Імпрэза для Турава

№ 35 (1057) 01.09.2012 - 07.09.2012 г

7 верасня ў Тураве адбудзецца VIII Імпрэза камернай і духоўнай музыкі “Тураў”.

Мерапрыемства арганізавана Гомельскім аблвыканкамам і рэгіянальным упраўленнем культуры, Жыткавіцкім райвыканкамам, Тураўскім гарсаветам, Нацыянальным акадэмічным канцэртным аркестрам Беларусі пры падтрымцы Міністэрства культуры краіны.

Акцыя будзе зладжана як у Жыткавічах, так і ў Тураве. Сёлетняя назва мерапрыемства - "У гонар Кірылы Тураўскага: музыка славянскага адзінства". Пад час імпрэзы прагучаць творы Міхаіла Глінкі, Пятра Чайкоўскага, Міхала Агінскага і многіх іншых знакамітасцей, што выканаюць творчыя калектывы Нацыянальнага акадэмічнага канцэртнага аркестра Беларусі.

Сцэнарый тураўскай імпрэзы прапануе наведвальнікам разнастайную праграму. Напрыклад, майстар-клас і цікавы канцэрт зладзіць адноўлены струнны квартэт аркестра, для наведвальнікаў адкрыецца мастацкая выстаўка, а на сваё выступленне запросіць гасцей Заслужаны аматарскі калектыў народнага хору Тураўскага ГДК.

Завершыцца свята лірычным канцэртам "У час адпачынку", у якім прымуць удзел Нацыянальны акадэмічны канцэртны аркестр Беларусі і салісты калектыву - лаўрэаты міжнародных і рэспубліканскіх конкурсаў.

Ю.Ч.