Самы першы беларускі прадзюсар

№ 35 (1057) 01.09.2012 - 07.09.2012 г

Ігнат Буйніцкі: ад балета на шэсць пар да інтэрактыву

/i/content/pi/cult/393/7897/14-4.jpegГісторыю прафесійнага беларускага тэатра прынята адлічваць ад самых розных “кропак”. Для адных гэта — стварэнне Першага беларускага драматычнага тэатра ў Мінску, для іншых — з’яўленне беларускамоўных п’ес Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча, трэція сягаюць да творчасці Францішкі Уршулі Радзівіл, якая ладзіла хатнія тэатральныя прадстаўленні... З лёгкай рукі знанага айчыннага тэатразнаўцы Уладзіміра Няфёда і Ігнат Буйніцкі быў названы “бацькам беларускага тэатра” за тое, што яго дзейнасць стала "паваротным этапам у развіцці сцэнічнага мастацтва: адбыўся пераход ад аматарскіх тэатральных паказаў да прафесійных форм сцэнічнага мастацтва”. А па сутнасці, кажучы сучаснай мовай, Ігнат Буйніцкі стаў першым айчынным прадзюсарам, які зрабіў стаўку на стварэнне і прасоўванне беларускага тэатральнага прадукту.

 

Усё пачыналася з аматарскіх вечарын, якія збіралі цікаўных з наваколля за кошт таго, што ўяўлялі з сябе відовішча сінтэтычнае: харавыя выкананні беларускіх песень, сабраных Буйніцкім у часе сваіх землямерскіх вандровак, драматычныя сцэнкі, пераважна камедыйна-побытавага характару, перамяжаліся дэкламацыяй вершаў беларускіх пісьменнікаў, якія Буйніцкі аператыўна браў са старонак “Нашай нівы”, і выкананнем народных танцаў. Гэтая папулярнасць прывяла да таго, што ў хуткім часе Буйніцкі афіцыйна заявіў аб стварэнні Першай беларускай трупы і з дапамогай рэдакцыі “Нашай нівы” прыняў удзел у публічным беларускім вечары ў Вільні, дзе займеў поспех, які забяспечыў шэраг іншых прапаноў — як у той жа Вільні, так і ў Мінску, Пецярбургу, Варшаве. Паралельна з гэтым, робячы стаўку на асноўнага спажыўца — шырокія народныя масы, Буйніцкі ладзіць шырокамаштабны гастрольны тур па невялікіх гарадах ды мястэчках Беларусі: Вілейка, Дзісна, Ашмяны, Нясвіж, Слуцк, Клецк, Ляхавічы...

І з “балета з шасці пар” калектыў у хуткім часе вырас да пятнаццаці драматычных акцёраў, трыццаці харыстаў і дванаццаці танцавальных пар. Пры гэтым удзел у выступленнях Першай беларускай трупы прымалі і, кажучы сучаснай мовай, медыйныя ў культурных колах асобы: Чэслаў і Леапольд Родзевічы, Язэп Арлоўскі, Алесь Бурбіс, Цётка, а таксама сам Ігнат Буйніцкі з дочкамі Вандай і Аленай.

Традыцыйна за савецкім часам не было прынята акцэнтаваць увагу на матэрыяльным дабрабыце тых або іншых персаналій айчыннай гісторыі. Ды дзеля справядлівасці варта адзначыць, што Буйніцкі не быў з кагорты людзей бедных: атрымаўшы адукацыю землямера і абслугоўваючы багатыя маёнткі па ўсёй Беларусі, ён за даволі-такі кароткі час зарабіў дастаткова грошай для таго, каб набыць хутар Палівачы каля Празарокаў, дзе і асеў, і дзякуючы яму доўгі час “забяспечваў” матэрыяльны бок існавання свайго калектыву. Звычайна перад гастролямі трупа збіралася ў Буйніцкага ў Палівачах, дзе цягам двух месяцаў рыхтаваўся рэпертуар. Рэпетыцыі і выступленні тэатра ладзіліся ў спецыяльным драўляным памяшканні са сцэнай і лавамі для гледачоў. На працягу ўсяго гэтага часу акцёры знаходзіліся “на ўтрыманні” Буйніцкага. Затым — уласна гастрольная дзейнасць, пад час якой пэўны працэнт выдаткаў пакрываўся за кошт збораў са спектакляў. Аднак паколькі кошты на білеты былі невысокія, адпаведна, і даходы ад гастролей былі мізэрныя. Аднак акцёры, чыя праца аплачвалася па марачным прынцыпе, рэгулярна атрымлівалі за свае выступленні грошы.

Яшчэ адным прывабным для патэнцыйных “спажыўцоў” ходам, які для трупы Буйніцкага быў прынцыповым, сталася актыўнае выкарыстоўванне інтэрактыву: як правіла, выступленні заканчваліся прэзентацыі танцавальнай групы, пасля чаго танцоры выходзілі да гледачоў і ладзілі “чацвёртую частку” — агульныя танцы, пад час якіх кожны з прысутных мог патанчыць з артыстамі Буйніцкага ды і проста прадэманстраваць свой імпэт. Да таго ж, паўсюль, дзе з’яўлялася трупа Буйніцкага, кіраўнік яе імкнуўся ствараць мясцовыя калектывы самадзейнасці па ўзоры свайго, даваў першыя заняткі, а з’язджаючы, пакідаў ім рэпертуар.

Пра тое, што Буйніцкі не змог “зрабіць бізнес” на тэатральнай творчасці, сведчыць той факт, што літаральна за тры гады існавання Першай беларускай трупы ў яго ўзніклі вялікія праблемы з фальваркам у Палівачах, і, адышоўшы ад творчых спраў, ён прадае свой фальварак, асядае ў Празароках і скіроўвае свае намаганні ў бок эканамічнай дзейнасці: засноўвае “Празароцкае Крэдытнае таварыства”.

Пазней неаднойчы рабіліся спробы аднавіць дзейнасць Першай беларускай трупы і вярнуць былую славу калектыву Ігната Буйніцкага. І хаця ніводная з гэтых спроб не завяршылася поспехам, Буйніцкі застаўся ў гісторыі беларускага тэатра як першы айчынны прадзюсар, які зрабіў стаўку на прасоўванне нацыянальнай тэатральнай і музычна-танцавальнай культуры. І — займеў надзвычай заўважныя перспектывы на гэтай ніве.