Адзначаны “Купідонам”

№ 35 (1057) 01.09.2012 - 07.09.2012 г

2 верасня, пад час Дня беларускага пісьменства, у Глыбокім будуць ушанаваны пераможцы Рэспубліканскага літаратурнага конкурсу “Лепшы твор 2011 года”. Ім уручаць лаўрэацкія дыпломы, статуэтку “Залаты Купідон” і грашовыя ўзнагароджанні.

Арганізатары конкурсу — Міністэрства культуры і Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь, Саюз пісьменнікаў Беларусі і Мінгарвыканкам. Нацыянальная акадэмія навук Беларусі каардынавала конкурсную дзейнасць. Старшыня журы — вядучы навуковы супрацоўнік Інстытута мовы і літаратуры НАН Беларусі, доктар філалагічных навук Іван Саверчанка.

Конкурс праходзіў па дзесяці намінацыях. У намінацыі “Паэзія” І месца прысуджана Алегу Салтуку за зборнік вершаў “Дзве зары”, у намінацыі “Проза” — Мікалаю Ільінскаму за раманы “Братья по крови”, “Последняя ладья Викингов”, “Воины-хранители”, у намінацыі “Публіцыстыка” — Славаміру Антановічу за кнігу пра заслужаных людзей рэспублікі “Судьба до востребования”.

Першае месца ў намінацыі “Дзіцячая літаратура” заняў Мікола Маляўка за кнігу “Коласаў абярэг”, у намінацыі “Крытыка і літаратуразнаўства” — Зіновій Прыгодзіч за творчыя партрэты дзеячаў беларускай літаратуры і культуры “Постаці”, у намінацыі “Драматургія” — Фёдар Палачанін за кнігу п’ес “Зраненае сэрца”, у намінацыі “Краязнаўчая +літаратура” — Анатоль Статкевіч-Чабаганаў за летапіс беларускай шляхты “Я — сын ваш”, у намінацыі “Гумар і сатыра” — Юлія Зарэцкая за кнігу “Шчаслівыя людзі”, у намінацыі “Жанр перакладу” — Уладзімір Скарынкін за пераклады твораў Дантэ Аліг’еры, Франчэска Петраркі, у намінацыі “Песенны жанр” — Іван Юркін за цыкл патрыятычных песень.