыялістаў, якія займаюцца рэстаўрацыяй палацава-паркавых ансамбляў, замкаў, нацыянальных паркаў і ахоўных тэрыторый. Мы аб’ехалі ўсю Варшаву, пазнаёміліся з яе архітэктурнымі славутасцямі, пабывалі ў Кракаве і ў паўночна-заходнім рэгіёне краіны, уключаючы Татры, Закапаны. Мы пабачылі старажытныя замкі, старыя вёскі. Нам на рэальных прыкладах паказвалі: не проста трэба рэканструяваць, рэстаўраваць старое — неабходна ствараць бізнес-план і з розумам усё эксплуатаваць, каб былі турысты, каб была сфера паслуг, каб вучыць людзей захоўваць сваю спадчыну. У такіх месцах не здараецца вандалізму. Увогуле, толькі ў раёне Кракава — 8 аб’ектаў, якія знаходзяцца пад аховай ЮНЕСКО. Нам паказалі царкву, пабудаваную без ужывання цвікоў у 1500 годзе. У царкве — вельмі прыгожы роспіс на бэльках, якому таксама 500 гадоў.
— А ці існуе праблема вандалізму ў нашым Батанічным садзе?
— Хоць у нас працуе ахова, выпадкі вандалізму і крадзяжу, на жаль, здараюцца. Гэта датычыць і сталіцы наогул. Была вялікая праблема з пасадкамі хваёвых раслін. Я сама неаднойчы саджала расліны, якіх праз нейкі час не было на месцы...
— Ці адбываецца абмен раслінамі паміж нашым і іншымі батанічнымі садамі?
— Любы батанік, прыязджаючы ў незнаёмы горад да сваіх калег, хутка знаходзіць з імі агульную мову, і пачынаецца абмен раслінамі. Ёсць яшчэ такая рэч, як дылектус, калі батанічныя сады абменьваюцца спісам насення, якое ў іх ёсць. І можна заказаць сабе патрэбнае, і бясплатна да цябе прыбудуць насенне, карані і іншыя рэчы.
— Распавядзіце, калі ласка, пра каштоўныя калекцыі нашага Батанічнага сада.
— Вельмі багатая наша калекцыя аранжарэйных раслін. Мы маем выдатную калекцыю цюльпанаў, нарцысаў, лілей, бэзу, руж. Дастаткова рэдкая ў нас калекцыя рададэндранаў, якая была ўведзена ў культуру каля 30 гадоў таму.
— А ці ёсць такая праблема, актуальная ва ўсім свеце, калі агрэсіўныя расліны, што прыйшлі з іншых краін, заваёўваюць у нас месца пад сонцам?
— Інвазійныя віды пагражаюць і нам. Зараз нават у нас створана спецыяльная група, якая будзе займацца інвазійнымі раслінамі. Баршчавік Сасноўскага некалі быў завезены ў наш Батанічны сад і прадстаўлены як экзатычны від. А сёння гэтая далёка небясшкодная расліна пачала распаўсюджвацца па ўсёй Беларусі.
— Што ў вашых планах?
— Мая мара — зрабіць тэматычныя, канцэптуальныя сады. Нам, вядома, пакуль не дасягнуць такога ўзроўню, які маюць у гэтым плане Велікабрытанія, ці, скажам, Бельгія. У гэтых краінах праводзяцца вядомыя ва ўсім свеце кветкавыя і іншыя такога кшталту фэсты. Мы не здольныя падняць падобнае з-за вялікіх выдаткаў, гэтым павінна займацца спецыяльная структура, але наш Батанічны можа дапамагчы.Альбо вось такая праблема. У старых парках звычайна з-за ценю, асабліва пад густымі кронамі каштанаў, клёнаў, перастае расці трава. Мне спадабалася, што ў Польшчы ў цяністых месцах, у алеях высаджаны плюшч. У нас таксама гэта варта зрабіць.Як я казала ўжо, ландшафтная архітэктура — сінтэз таго, што зрабілі чалавек і прырода. Камень, гравій, мармуровая крошка, расліны, іншы прыродны матэрыял — з усяго гэтага можна ствараць цудоўныя рэчы. Ландшафтнік павінен быць добрым батанікам. Трэба прадугледзець усё, каб пазбегнуць памылак. Калі ты бачыш, што асартымент раслін не той, — ты іх мяняеш. Да прыкладу, мне патрэбна нейкая калонападобная форма дрэва. Я ведаю, што ў маім распараджэнні дзесятак відаў. Далей я гляджу, якая на месцы асветленасць. З дзесяткаў відаў выбіраю 5, якія будуць расці на дадзенай тэрыторыі. Потым вывучаю склад глебы — і з 5 выбіраю 2 расліны. Пасля з 2 вызначаю тую, якая будзе лепей расці ў перспектыве. Карпатлівая праца, надта навукаёмістая. З аднаго боку, гэта мастацтва, а з іншага — яна патрабуе мець значны запас ведаў чыста агранамічных, батанічных.
— Такім чынам, вы малюеце раслінамі...
— Так. Напачатку я малюю на паперы, адлюстроўваю розныя арнаменты, формы клумб. А потым падбіраю пад іх пэўныя расліны. У маіх планах — стварыць сюжэтныя сады, гэты накірунак зараз вельмі актуальны ў свеце. Не меншую цікавасць уяўляюць гістарычныя, нацыянальныя сады. Планую “намаляваць” японскі, галандскі цыбульныя сады. Цікава было б увасобіць нацыянальны сад імхоў і лішайнікаў — гэтыя распаўсюджаныя ў Беларусі расліны асаблівыя і па-свойму вельмі прыгожыя.

Гутарыла Наталля КІРПІЧЭНКАВА