Якаў НАВУМЕНКА. Хмара сонца засланіла

№ 35 (1057) 01.09.2012 - 07.09.2012 г

Калектыў Рэдакцыйна-выдавецкай установы "Культура і мастацтва" выказвае шчырыя і глыбокія спачуванні родным і блізкім народнага артыста Беларусі Якава Паўлавіча НАВУМЕНКІ з прычыны заўчаснага скону яго зямного жыцця.

Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка выказаў спачуванні родным, блізкім і калегам народнага артыста Беларусі Якава Навуменкі ў сувязі з яго смерцю. Пра гэта паведаміла Прэс-служба Кіраўніка дзяржавы.

“Усё жыццё Якава Навуменкі было цалкам прысвечана служэнню нацыянальнай культуры. Яго па праве называлі беларускім салаўём і залатым голасам сучаснай эстрады. Надзелены вялікім талентам, бліскучым выканальніцкім майстэрствам і нястрымнай творчай энергіяй, гэты выдатны артыст нязменна захапляў нас сваім мастацтвам, дорачы радасць тысячам прыхільнікаў”, — гаворыцца, у прыватнасці, у спачуванні.

“Я перакананы, што часцінка яго душы, увасобленая ў песнях, назаўсёды застанецца на беларускай зямлі, — адзначыў Аляксандр Лукашэнка. — Светлая памяць пра выдатнага артыста і сапраўднага чалавека Якава Паўлавіча Навуменку ніколі не згасне ў сэрцах беларусаў”.

Цэнтральны камітэт Беларускага прафсаюза работнікаў культуры выказвае глыбокія спачуванні родным і блізкім Якава Паўлавіча НАВУМЕНКІ, народнага артыста Беларусі, вядучага майстра сцэны Нацыянальнага акадэмічнага народнага аркестра Рэспублікі Беларусь імя І.Жыновіча, з прычыны яго смерці.

 

НАВУМЕНКА Якаў Паўлавіч

/i/content/pi/cult/393/7891/12-2.jpeg

Беларускае музычнае мастацтва панесла цяжкую страту.

27 жніўня 2012 года на 54 годзе заўчасна пайшоў з жыцця народны артыст Беларусі, саліст Нацыянальнага акадэмічнага народнага аркестра Рэспублікі Беларусь імя І.Жыновіча НАВУМЕНКА Якаў Паўлавіч.

Навуменка Я.П. нарадзіўся 28 сакавіка 1959 года ў г. Орша Віцебскай вобласці.

З 1985 па 1990 гады працаваў артыстам Дзяржаўнага акадэмічнага народнага хору БССР. Затым, да 1993 г., — артыстам-вакалістам эстрады вышэйшай катэгорыі эстраднай студыі аб’яднання музычных калектываў Нацыянальнай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі Рэспублікі Беларусь. У 1992 г. скончыў Расійскую акадэмію музыкі. З 1993 па 2002 гады Навуменка Я.П. — артыст-вакаліст, вядучы майстар сцэны дзяржаўнай установы “Заслужаны калектыў “Дзяржаўны аркестр сімфанічнай і эстраднай музыкі Рэспублікі Беларусь”. У 2002 — 2004 гадах працаваў артыстам-вакалістам, вядучым майстрам сцэны дзяржаўнай тэатральна-відовішчнай установы “Маладзёжны тэатр эстрады”.

З 2004 года Навуменка Я.П. з’яўляўся салістам Нацыянальнага акадэмічнага народнага аркестра Рэспублікі Беларусь імя І.Жыновіча.

Працаздольнасць, талент, высокі прафесійны ўзровень зрабілі Навуменку Я.П. адным з самых любімых і папулярных спевакоў у краіне. Артыст умеў знайсці песню і данесці яе да слухача, глыбока і цікава раскрыць яе змест. Народныя песні і песні беларускіх кампазітараў Ю.Семянякі, І.Лучанка, Л.Захлеўнага, В.Раінчыка, А.Молчана і інш. у выкананні спевака сталі любімымі і папулярнымі не толькі ў Беларусі, але і далёка за яе межамі. Навуменку Я.П. як выканаўцу былі аднолькава блізкія суровая героіка і высокая грамадзянскасць, мяккая лірыка і тонкі гумар.

Навуменка Я.П. — аўтар шматлікіх папулярных песень, сярод якіх — “Ночка-чараўніца”, “Колькі год Беларусі”, “Родны Мінск”, “Хто мае хату” і многіх іншых.

У 1997 годзе Навуменку Я.П. было прысвоена ганаровае званне “Заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь”, у 2011 — “Народны артыст Беларусі”.

Гэтымі днямі грамадскасць развітваецца з выдатным спеваком Навуменкам Я.П. Яго жыццёвы шлях — прыклад адданага, сумленнага служэння нацыянальнаму музычнаму мастацтву. Ягоная творчасць — яркая старонка беларускай культуры. Светлая памяць пра Якава Паўлавіча надоўга застанецца ў сэрцах і памяці родных, блізкіх, сяброў, калег, слухачоў.

Латушка П.П., Гарбар А.В., Дрынеўскі М.П., Зарыцкі Э.Б., Захлеўны Л.К., Казінец М.А., Лучанок І.М., Паплаўская Я.К., Раінчык В.П., Фінберг М.Я., Ціхановіч А.Р., Ярмоленка А.І., члены калегіі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь

 

27 жніўня беларускае музычнае мастацтва панесла вялікую страту: пайшоў з жыцця выдатны дзеяч нацыянальнай культуры, таленавіты спявак, народны артыст Беларусі Якаў Паўлавіч НАВУМЕНКА.

Якаў Навуменка нарадзіўся 28 сакавіка 1959 года ў г. Орша Віцебскай вобласці. Свой шлях на вялікую сцэну ён пачаў у 1984-м, калі прыйшоў працаваць артыстам-вакалістам у ансамбль народнай музыкі Беларускай дзяржаўнай філармоніі. Потым была вучоба ў Расійскай акадэміі музыкі па спецыяльнасці “Сольныя народныя спевы” і праца ў якасці саліста ў вядомых музычных калектывах краіны. Апошнія восем гадоў Якаў Паўлавіч працаваў у Нацыянальным акадэмічным народным аркестры Рэспублікі Беларусь імя І.Жыновіча Белдзяржфілармоніі. У 2011-м Якаву Навуменку было прысвоена ганаровае званне “Народны артыст Беларусі”.

Высокі прафесіянал, надзвычай высакародны і спагадлівы чалавек, Якаў Навуменка быў адным з самых любімых і папулярных спевакоў у краіне. Народныя песні ды песні беларускіх кампазітараў у выкананні майстра вызначаліся асаблівай цеплынёй, шчырасцю і душэўнасцю, нібыта яго голасам спявала сама Беларусь. І вось, калі яго звонкая песня загучала на поўную сілу, лёс вырашыў па-іншаму: зямны шлях артыста нечакана абарваўся…

Калегі артыста, супрацоўнікі Белдзяржфілармоніі, музыканты Нацыянальнага акадэмічнага народнага аркестра Рэспублікі Беларусь імя І.Жыновіча смуткуюць з прычыны смерці Якава Паўлавіча Навуменкі і выказваюць шчырыя спачуванні яго родным і блізкім.

Хай светлае неба возьме і сагрэе яго ўзнёслую душу.

Калектыў Белдзяржфілармоніі


Хмара сонца засланіла

Ён любіў роднае беларускае слова...

/i/content/pi/cult/393/7891/12-1.jpeg

Закацілася яснае сонейка… Гэтыя словы — акурат пра Якава Навуменку. Бо ягоная сонечнасць — голасу, спеваў, характару, усмешкі, бляску ў вачах — не ведала межаў. Мо таму, што ён не баяўся дарыць сваю цеплыню і шчырасць творчай натуры — усім і кожнаму. Сонейка не выбірае, каму свяціць, а каму — не...

Памятаю, як на адным са “Славянскіх базараў у Віцебску” наш зорны саліст прэзентаваў свой чарговы кампакт-дыск. Вядома, што расійскія акулы пяра, якія згаладаліся па магчымасці паказаць вострыя зубкі, тут жа накінуліся на яго: маўляў, і тое не так, і гэта не гэтак! А ён — хоць бы “рыкнуў” у адказ. Не, толькі сумна-вінавата ўсміхаўся: не апраўдаў, маўляў, я вашы спадзяванні, дык што ж рабіць? Тым разам яго абаранілі беларускія крытыкі ды журналісты. А вось у Севастопалі, дзе разыгралася трагедыя, бараніць было няма каму. Сам жа ён заўсёды заставаўся кранальна-безабаронным, цалкам аддаючыся сваёй справе, а не “разборкам” вакол асоб шоу-бізнесу.

Такімі ж былі і ягоныя песні. Ініцыяваў ён і правядзенне конкурсу на стварэнне новых беларускіх песень. І сам паказваў тым прыклад! Беларускамоўнага рэпертуару ім створана і запісана — безліч. У свой час на радыё літаральна штотыдзень можна было запускаць у эфір па адной-дзве, а то і па тры яго новыя песні. Ягонага, падкрэслю, аўтарства, уключаючы аранжыроўку, а не проста ім праспяваныя. На ўсе кпіны наконт надта вялікай прадуктыўнасці (бо калі піша шмат — значыць, як некаторыя лічылі, непатрабавальны да сваёй творчасці) ён таксама толькі ўсміхаўся: “А што, як заўтра той песенны паток перастане фантанаваць? Не, трэба працаваць, пакуль працуецца”.

Працаваў ён і на ўласнай сядзібе: пабудаваў дом у Жодзіне, бліжэй да прыроды. Там шмат што зроблена яго рукамі. Дый уласна вакальнага даўгалецця яму хапіла б на некалькі пакаленняў. Пасля Мінскага музычнага вучылішча (цяпер — каледжа) навучаўся ў Маскве. І навучыўся спяваць так, што не ведаў у голасе стомы, той заўсёды гучаў роўна, без аніякіх праблем, кранаючы сваёй цёплай, прамяністай сонечнасцю.

Яму б і праўда — спяваць ды спяваць! З Нацыянальным акадэмічным народным аркестрам імя І.Жыновіча, у складзе якога ён працаваў апошнія гады, з іншымі творчымі калектывамі ды салістамі. Але засталіся тыя спевы хіба ў запісе. У нашай памяці. І, галоўнае, у сэрцах...

“Культура"ўцы далучаюцца да ўсіх, хто прыйшоў праводзіць “самага народнага” артыста ў апошні шлях. Дадамо, апошні — на зямлі. І доўгі да бясконцасці — у нашых душах…