Палескі практыкум шчырасці

№ 35 (1057) 01.09.2012 - 07.09.2012 г

Рэха “Поклічу Палесся”

24 — 25 жніўня на Петрыкаўшчыне прайшоў II Фестываль этнакультурных традыцый “Покліч Палесся”. У яго мерапрыемствах прымаў удзел Прэзідэнт краіны Аляксандр Лукашэнка.

“К” пацікавілася, наколькі карысным сталася мерапрыемства для аддзелаў культуры палескага краю.

— Гэта быў не проста шчыры абмен вопытам мэтанакіраванай этнакультурнай дзейнасці, — зазначыла начальнік аддзела культуры Мазырскага райвыканкама Ірына Міронычава. — Мы ў чарговы раз пабывалі на практыкуме па наладжванні цікавай і эфектыўнай работы цэнтраў рамёстваў, самых разнастайных экалагічных суполак, што вынікова працуюць не толькі на Мазыршчыне, але і ў іншых палескіх рэгіёнах...

Работнікі культуры Мазырскага раёна прэзентавалі на фестывалі майстэрства лозапляцення, уласцівае менавіта Мазыршчыне. А вось культасветнікі з Пінскага раёна прадставілі вытокі і дзень сённяшні мясцовага ткацкага рамяства.

— Народны калектыў “Дабраславачка” прэзентаваў на форуме абрад часання лёну, — паведаміла начальнік аддзела культуры Пінскага райвыканкама Тамара Лебядзеўская. — Прадставілі не толькі рамесніцкую традыцыю, але і аўтэнтычныя народныя строі, танцы, песні...

Выснова адзіная: фестываль “Покліч Палесся” — прыгожы, карысны і з’яўляецца ўзорам адраджэння, захавання ды развіцця ўнікальных палескіх традыцый, што знаходзяць сёння яркае адлюстраванне і ў працоўным будні, і ў святочным адпачынку.