“Exit-II” і кінакласіка

№ 35 (1057) 01.09.2012 - 07.09.2012 г

Шэраг імпрэз адбудзецца на пачатку верасня ў Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва.

Так, 4 верасня ў Вялікай зале ўстановы адбудзецца адкрыццё выставачнага праекта “Exit-II”. Ён па словах арганізатараў, — своеасаблівае выйсце ў прастору страхаў і “цёмных бакоў” чалавека. Пяць класічных кінастужак эпохі экспрэсіянізму — “Метропаліс”, “Рукі Орлака”, “Голем, як ён прыйшоў у свет”, “Кабінет доктара Калігары” і “Насферату. Сімфонія жаху” — былі прапанаваны беларускім мастакам і музыкантам у якасці матэрыялу для даследавання.

У гэтым праекце тэмы ды матывы кінаэкспрэсіянізму выходзяць са сваёй архаічнай, звыклай для нас, формы і праз гэта набываюць новыя сэнсавыя адценні. З іншага боку, кінаматэрыял, што так адкрыта і непасрэдна ўзнімае “няўтульныя” тэмы, мастакі і музыканты выкарыстоўваюць як выйсце ў прастору нашых уласных страхаў.

Прадстаўленыя на выстаўцы жывапісныя і аб’ектныя інсталяцыі беларускіх мастакоў прадэманструюць розныя мадэлі ўзаемадзеяння творцаў з кінатэкстамі: ад работы з візуальным блокам, спроб перакласці яго на сучасную мастацкую мову да канцэптуальнай працы з тэмамі ды персанажамі.