Малюся я небу…

№ 35 (1057) 01.09.2012 - 07.09.2012 г

Якаў Навуменка рыхтаваўся выканаць песні на вершы Янкі Купалы ў новай праграме "Мая малітва" кампазітара, аранжыроўшчыка і музыканта Алега Молчана. Яна, як плануецца, прагучыць, але ўжо без народнага артыста Беларусі, 13 лістапада ў Канцэртнай зале "Мінск"...

— Самыя шчырыя словы ўдзячнасці, — кажа Алег МОЛЧАН, — я адрасую нашаму Міністэрству культуры і Маладзёжнаму тэатру эстрады, якія дапамагаюць рэалізаваць задуманае. Яшчэ два гады таму міністр культуры Павел Латушка падтрымаў мае намаганні, і зараз відавочна, што ўсё павінна здзейсніцца. У жніўні былі падпісаны дамовы з Маладзёжным тэатрам эстрады, і цяпер збіраецца творчая група, ідзе падбор артыстаў, якія будуць удзельнічаць у прэзентацыі. Ёсць, на жаль, і незаменныя страты. Я кажу зараз не толькі пра Уладзіміра Мулявіна, без якога нельга ўявіць тую ж “Малітву”. Ва ўсіх маіх ранейшых праграмах спяваў Якаў Навуменка. Здавалася, так будзе заўсёды! Але лёс распарадзіўся інакш... Ягоны раптоўны сыход з жыцця будзе адчувальнай стратай. Бо Якаў, як ніхто іншы, цудоўна адчуваў саму прыроду беларускамоўнасці і ўсіх “умоўнасцей” яе песеннага ўвасаблення.

Самі ж звароты да купалаўскіх вершаў, што сталі стрыжнем маёй творчасці, дыктаваліся рознымі прычынамі. Сярод іх — не толькі зачараванасць словам, што натуральна выклікае натхненне, але і жаданне папулярызаваць нашу класіку. У тым ліку — праз песні! Цяперашняя моладзь праз песню тыя вершы пачуе. Мой першы харавы цыкл, напісаны яшчэ ў 1987 годзе, пад час службы ў арміі, быў на словы Янкі Купалы. Адзін нумар адтуль я перапрацаваў у песню, і ён таксама ўпрыгожыць цяперашнюю праграму, якая, спадзяюся, прыцягне ўвагу людзей розных пакаленняў…

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"