Куба вітае Алену

№ 35 (1057) 01.09.2012 - 07.09.2012 г

Сярэбраны медаль на Міжнародным фестывалі “Цырк Куба-2012” атрымала артыстка Белдзяржцырка Алена Кулікова.

Нумар “Паветранае кольца” прынёс беларускай паветранай гімнастцы ІІ месца на прэстыжным цыркавым форуме і званне найпрыгажэйшай артысткі фестывалю.

Беларускай публіцы Алена вядомая па нумарах “Паветраная гімнастка” і “Дубцы”, у якіх дзяўчына дэманструе разнапланавыя амплуа: ад Жанчыны-коткі — нумар з дубцамі, — да аблічча пяшчотнай ружы, у якім артыстка ў яркім касцюме на абручы ў паветры здзяйсняе відовішчныя трукі. У Гаване, дзе ладзіўся міжнародны форум, Алена спынілася на другім варыянце — і скарыла публіку ды журы, у якім, дарэчы, ад Беларусі быў наш Серж Бандарчук. Разам з прызнаннем прафесійных якасцей гімнасткі, эфектнасці нумара, трэба аддаць належнае і прыгажосці артысткі беларускага цырка.

Абысці нумар Алены на міжнародным фестывалі ўдалося толькі кітайскім артыстам, якія шырока вядомыя свету сваёй бездакорнай тэхнікай выканання. Усяго ў форуме “Цырк Куба-2012” прынялі ўдзел звыш 20 краін.

Д.А.